У Віцебску прайшлі адкрыццё выставы і спектакль, прысвечаныя памяці Уладзіміра Караткевіча

Культура

Беларускі тэатр “Лялька” адкрыў памятную выставу, прысвечаную 85-годдзю з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча, і паказаў спектакль “Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў”.

Мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук на адкрыцці выставы з гледачамі
Мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук на адкрыцці выставы з гледачамі

У творчасці Уладзіміра Караткевіча, успрымаючы яго ў праекцыі сучаснасці, ёсць два супрацьлеглыя аспекты. Адзін належыць вечнасці і раскрывае архетыпічныя вобразы беларускай культуры, пры гэтым нязменна грунтуючыся на ўсясветных гуманістычных каштоўнасцях. Іншы аспект – выпадковы і адносіцца да палітычнай кан’юнктуры савецкага ладу з яго нязменным прынцыпам “класавай барацьбы”. Дэманстрацыя гэтай палітычнай кан’юнктуры была неабходная хаця б для таго, каб творы пісьменніка, напоўненыя глыбокім духам беларускай гісторыі, дапусціла да публікацыі цэнзура. Можна з задавальненнем адзначыць, што ў Беларускім тэатры “Лялька” гучаў менавіта першы аспект.

Барыс Лалыка. Аблога
Барыс Лалыка. Аблога

З гэтым “вечным” і “нязменным” ў спадчыне Уладзіміра Караткевіча звязаныя працы беларускіх мастакоў, экспанаваныя ў Беларускім тэатры “Лялька”. Усе імёны іх вядомыя знатакам сучаснага беларускага мастацтва: Уладзімір Вальноў, Вікенцій Ральцэвіч, Барыс Лалыка, Алесь Марачкін, Святлана Баранкоўская, Міхась Ляўковіч, Юрый Шайнураў, Іван Лісіца, Кацярына Мяснікава, Аляксандр Шыёнак, Вячаслаў Шайнураў. Хоць выстава, па словах яе арганізатараў, збіралася даволі спантанна, аднак цэласнае ўражанне ад свету Уладзіміра Караткевіча было відавочна. Не ўсе працы вядомых майстроў прама суадносіліся з творамі вялікага пісьменніка, аднак яго свет выяўлены ў поўнай меры.

Вячаслаў Шайнураў са сваімі карцінамі Русалчын тыдзень і Творца
Вячаслаў Шайнураў са сваімі карцінамі “Русалчын тыдзень” і “Творца”

Цяпер гледачы, якія прыйдуць на спектаклі, могуць убачыць творы розных відаў і жанраў выяўленчага мастацтва: партрэты, пейзажы, графіка, тэкстыль.

Выстава адкрыта 11 лістапада і яе праца будзе доўжыцца да 27 лістапада.

Уладзімір Вальноў. Друцкае гарадзішча
Уладзімір Вальноў. Друцкае гарадзішча

На ўрачыстым адкрыцці прымалі ўдзел мастакі Уладзімір Вальноў і Барыс Лалыка. Уладзімір Вальноў гаварыў пра змястоўнасць выразу свету Караткевіча ў прадстаўленых работах:

Выстава дазваляе паказаць тыя апорныя кропкі, якія выбралі мастакі для сваіх работ, грунтуючыся на творчасці Уладзіміра Караткевіча … Працы, якія я ствараў, дазвалялі мне пранікнуць у гісторыю і лёс свайго народа.

Выступае Уладзімір Вальноў
Выступае Уладзімір Вальноў

Па меркаванні Барыса Лалыкі, творы пісьменніка граюць велізарную ролю ў плане выхавання любові да нацыянальнай гісторыі, імкнення да яе вывучэння:

Грунтуючыся на творах Уладзіміра Караткевіча, можна пазнаваць нашу культуру, нашу мову, і пісьменнік, несумненна, прывіваў да іх любоў. Асабліва для моладзі Караткевіч заўсёды быў, ёсць і будзе незаменным пісьменнікам.

Барыс Лалыка
Барыс Лалыка

А мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” Віктар Клімчук расказаў аб захапляльнай гісторыі ўласнага знаёмства з творамі Уладзіміра Караткевіча і пра ўвасабленне ў тэатры ідэй іх пастановак. Геній Уладзіміра Караткевіча патрабуе ад тэатра максімальнага напружання творчых сіл:

Гэта было вельмі цяжка. Калі ты цянеш такую глыбу, такую моц, ты хачаш быць побач з ім, і вельмі цяжка атрымліваецца стаць побач з ім і быць такім таленавітым, як ён. Таму што гэта сусветны мастак.

Іван Лісіца. Паводле рамана У. Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім"
Іван Лісіца. Паводле рамана У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”

Мела месца і зачаравальная музычная частка мерапрыемства. Скрыпачка Алёна Марчанка выканала “Сцэну ў Элізіуме” Крыстафа Віллібальда Глюка, якая аказалася адпаведнай і па духу выставе, і ў адносінах да містычнага зместу спектакля.

Алёна Марчанка
Алёна Марчанка

У адкрыцці выставы таксама ўдзельнічаў выдатны лялечны персанаж кот Банцік, голасам якога была цудоўная артыстка “Лялькі” Марыя Кавалёва, а дапамагала ім кіраваць Юлія Гарэцкая. А пасля заканчэння цырымоніі адкрыцця гледачы маглі ўбачыць спектакль па аповесці Уладзіміра Караткевіча “Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў”.

Людміла Сіманёнак, Юлія Гарэцкая, Марыя Кавалёва і кот Банцік
Людміла Сіманёнак, Юлія Гарэцкая, Марыя Кавалёва і кот Банцік

Спектакль распавядае аб непераможнасці кахання і творчасці, так звязаных паміж сабой. Цёмная прырода ўлады, якая супрацьстаіць ім, аказваецца ў выніку нямоглай перад іх сумесным парывам. У жыццё персанажаў урываюцца ўплывы тагасветнага, і спектакль гэта дасканалым чынам перадае. Гледачы могуць адчуць усю сілу і моц беларускай прыроды, яе эпічны свет, разам з грандыёзнасцю культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі, адкуль і ўзнікла магутнае літаратурнае адкравенне Уладзіміра Караткевіча. Спектакль Беларускага тэатра “Лялька” працягвае яго.

Сцэна са спектакля
Сцэна са спектакля

Вобразу грому і маланкі ў спектаклі, што выражае экспансію ўлады, супрацьпастаўляюцца скарбы сапраўднага і вечнага кахання. Як мы ўжо казалі раней, тэму ўлады ў творах Уладзіміра Караткевіча не варта ўспрымаць выключна ў класавым сэнсе. Яна выказана як сіла, закліканая душыць чалавечую свабоду і самасвядомасць, дзеючая праз знішчэнне ўсяго Прыгожага і Высокага, што ёсць у людзях. І ўжо, калі здаецца, што ўлада атрымала перамогу, гукі скрыпкі Алеся Бана-Жвірбы рассейваюць яе цемру.

Сяргей Талкач і Марына Марозава ў спектаклі "Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў"
Сяргей Талкач і Марына Марозава ў спектаклі “Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў”
Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий