“Горад клоўна Піка”: стварэнне ўласнага сусвету

Беларускі тэатр “Лялька” распачаў свой 30-ы юбілейны сезон прэм’ерай спектакля для дзяцей.

DSCN6040

Аб адкрыцці новага тэатральнага сезона можна было даведацца ў тым ліку дзякуючы сродкам вонкавай рэкламы ў горадзе. 27 верасня ў рамках гэтага адкрыцця адбылася прэм’ера спектакля “Горад клоўна Піка”, які стаў рэжысёрскім дэбютам для Міхаіла Клімчука, вядомага віцебскім гледачам у якасці выдатнага акцёра. У выніку можна сказаць, што Міхаіл Клімчук таксама адбыўся ў якасці рэжысёра. “Горад клоўна Піка” аб’яднаў у сабе відовішчнасць і глыбокі філасофскі сэнс, што так характэрна для Беларускага тэатра “Лялька”.

DSCN6103

У спектаклі задзейнічаны маладыя акцёры тэатра: Сяргей Талкач, Дар’я Зімніцкая, Марыя Кавалёва, Валерый Зімніцкі, Аляксандр Казлоў, Марына Марозава. Ім удалося стварыць сапраўды яркія і пераканаўчыя вобразы, якія атрымалі вялікі эмацыйны водгук у маленькіх гледачоў. Немагчыма было не захапляцца кабылкай Го ў выкананні Дар’і Зімніцкай ці не спачуваць Льву, вобраз якога перадаў Валерый Зімніцкі. І, вядома ж, роля добрага і мудрага клоўна Піка – несумненны творчы поспех Сяргея Талкача. На працягу ўсяго спектакля акцёры ўзаемадзейнічаюць з маленькімі гледачамі, залучаючы іх у працэс сцэнічнага дзеяння.

DSCN6037

Горад, які стварае клоўн Пік, з’яўляецца сімвалам светабудовы, упарадкаванага сусвету. Нездарма, згодна п’есе Міхаіла Барценева, па якой быў пастаўлены спектакль, папярэдні цырк клоўна Піка згарэў. Гэта паказвае, што рана ці позна кожны сутыкаецца з неабходнасцю ажыццяўлення працэсу асабістай індывідуацыі, пераходу ад існавання ў неадметным калектыўным цэлым да асабістай усвядомленасці. І гэтая усвядомленасць непарыўна звязана з актуалізацыяй творчага імпульсу чалавека, раскрыццём у сабе ўласцівасцяў любові, дабрадзейнасці, высакароднасці ў адносінах да навакольнага свету. Спектакль ненадакучліва, праз забаўляльныя сродкі, перадае гэтыя імпульсы маленькаму гледачу, ажыццяўляючы важную выхаваўчую функцыю.

DSCN5990

Клоўн Пік паўстае свайго роду дэміургам, творцам навакольнай прасторы. Сяргей Талкач перадаў вобраз персанажа рэфлексуючага, які ў пачатку спектакля з’яўляецца як бы з хаосу светабудовы. На працягу ўсяго сцэнічнага дзеяння ён выразае розных персанажаў, якія ажываюць, увасабляючы розныя незбалансаваныя імпульсы. Аднак яго творчыя якасці, рухомыя ўнутраным святлом любові, дабра, чалавечага ўдзелу, узводзяць ўсе гэтыя разрозненыя праявы да адзінага гарманічнага цэлага. Такім чынам, цырк як месца, якое ў негатыўным, прафанным сэнсе ўспрымаецца як прастора скажэння і скрыўлення рэальнасці, вяртае свае сакральныя вытокі.

DSCN6034

Нядзіўна, што па выніках пастановак 2015 года Сяргей Талкач за ролю клоўна Піка прызначаны сваімі калегамі пераможцам у намінацыі “Лепшая мужчынская роля”. Ён жа вызначаны і як лепшы артыст 2015 года.

DSCN5811

У намінацыі “Лепшая жаночая роля” калегі-артысты аддалі пальму першынства Дар’і Зімніцкай за ролю Папялушкі у спектаклі Віктара Клімчука “Папялушка, або Крышталёвыя чаравічкі”.

DSCN0860

І зусім чакана ў намнацыі “Лепшая эпізадычная роля” перамог Валерый Зімніцкі за ролю Льва Ільвовіча ў “Горадзе клоўна Піка”.

DSCN5970

А пасля заканчэння прэм’ернага паказу маленькіх гледачоў чакаў сюрпрыз: шоу мыльных бурбалак, якое хоць і падкрэслівае недаўгавечнасць і крохкасць формаў матэрыяльнага свету, але заўсёды выклікае ўсеагульнае захапленне і лікаванне.

DSCN6053

DSCN6071

DSCN6100

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *