Горад віцебскага лялечніка: чым вымяраецца прафесіяналізм

тэатр "Лялька", Віктар Клімчук Культура

Што цікава сучаснаму гледачу? Інтэрв’ю з нагоды юбілея

тэатр "Лялька", Віктар Клімчук
Мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук. Фото Сашы Май

21 сакавіка ва ўсім свеце, пачынаючы з 2003 года, святкуецца Міжнародны дзень лялечніка. І да гэтай даты наш горад мае самае непасрэднае дачыненне, бо ў Віцебску ёсць свой лялечны тэатр – Беларускі тэатр «Лялька», які шырока вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Унікальнасць нашага тэатра не толькі ў тым, што ён знаходзіцца ў будынку архітэктуры ХIX стагоддзя і што ў ім працуюць выключна прафесійныя акцёры, але і ў тым, што наша «Лялька»  – адзіны на тэрыторыі Беларусі лялечны тэатр, які  ставіць спектаклі выключна на беларускай мове.

витебск, театр "Лялька", здание
Тэатр “Лялька” размяшчаецца ў будынку ХІХ стагоддзя. Фота Сашы Май

Да таго ж, у красавіку гэтага года віцебскі тэатр святкуе свой трыццацігадовы юбілей. Чым сёння жыве калектыў і што яго чакае ў будучым? Аб гэтым нам распавёў мастацкі кіраўнік «Лялькі» Віктар Ігнатавіч Клімчук.

– Віктар Ігнатавіч, ужо шмат год Беларускі тэатр «Лялька» радуе сваімі спектаклямі гледачоў, як дарослых, так і дзяцей. Якой падышла «Лялька» да свайго трыццацігоддзя?

Наш тэатр ніколі не стаіць на  месцы. Мы пастаянна шукаем новыя формы, ставім новыя спектаклі, страемся прыдумаць нешта незвычайнае і арыгінальнае. Так, у гэтым тэатральным сезоне нашы гледачы маглі наведаць «Містэрыю ў Белай панны» і «Баль закаханых у Белай панны». Спадзяюся, такія вечары стануць добрай традыцыяй нашага тэатра. Увогуле, хацелася б адзначыць, што на сённяшні дзень у нашым рэпертуары 35 дзіцячых і 10 дарослых спектакляў. Некаторыя ўжо далёка не першы год ідуць на сцэне і карыстаюцца нязменным поспехам у гледачоў.

театр "Лялька", спектакль
Незвычайная вечарына “Містэрыя ў Белай панны” спадабалася гледачам. Фота Георгія Каржанеўскага

 – Цікава, а які спектакль лічыцца самым «старажытным» у тэатры?

Гэта дзіцячы спектакль «Дзед і Жораў» (паводле Віталя Вольскага), пастаўлены ўпершыню 20 красавіка 1986 года. З яго і пачалася гісторыя нашага тэатра. На жаль, сёння ён не вельмі карыстаецца попытам. Мне падаецца, гэта таму, што  дзеці не ведаюць такіх персанажаў , ды і беларускія народныя казкі ўвогуле. Калі брэменскія музыкі, той жа Умка, знаёмыя ўсім, то пра Дзеда і Жорава ніхто і не чуў.

театр "Лялька", фойе, куклы
Падзівіцца на лялькі ў тэатры можа кожны. Фота Сашы Май

– А што падрыхтаваў для гледачоў тэатр «Лялька» ў  юбілейны тэатральны сезон?

Ужо адбыліся прэм’еры дзіцячых спектакляў «Горад клоўна Піка» і «Умка». А  22 красавіка мы плануем правесці святочны капуснік, на які запрашаем прадстаўнікоў тэатраў Беларусі і прыхільнікаў нашай «Лялькі».  Калі ён добра пройдзе, то, мажліва, мы правядзём яго яшчэ раз ужо для гледачоў, каб усе ахвотныя маглі набыць квіткі і прыйсці да нас.

Да таго ж, 23 красавіка запланаваны дзіцячы спектакль Святланы Бень, беларускага музыканта, спявачкі, паэтэсы, лідара музычнага калектыву «Серебряная свадьба».  А да Міжнароднага дня лялечніка мы праводзім флэш-моб «Лялька ў кожным акне». Кожны ахвотны да 27 сакавіка можа даслаць нам фотаздымак любімай  ляльк»і ў акне (гэта можа быць акно дома, цягніка, вітрыны і г.д.)  на электронную пошту rek@lialka.by і паўдзельнічаць у конкурсе. Тры аўтары найлепшых прац атрымаюць падарунак – запрашальныя білеты  на любы красавіцкі спектакль.

театр "Лялька", Клімчук Віктар, кіраўнік
Віктар Клімчук працуе ў “Ляльцы” з дня заснавання. Фота Сашы Май

– Беларускі тэатр «Лялька» – гэта не толькі акцёры, але і лялькі. Напэўна, за гады працы ў вас іх назбіралася шмат. І, несумненна, многіх гледачоў цікавіць, дзе Вы бераце лялькі для спектакляў?

Калі нехта думае, што мы дзесьці купляем гатовыя лялькі, то ён памыляецца. Усе лялькі вырабляем самі. Падрыхтоўка да кожнага спектакля – гэта крапатлівая праца, у якой задзейнічаны ўсе. Матэрыяльная частка звычайна рыхтуецца амаль паўгода: трэба зрабіць лялькі, прадумаць дэкарацыі, пашыць касцюмы для лялек і акцёраў.

театр "Лялька", лялькі
Памяшкання для ўсіх лялек не хапае. Фота Сашы Май

У нас ёсць лялькі з футра, з пап’е-машэ, гліны, дрэва… Многія з іх задзейнічаны толькі ў адным спектаклі і чакаюць свайго зорнага часу ў спецыяльным памяшканні. Ёсць у нас і вялікія лялькі – так званыя «раставыя», ёсць і зусім маленькія – некалькі сантыметраў.

Асабіста я люблю лялькі-марыянеткі. Уявіце сабе, як цікава і ў той жа час вельмі складана кіраваць такой лялькай, калі ў руках можа быць да 25 лесак!

театр "Лялька", куклы
Лялькі са спектакля “Воўк і раз, два, тры…” Фота Сашы Май

Зразумела, што акцёрам даводзіцца кожны раз прыстасоўвацца да новай лялькі. Напрыклад, у спектаклі «Умка» мы выкарыстоўваем драўляныя разныя лялькі, якія даволі цяжкія. Акцёры спачатку сумняваліся, ці атрымаецца імі кіраваць, але прызвычаіліся і сёння атрымоўваюць асалоду. Дарэчы, непасрэдна перыяд рэпетыцый у нас доўжыцца ўсяго 21 дзень. І ўсё гэта дзякуючы прафесіяналізму кожнага члена нашага калектыву.

– Цікава, а як Вы размяркоўваеце ролі?  Напэўна, не кожны артыст адразу згаджаецца іграць таго ці іншага персанажа?

Адразу скажу, што ні ў аднаго нашага артыста няма канкрэтнага амплуа, ёсць толькі нейкая накіраванасць ,напрыклад, лірычны акцёр. Але ў цэлым кожны акцёр універсальны, кожны можа сыграць усё, што заўгодна. Зразумела, падчас размеркавання роляў бываюць і канфлікты, але ж мы ўсе прафесіяналы, таму заўжды можам знайсці паразуменне.

театр "Лялька", куклы
Лялькі ў тэатры жывуць паўсюдна, нават на лесвіцы. Фота Сашы Май

– Многія сёння кажуць, што дзеці змяніліся, не цікавяцца нічым, акрамя камп’ютараў і мабільных тэлефонаў. А як Вы лічыце, які ён, сённяшні глядач «Лялькі»?

Я не кажу, што дзеці другія, я кажу, што яны іншыя. На жаль, яны сёння не хочуць слухаць тэкст, іх больш цікавіць, як лялькі рухаюцца, як яны зроблены, як падаецца святло. Ім цікавы вонкавы бок спектакля, а не яго змест. І я лічу, што ў гэтым вінаватыя менавіта сучасныя тэхналогіі.

театр "Лялька", касцюмы
Побач з лялькамі захоўваюцца і касцюмы. Фота Сашы Май

Дарэчы, гэта бяда не толькі віцебскіх дзяцей, але і ўсіх дзяцей у свеце. У цэлым, магу сказаць, што сёння цікавасць да лялечнага тэатра, ды і да ўсіх відаў мастацтва страцілася. Я рэгулярна размаўляю з рэжысёрамі і мастацкімі кіраўнікамі іншых рэспубліканскіх лялечных тэатраў  і разумею, што наступіў нейкі крызіс, прычым ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Калі раней адны і тыя ж дзеці хадзілі на адзін спектакль некалькі разоў, то сёння прыходзяць толькі адзін раз. І я добра разумею чаму. Але вельмі хочацца верыць, што сітуацыя зменіцца, і ў нашай краіне лялечны тэатр будзе перажываць перыяд уздыму, як гэта, напрыклад, сёння адбываецца ў Эстоніі, дзе на некаторыя спектаклі немагчыма набыць квіткі.

театр "Лялька", Новый год
Новы год у “Ляльцы” – гэта свята для ўсіх. Фота Сашы Май

Да таго ж лічу, што ўсё ж такі тэатру трэба прызвычаіцца  да сучаснасці, нешта змяняць, каб падабацца гледачам, ведаць, што сёння ў трэндзе, у якім напрамку развіваецца тэатральнае мастацтва. Вельмі важна як мага часцей выязджаць за мяжу, глядзець спектаклі тэатраў іншых краін, абменьвацца вопытам, выкарыстоўваць іх здабыткі. На жаль, сёння гэта даволі складана: не хапае сродкаў. Напрыклад, нас запрасілі прыехаць на фестываль у горад Лодзь (Польша), і гэта вельмі пачэсна. Каля 600 тэатраў хацелі б там выступіць, а запрасілі ўсяго некалькі дзясяткаў калектываў, і нас у тым ліку. Але не атрымоўваецца… Найбольш шкада, што, калі ты адмаўляешся раз, другі, трэці, больш цябе могуць і не запрасіць.

 – Ведаю, што тэатр «Лялька» аб’ездзіў амаль увесь свет са сваімі спектаклямі, атрымаў шмат узнагарод, прызоў, дыпломаў, у тым ліку пяць Гран-пры прэстыжных міжнародных фестываляў. Напэўна, гастролі – гэта не толькі адпачынак, але і вялізная праца…

Безумоўна, трэба ж везці з сабой увесь рэквізіт, прыстасоўвацца да новай сцэны. А гэта – нервы, праца і яшчэ раз праца. Напрыклад, літаральна заўтра мы ад’язджаем у Тамбоў. Там нас чакае акадэмічная сцэна, якая значна большая за лялечную. Трэба будзе нешта змяняць у спектаклі, глядзець, каб ні артысты, ні лялькі не згубіліся на ёй.

театр "Лялька", награды
Шмат узнарод мае наш лялечны тэатр. Фота Сашы Май

– Фірмовы стыль тэатра «Лялька» – спектаклі выключна на беларускай мове. Іх вы паказваеце не толькі ў Віцебску, але і ў іншых гарадах Беларусі і за мяжой. Ведаю, што ёсць і тыя, хто сцвярджае, што каб спектакль быў на рускай мове, то б у тэатр прыходзіла значна больш людзей, а так, маўляў, ні я, ні дзіця нічога не зразумеем…

Ведаеце, я лічу, што нам Богам дадзена прыгожая мова – адна з самых мілагучных моў у сусвеце. А мы, беларусы, лічым сябе такімі разумнымі, што адмаўляемся ад гэтага Божага дара і вырашаем размаўляць толькі па-руску. Гэта няправільна, бо калі мы хочам быць нацыяй, хочам мець сваю будучыню, то адмаўляцца ад мовы нельга ні ў якім выпадку. Так склалася, што пасля таго, як я ў Брэсце скончыў беларускамоўную школу, мне больш за дваццаць год прыйшлося жыць у Расіі. Прызнаюся, мову я забыў. Памятаю, як пісаў пісьмо з просьбай узяць мяне на працу ў Віцебск і атрымаў адказ: «На вашае пытанне адказваем…». Ну ўсё, думаю, адмовілі. Потым учытаўся і зразумеў (смяецца).

театр "Лялька", награды
Нямала ўзнагарод і ў Віктара Ігнатавіча. Фота Сашы Май

Увогуле, лічу, што гэта непрафесійна, калі акцёры падчас спектакляў будуць размаўляць і на адной мове, і на другой. Усё роўна акцэнт будзе адчувацца. Ды і ўявіце сабе, каб да нас прыехаў, скажам,  японскі тэатр са спектаклем на нямецкай мове. Смешна? А як жа тады беларускі тэатр можа ехаць за мяжу з рускім спектаклем?

 – Спадзяюся, Ваш калектыў наперадзе чакае нямала цікавых падзей. Якія планы ў «Лялькі»?

У бліжэйшым будучым хацелася б аднавіць нашу міні-экспазіцыю ў холе. Ужо распрацаваны праект, згодна з якім будуць устаноўлены новыя шкляныя шафы на ўсю вышыню сцяны. Яшчэ вельмі хацелася б пабудаваць побач з тэатрам, у двары (і пляцоўка гэта дазваляе), яшчэ адзін будынак, дзе можна было б размясціць яшчэ адну  большую па памеры залу – месцаў на 200 (сённяшняя зала «Лялькі» змяшчае 128 гледачоў – заўвага аўтара). Ну і, канешне, мы будзем радаваць гледачоў новымі спекталямі і цікавымі вечарынамі. Таму прыходзьце да нас, у «Ляльку», і далучайцеся да прыгожага мастацтва!

тэатр "Лялька", экспазіцыя. лялькі
Шафы з лялькамі на ўсю сцяну плануецца зрабіць у тэатры. Фота Сашы Май

– Дзякуй за размову! Віншуем тэатр з юбілеем, а нашым чытачам хочам нагадаць, што набыць квіткі ў «Ляльку» можна як у касе, так і на сайце тэатра праз сістэму онлайн-продажу. А па квіткі на спектаклі для дарослых можна звярнуцца і да распаўсюджвальніка (Фёдар Іванавіч 8-029-813-33-86).

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий