30 гадоў таму Беларускі тэатр «Лялька» паказаў свой самы першы спектакль

Лялька, Віцебск, Каржанеўскі Культура

У нашай размове з Аляксандрам Маханьковым вядучы акцёр тэатра ўспамінае пра гісторыю пастаноўкі спектакля «Дзед і Жораў», артыстаў першага складу трупы і распавядае пра тэатральныя традыцыі.

Лялька, Віцебск, Каржанеўскі
«Дзед і Жораў». Фота з архіву тэатра

Разглядаючы тую першую афішу першага спектакля, прэм’ера якога адбылася 20 красавіка 1986 года, мы можам адзначыць цікавыя дэталі, якія за даўнасцю часу маглі сцерціся з памяці сучаснікаў. Па-першае, мы пакуль не бачым самой назвы «Лялька». Па-другое, лялечны тэатр, як сведчыць старая афіша, яшчэ знаходзіцца «пад эгідай» Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, і Віктар Клімчук стаіць пакуль толькі ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка. Таксама, вядома ж, шэраг пазнавальных прыкмет, якія адносяць афішу да часоў СССР

афіша, Лялька, Віцебск, Каржанеўскі
Першая афіша. Фота з архіву тэатра

Ёсць, аднак, два старажылы тэатра, якія валодаюць ў ім заслужаным і беспярэчным аўтарытэтам, і могуць, што называецца, «успомніць усё», ад самага пачатку. Гэта яго мастацкі кіраўнік Віктар Клімчук і акцёр Аляксандр Маханькоў. Напярэдадні гэтага значнага дня мы сустрэліся з Аляксандрам Маханьковым, які раскрыў шэраг цікавых падрабязнасцяў станаўлення Беларускага тэатра «Лялька» і аддаў належнае тым, хто стаяў у вытокаў яго стварэння, увасобіў першыя ролі і браў з ім новыя творчыя вышыні.

– Што стаяла ў аснове стварэння Беларускага тэатра «Лялька», у чым тады бачылі сутнасць гэтага праекта?

А. Маханькоў. Мой погляд на гэта пытанне, ён, зразумела, асабісты… Я так разумею, была нейкая ўстаноўка, што ў кожным абласным цэнтры павінен быць тэатр лялек. Як гэта зрабіць – вырашалі ўжо тут і на месцы. І наколькі я разумею, вырашылі так: на базе драматычнага тэатра на першы час зрабіць лялечную трупу. А за ідэю гэтую браліся галоўны рэжысёр тэатра імя Якуба Коласа Валерый Мазынскі і дырэктар Геральд Асвяцінскі. У часы іх кіраўніцтва гэты тэатр быў сапраўды вялікі. І вось вырашылі яны зрабіць лялечную трупу. Паўсталі пытанні: хто будзе рэжысёр, хто будзе мастак, хто будзе рабіць лялькі, якія ніхто не ведае, як рабіць?.. Нават, хто швачка будзе, хто пашые на ляльку строй?..

Нарэшце, сустрэліся з Віктарам Клімчуком, відаць, там сур’ёзная была размова, і вось вырашылі, што Віктар Ігнатавіч Клімчук – гэта чалавек, які ўзначаліць установу. Потым знайшлі выпускніцу Тэатральна-мастацкага інстытута Вольгу Корзун, у яе было размеркаванне. І яе размеркавалі сюды да нас. І знайшоўся Юрась Сяменчанка, гэта выдатны акцёр-куклавод, ён у той час працаваў у Белгарадзе. Далей Віктар Ігнатавіч пайшоў у культасветвучылішча і там на базе курса адглядзеў накалькіх чалавек. А потым зрабілі конкурс і дабралі яшчэ двух: гэта быў я і Святлана Лунёва. Было тры туры, спачатку адбіралі са шмат, потым з меньшай колькасці, і нарэшце, засталіся толькі мы. Пачалі таксама шукаць майстроў, і знайшлі ў Магілёве сям’ю Левенковых, лялечную швачку і бутафора-механіка, які рабіў нам лялькі. Горад пад гэтую справу даў квартэры. А вось гэта ўжо сур’ёзна… Таму што, каб запрасіць спецоў, ім трэба недзе было жыць…

Вось так гэта пачыналася… Быць упэўненым, што ўсё магло здарыцца альбо не здарыцца, ніхто не мог. Напрыклад, што датычыць мяне як акцёра, то маглі здаць спектакль і сказаць, што вось ты застанешся, альбо іншае, што ў цябе нічтога не атрымалася, да пабачэння. «Дзед і Жораў» Віталя Вольскага ўзнік у якасці нацыянальной п’есы.

Лялька, Віцебск, Каржанеўскі
«Дзед і Жораў». Фота з архіву тэатра

– Вы працуеце ў тэатры з самага пачатку яго існавання. Як усё для Вас пачалося і што гэтаму папярэднiчала?

А. Маханькоў. Я вучыўся ў Культасветвучылішчы, потым пайшоў у войска, адслужыў, вярнуўся і давучыўся, пасля чаго паехаў па раскладу працаваць у Дуброўна, дзе працаваў у Раённым доме культуры. Даведаўся, што будзе трупа і ёсць магчымасць туды паступіць. Канешне, нічога пра лялек я не ведаў, проста прыехаў, удзельнічаў у конкурсе, прайшоў яго і быў абраны. Усё вельмі проста…

Віцебск, Культасветвучылішча, Маханькоў, Шарстнёва, Каржанеўскі
Аляксандр Маханькоў і выкладчык рэжысуры віцебскага Культасветвучылішча Галіна Шарстнёва. Фота з архіву А. Маханькова

– Хто з таго часу застаўся ў цяперашнім складзе трупы?

А. Маханькоў. З першага – толькі я. Потым праз год з’явіліся Юрась Франкоў і Ніна Шабанава. Яны прыйшлі з Магілёва як ужо прафесійныя людзі і атрымалі квартэры. Я таксама атрымаў. Гэта вялікае дзякуй гораду.

Мне, канешне, вельмі шкада, што так ці інакш пайшлі акцёры, якія працавалі з самага пачатку. Алёна Мажэйка, выдатная актрыса, але так склалася, што яна выйшла замуж за акцёра Юрася Куліка і паехала за ім у Мінск. Святлана Лунёва з’ехала са сваім мужам, нашым былым манціроўшчыкам, у Ірландыю. Уладзімір Бублякоў зараз жыве ў Адэсе. Лёс развадзіў, і вось яно так… Усіх некуды павяло, але ж калі сустракаемся, то заўсёды ўспамінаем ўсё з цеплынёй. І прыемна бычыць гэтых людзей, бо я з імі перажыў хвіліны сапраўды творчага шчасця.

Лялька, Віцебск, Каржанеўскі
«Лялька» падчас гарадскога свята. Фота Георгія Каржанеўскага

– А як тэатр атрымаў вось гэтую «квартэру», гэты яго цяперашні будынак?..

А. Маханькоў. Спачатку мы былі пры коласаўскім тэатры, але потым Віктар Клімчук слушна зразумеў, што прыйшоў час нам «разбягацца». Пэўна, ён пераканаўся, што мы набралі нешта такое творчае і можам быць самастойным тэатрам. І мы сышлі ў памяшканне будынку былога РДК, потым перайшлі ў Філармонію, і далей – у будынак побач з цяперашнім нашым, на вуліцы Пушкіна, 4. Калі мы ўжо павінны былі ўсяляцца сюды, то нават на страйк выходзілі, бо з яго вельмі цяжка з’язджалі папярэднія «жыхары» гаркама партыі. Мы іх крыху падштурхнулі, бо тут таксама яшчэ трэба было рабіць рэканструкцыю. Сёння пра такое і немагчыма марыць…

Лялька, Віцебск, Каржанеўскі
Побач з цяперашняй «Лялькай» – будынак, дзе раней існаваў тэатр і размяшчаліся акцёры. Фота Георгія Каржанеўскага

– Першым спектаклем новага тэатра быў «Дзед і Жораў». Чаму менавіта ён, як усё складвалася з рэпетыцыйным працэсам?

А. Маханькоў. Віталь Вольскі і «Дзед і Жораў» – гэта беларуская класіка, тут не шмат і думалі. Тое, што наш тэатр стане беларускім, было вырашана ад пачатку. Ідэя складалася такая, што драматычны тэатр мае трупу, яна выконвае дзіцячыя спектаклі, і мы рыхтуем гледача для дарослай сцэны. Гэта было ўсім выгодна: мы прывучаем да мовы, да культуры, і ў той жа будынак дзеці пойдуць, калі падрастуць.

Як гэта адбывалася… З усіх людзей – Юрась Сяменчанка, Вольга Корзун, Алёна Мажэйка, Таццяна Атарава, Уладзімір Бублякоў, Святлана Лунёва і Алесь Маханькоў – нас сямёра было, а лялечнікаў толькі два чалавекі. І нас трэба было вучыць, што такое лялькаваджэнне, увогуле, што такое лялечны тэатр, бо наша адукаванне – культасветвучылішча, а мы рыхтаваліся як клубныя працаўнікі. Зразумела, што адукацыі нам не хапала, і я памятаю, як Віктар Клімчук крычаў: «Кулёк!!!» Пасля кожнай фразы мы ставілі кропкі, і гэтак далей, і там да нас былі пэўныя пытанні. І гэтая вялікая зала драматычнага тэатра, трэба было данесці тэкст, а ў нас шырмавы спектакль, нам паставілі фанеру, праз яе гук не ляціць, яго трэба перакідваць, ніякіх падгучак у той час не існавала. Але ж нам казалі: «Вы павінны гэта рабіць, вы акцёры». Само нават вывучэнне беларускай мовы, мы не вельмі яе ведалі. І тут усё саўпала, у нас паўгода да абеду былі заняткі беларускай мовай, сцэнічнай мовай, лялькаваджэннем і ўвогуле – разуменнем прафесіі. А пасля абеду, мы ўжо развадзілі спектакль, рабілі нашы ролі.

Лялька, Віцебск, Маханькоў, Каржанеўскі
Яны былі першымі… Фота з архіву тэатра

Пра сябе магу сказаць, што мне вельмі дапамог, ды і ўсім нам, Юрась Сяменчанка. Ён меў выдатнейшую лялечную школу ( гэта тэатральнае вучылішча ў Яраслаўлі) і тлумачыў нам шмат чаго. Складана прыходзілася, лялькі былі вялікія, таму што вялікая сцэна, і вельмі цяжкія. А у мяне там было яшчэ дзве ролі: роля Пана і роля Папа, і я павінен усё гэта па голасу развесці.

І вось мы паказалі спектакль на мастацкую раду, і яна аказалася вельмі непростая. Як бы да нас добра паставіліся, што вы маладыя, малайцы, але ж падымаліся і пэўныя пытанні. І Мазынскі сказаў: «Алесь, я не ведаю, што ў цябе будзе, бо саўпадаюць галасы. Пан і Поп, і я чую, што гэта адзін чалавек». І я памятаю, што выпраўляў гэта, вельмі перажываў, і ўжо назаўтра ад яго камплімент быў, што малайчына, за адну ноч зразумеў…

Усім нам прыходзілася нялёгка. Мы павінны былі зразумець: атрымаўся у нас спектакль ці не. Калі так, то кожны з нас застанецца, бо мы зрабілі сваю працу добра. Ці некаму скажуць «дзякуй» і возьмуць кагосьці на яго месца. Увогуле, ці атрымаецца трупа з выхадам спектакля?.. Было шмат пытанняў… Калі паставіцца на месца Віктара Клімчука (ён, дарэчы, быў яшчэ зусім малады чалавек), і ўзяць такое на сябе, і гэта ўсё пацягнуць… Тут таксама смеласць Асвяцінскага і Мазынскага, якія запрасілі нейкіх людзей. Столькі было супадзенняў… Але ж ўсё атрымалася.

Лялька, Вольскі, Каржанеўскі
«Дзед і Жораў». Фота з архіву тэатра

– Якая роля мастацкага кіраўніка Віктара Клімчука ў станаўленні тэатра і здабыцці ім ўласнага непаўторнага аблічча?

