29 лістапада ў Цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінні” адбылося выступленне гурта «Нельга забыць». Імпрэза прысвячалася 84-годдзю з Дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.
Мінскі гурт «Нельга забыць», лідарам якога з’яўляецца Міхал Бараноўскі, быў створаны напрыканцы 2009 года адмыслова пад вершы Караткевіча з рамана «Нельга забыць, альбо Леаніды не вернуцца да зямлі».
У прыватнай гутарцы Міхал паведаміў нашаму карэспандэнту, што гурт з’яўляецца для яго хобі, хоць і звязаным з працай (ён супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску). Два астатнія выступоўцы таксама маюць іншы занятак у жыцці — Надзея Процька (драматычны вакал, скрыпка), вядомая з гурта Pawa і гітарыст, які працуе ў будзённасці дызайнерам. Цікава, што музыкі працуюць не толькі з вершамі Караткевіча. Зусім не так даўно яны запісалі праграму «Mertvets» на вершы Максіма Багдановіча.
Імпрэза ў «Задзвінні» пачалася з прамовы конкурса на чытанне вершаў Уладзіміра Караткевіча. І нягледзячы на тое, што выступоўцай была толькі адна дзяўчына, пачатак атрымаўся вельмі пранікнёным і адухоўленым. Насця, выхаванка гімназіі № 8, прачытала верш паэта «У векавечнай бацькаўшчыне клёны..» і атрымала прыз ад «Задзвіння».
Напачатку імпрэзы Міхал Бараноўскі паведаміў, што праграма ўяўляе сабой уражанне ад рамана Караткевіча»Нельга забыць». Галоўны герой твора жыве ў Маскве і піша вершы, якія і пакладзены ў аснову імпрэзы. Троху больш за дзесяць кампазіцый гурта — гэта суцэльны драматычны рок-выступ, які перамяжоўваецца вершамі і вытрымкамі з рамана Караткевіча.