А. Маханькоў. Я не буду арыгінальным. Усё тое, што мы сёння маем – гэта Клімчук. Прыехаў чалавек, сям’я яго была ў Валгаградзе, ён ставіў многа дзе спектаклі і шукаў месца, дзе будзе працаваць рэжысёрам. І вось прыбыў сюды. Ён беларус, але, наколькі я разумею, большую частку жыцця дагэтуль правёў у Расіі і Украіне. Вось і можна падумаць, як чалавеку прыехаць, і з «нуля» рабіць свой тэатр.

Што мне падабаецца, і я сёння гэта нават проста па-чалавечы разумею, ён, відаць, нешта такое спазнаў… Я так уяўляю сабе, што ён бачыў не адзін тэатр, і мне здаецца, што гэты чалавек узяў усё лепшае, што мог узяць, каб зрабіць тэатр ужо тут. Ён стварыў некалькі традыцый у «Ляльцы». Першая традыцыя – гэта стаўленне да працы. У нас няма акцёраў, якія могуць выйсці на сцэну п’янымі, альбо нават «пад шафэ». Такога няма. Не прынята валяць дурака на сцэне. Побач з табой сур’ёзныя акцёры і сама зала, калі метр – і ўжо вочы гледача, ён цябе бачыць, у якім ты стане.

Лялька, Віцебск, Каржанеўскі
Выгляд з глядзельнай залы. Фота Георгія Каржанеўскага

Тое, што мы на спектакль прыходзім за гадзіну, альбо за 45 хвілін, альбо за паўтары гадзіны… Калі спектакль складаны і там ёсць спевы, танцы, мы гэта абавязкова ўсё праходзім. Я прыхажу на працу, там ляжыць папера, і мы распісваемся. І роўна за 45 гадзін гэтую паперу забіраюць, і калі я там не распісаўся, у мяне будуць пэўныя праблемы. Гэта з першага дня і па сённяшні. У нас увогуле, хто сюды трапіў, яны шчаслівыя ў тым сэнсе, што ніхто не спіўся, бо гэта немагчыма. Няма такога, каб скончыўся спектакль, і мы яшчэ тут «крышку пасядзелi». Трэба яшчэ разумець, што цвярозы партнёр на сцэне і «не вельмі цвярозы» – гэта дзве вялікія розніцы. А што такое тэатр – гэта партнёр. Як у разведку… Не з кожным ты пойдзеш. У нас былі часам «пытанні» гэтыя, але ж Віктар Ігнатавіч проста «выразаў», звальняў людзей.

Клімчук, Лялька, Каржанеўскі, Віцебск
Віктар Клімчук. Фото Георгія Каржанеўскага

Ён заўсёды меў чалавечую адвагу, калі адстойваў інтарэсы тэатра. Калі з нашага цяперашняга будыку высяляўся гаркам партыі, яны так марудна гэта рабілі, што мы пайшлі на страйк, і Валерый Мазынскі з намі пайшоў. Не Клімчук, не Мазынскі не хваляваліся, што з імі будзе. Нас вызываў тады першы сакратар абкама партыі Уладзімір Грыгор’еў і размаўляў з намі, і дапамагаў нам. Потым Клімчук і Грыгор’еў нават сябравалі. Віктар Ігнатавіч быў у яго на выбарах даверанай асобай. Яны разумелі адзін аднаго.

Таму, калі мы размаўляем пра тое, што такое наш тэатр, тут можаце смяяцца, але ж як казаў Уладзімір Маякоўскі: «Мы говорим Ленин, подразумеваем – партия…» Усё тое, што па сённяшні дзень прадумваецца, гэта, зразумела, ён. Віктар Клімчук заўсёды меў такую моц, што нічога не баяўся, і гэта дастойна чалавечай, мужчынскай павагі. Ён ніколі не гнуўся – вельмі добрая чалавечая якасць.

Клімчук, Акружная, Віцебск, Лялька, Каржанеўскі, тэатр
Народная артыстка Беларусі Святлана Акружная і Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Клімчук. Фота Георгія Каржанеўскага

– Акрамя дзіцячых спектакляў, тэатр Лялька вядомы і спектаклямі для дарослай аўдыторыі. Ды і дзіцячыя спектаклі таксама напоўненыя значным філасофскім сэнсам. Як вы прыйшлі да дарослых пастановак?

А. Маханькоў. Вельмі значная роля ў гэтым належала нашаму мастаку Аляксандру Сідараву, а таксама яго жонцы, чарговаму мастаку Анне Сідаравай. Калі яны прыйшлі ў тэатр, мне здаецца, што ў Віктара Клімчука склалася канчатковае абгрунтаванне, што з такімі мастакамі можна ісці далей. З іх прыходам тэатр прыдбаў новых подых. Яны прынеслі піцерскую культуру, лялечнасць. А да гэтага ў нас былі вельмі розныя мастакі, і вось раптам прыходзіць твой… Аляксандр і Анна Сідарава з’ехалі з Іванава, каб быць мастакамі тут. Таксама Віктар Ігнатавіч выбіў ім квартэру, каб яны засталіся. Аляксандр Сяргеевіч Сідараў меў вельмі значны аўтарытэт ў тэатры, гэта быў «розум, гонар, і сумленне усёй нашай эпохі». Ён быў настолькі інтелігентны чалавек, што пры ім ва ўсіх нейкія якасці не вельмі добрыя проста адыходзілі. Шкада, што Аляксандр Сяргеевіч сыйшоў на пенсію, але мы тэлефануем адно аднаму, і я ганаруся, што ў сваім жыцці ведаю такога чалавека.

Маханькоў, Маханькова, Лялька, Каржанеўскі
Вольга Маханькова і Аляксандр Маханькоў у спектаклі «Дзядзька Ваня і сястры тры». Фота Георгія Каржанеўскага

– Як Вы бачыце далейшыя перспектывы тэатра, што складваюцца сёння?

А. Маханькоў. Нам удалося ажыццявіць мэту, каб горад ведаў, што ёсць такі тэатр. Напэўна, год сем з пачатку існавання мы даказывалі, што мы ёсць, мы тут, мы творчая адзінка. Наступнай у нас была ідэя заваяваць Еўропу. І мы паехалі ў Польшчу, у Нямеччыну, у Францію, у Турцыю, Егіпет, Іран, Туніс, Чарнагорыю і гэтак далей. Тэатр выйшаў за межы краіны і мы сапраўды заявілі пра сябе. Таму ёсць доказы. Потым – спектаклі для дарослых, калі мы пачалі ажыццяўляць гэтую ідэю. Сёння мне здаецца, што тэатр стаіць на вельмі значным парозе. Трупа амаль на палову амаладзілася. І я так думаю, што гэтым маладым хлопцам і дзяўчатам трэба аддаць традыцыі. Разумна і цвяроза трэба сабе сказаць: ніхто тут не вечна, продзе хуткі час, і ты ўжо пойдзеш. Што ты пакінеш пасля сабе?

Маханькоў, Лялька, Каржанеўскі
Аляксандр Маханькоў у спектаклі «Дзядзька Ваня і сястры тры». Фота Георгія Каржанеўскага

Менавіта ў мяне яшчэ ёсць вучні. Я крыху працую у Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў, і, з большага, тыя, хто прыходзіць, мясцовыя, яны вучыліся ў мяне. Мне гэта прыемна. Вы ведаеце, ёсць такая акцёрская «жаба», што нехта зрабіў ролю, а ты думаеш – гэта мая, альбо я б зрабіў лепей. Але калі ты бачыш сваіх былых вучняў, надыходзіць проста чыстая радасць і больш нічога. А калі ёсць пытанні, я маю права падысці і сказаць: «Ты што робіш?..» Вось да іншага – не заўсёды трэба і ёмка. А былому вучню сказаць можаш, і я ведаю, што гэты чалавек не стане на мяне крыўдзіцца, бо тыя былыя адносіны, яны ідуць і зараз. Гэта абавязвае…

Маханькоў, Віцебск, Каржанеўскі
Спектакль пад кіраўніцтвам Аляксандра Маханькова ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў. Фота Георгія Каржанеўскага
Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий