«Барадулінкі»: культурнае развітанне з летам

Прэзентацыя кнігі Віктара Марціновіча, адкрытыя заняткі «Мова нанова», выступ Андруся Такінданга, збор сродкаў на мемарыльяную шыльду Рыгору Барадуліну… Чым яшчэ запомніўся фэст?

Апошнія выходныя жніўня парадавалі жыхароў горада не толькі надзвычай цёплым для гэтай пары надвор’ем, але і разнастайнымі мерапрыемствамі.

Віцебск, фэст "Барадулінкі",

Уваход на фэст вольны. Фота Сашы Май

Усіх, хто цікавіцца культурным жыццём Віцебска і неабыякава ставіцца да роднай мовы, літаратуры і музыкі, чакала цікавае літаратурна-музычнае свята «Барадулінкі», што праходзіла ў дворыку і будынку Арт-прасторы (вуліца Таўстога, 7).

Мерапрыемства, арганізатарамі якога выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі віцебскага гарвыканкама, сацыяльна-культурная ўстанова «Vitebsk4me», грамадска-культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі» і Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва, праходзіла ў Віцебску ўжо ў другі раз.

віцебск, "барадулінкі", кірмаш

Унікальную прадукцыю можна было набыць на кірмашы. Фота Сашы Май

Як і ў мінулым годзе, у дворыку Арт-прасторы былі арганізаваны кірмаш хэнд-мэйд, на якім можна было набыць адмысловыя вырабы і сувеніры, вольны абмен рэчамі – Free market і букросінг.

віцебск, "барадулінкі", букросінг

Букросінг карыстаўся попытам. Фота Сашы Май

На жаль, частка майстроў у апошні момант адмовілася прыняць удзел у кірмашы, –  зазначыў адзін з арганізатараў свята, каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі» па Віцебскай воласці Уладзімір Булаўскі. – Магчыма, справа ў тым, што наша мерапрыемства супала з правядзеннем фестываля «Модафэст». Ды і гледачоў пакуль не вельмі шмат, але ж гэта не галоўнае. Няхай лепш будзе 50-60 чалавек, якія натхняцца святам, чым 200, якія пройдуць міма. Наогул лічу, што такіх невялікіх, лакальных мерапрыемстваў павінна быць як мага больш. Тым больш, што праграма фэсту кожны год мянецца. Так, напрыклад, у гэтым годзе мы прапанавалі далучыцца да нашага свята курсы беларускай мовы «Мова нанова».

віцебск, "барадулінкі", Маркаў, Папковіч

Уладзімір Папковіч і Сяржук Маркаў на фэсце. Фота Сашы Май

Сапраўды, праграму фэсту распачаў нязменны вядучы курсаў у Віцебску Сяржук Маркаў, які прапанаваў прысутным колькі заданняў, прысвечаных асобе і творчасці народнага паэта Рыгора Барадуліна. Слухачам трэба было падабраць беларускія адпаведнікі да словаў, прыказак і прымавак з кнігі «Вушацкі словазбор», адгадаць загадкі з Вушаччыны, па чарзе прамовіць хуткамоўкі, а  напрыканцы скласці   акраверш па першых літарах прозвішча Барадулін.

Віцебск, фэст "Барадулінкі", "Мова нанова"

На адкрытых занятках “Мова нанова” было цікава ўсім. Фота Сашы Май

Канешне,сёння былі не паўнавартасныя заняткі, але, спадзяюся, прысутным яны спадабаліся і падарылі добры настрой, –  сказаў Сяржук Маркаў. – Займацца мы пачнем 14 верасня, як звычайна, у сераду, у 18.30  у памяшканні турсалона «Ілва» (Леніна, 53). Як заўсёды наведвальнікаў бясплатных курсаў чакаюць цікавыя сустрэчы, выступы музыкаў, творчыя заданні і граматыка, якую праводзіць кандыдат філалагічных навук Таццяна Дубоўская. Мы чакаем як тых людзей, хто хадзіў у мінулым годзе, так і новых слухачоў. Будзем разам вывучаць нашу родную мову. Таму прыходзьце, калі ласка».

віцебск, "барадулінкі", "мова нанова"

Калектыўны розум пры складанні акравершаў – сіла. Фота Сашы Май

віцебск, "барадулінкі", "мова нанова"

Гатовыя акравершы зачытвалі перад аўдыторыяй. Фота Сашы Май

Спецыяльным госцем адкрытага занятка курсаў «Мова нанова» і фэсту «Барадулінкі» стаў вядомы музыкант, паэт і тэлевядучы Андрусь Такінданг, які разам з яшчэ адным салістам гурта «Рэха», выступілі ў дворыку Арт-прасторы з міні-канцэртам.

Віцебск, фэст "Барадулінкі"",

Выступленне салістаў гурта “Рэха”. Фота Сашы Май

Віцебск, фэст "Барадулінкі",

Слухачы з задавальненнем спявалі разам з Андрусем. Фота Сашы Май

З гумарам прадставіў свой праект «50 музеяў Віцебска» вядомы краязнаўца Мікола Півавар. На жаль, тыраж кнігі яшчэ не выдадзены, зразумела, што на гэта патрэбныя сродкі, але тое, што яна будзе адмысловым выданнем, сумненняў няма.

Віцебск, фэст "Барадулінкі", Мікола Півавар

Свой праект прадставіў Мікола Півавар. Фота Сашы Май

У кнізе  сабрана інфармацыя па 50 музеях Віцебска, сярод якіх як дзяржаўныя, так і музеі прадпрыемстваў і навучальных устаноў. Указаны іх адрасы, найбольш цікавыя экспанаты, размешчаны фотаздымкі экспазіцый, турыстычная карта.

Кніга стане цудоўным даведнікам па музеях Віцебска не толькі для турыстаў, але і для жыхароў горада.  Ці многія з вас ведаюць, што ў Віцебску больш за сто музеяў, сярод якіх, напрыклад,  музей газіфікацыі ці музей гісторыі ДАІ?

Віцебск, фэст "Барадулінкі",

Анжаліка Гайцюкевіч (злева) і Наста Балотнікава (справа) дапамагалі ў выданні кнігі. Фота Сашы Май

Таму спадзяемся, калі кніга пабачыць свет, яна будзе  карыстацца попытам. Дапамагалі Міколе Васільевічу падрыхтаваць выданне Наста Балотнікава, Раман Воранаў і  Анжаліка Гайцюкевіч, карэктарам выступіла Настасся Трафімчык.

Віцебск, фэст "Барадулінкі, Мікола Півавар",

“Кожная прэзентацыя павінна заканчвацца фуршэтам”,  – запэўніў Мікола Півавар і пачаставаў усіх яблыкамі. Фота Сашы Май

У такой жа па-сяброўску нефармальнай атмасферы прайшла і лекцыя пра сучасную беларускую паэзію, што праводзіў паэт, перакладчык, лаўрэат літаратурных конкурсаў і ўдзельнік шматлікіх літаратурных мерапрымстваў  Віталь Рыжкоў.

Віцебск, фэст "Барадулінкі",Віталь Рыжкоў

Цудоўна чытаў вершы маладых беларускіх паэтаў Віталь Рыжкоў. Фота Сашы Май

Свае вершы ў гэты дзень Віталь не чытаў, а знаёміў прысутных з творчасцю маладых беларускіх паэтаў, што жывуць за мяжой. Сярод іх – Вальжына Морт (Мартынава), што жыве ў ЗША, і Антон Францішак Брыль (дарэчы, унук Янкі Брыля – заўвага аўтара), які пражывае ў Дубліне. Прагучалі ў гэты дзень і творы Насты Кудасавай, Андрэя Адамчыка і іншых паэтаў. А завяршыў свой выступ Віталь вершам «Астэроід» паэта Ігара Канановіча, які не так даўно трагічна пайшоў з жыцця.

Віцебск, фэст "Барадулінкі",

На прэзентацыі кнігі Віктара Марціновіча ўсім ахвотным нават не хапіла месца. Фота Сашы Май

Больш за ўсё людзей сабралася на прэзентацыю новага рамана Віктара Марціновіча «Возера радасці». Віктар – аўтар пяці кніг на рускай і беларускай мовах. Гэты раман быў напісаны па-руску, а Віталь Рыжкоў пераклаў яго на беларускую мову.

Віцебск, фэст "Барадулінкі", Марціновіч, Булаўскі,

Уладзімір Булаўскі прадстаўляе Віктара Марціновіча. Фота Сашы Май

І калі беларускамоўнае выданне ўжо можна было набыць праз інтэрнэт і ў некаторых кніжных крамах, то кнігу на рускай мове і сам Віктар Марціновіч сёння ўбачыў упершыню. Яе прывёз у Віцебск Барыс Пастэрнак, генеральны дырэктар расійскага выдавецтва «Время», які павіншаваў аўтара і пажадаў, каб яго кніга знайшла свайго чытача.

Віцебск, фэст "Барадулінкі", барыс пастэрнак

Барыс Пастэрнак. Фота Сашы Май

Дарэчы, абедзьве кнігі можна было набыць у дворыку і атрымаць аўтограф як  аўтара – Віктара Марціновіча, так і перакладчыка рамана на беларускую мову – Віталя Рыжкова.

На самой жа прэзентацыі яны зачыталі невялічкія ўрыўкі з кніжкі, а Віктар Валер’евіч адказаў на пытанні прысутных, тым больш, што сярод слухачоў былі тыя, хто ўжо паспеў пазнаёміцца з гэтай кнігай.

Віцебск, фэст "Барадулінкі",, Віталь Рыжкоў

Аўтограф прасілі і ў перакладчыка Віталя Рыжкова. Фота Сашы Май

Завяршылая літаратурна-музычнае свята  «Барадулінкі» музычнай праграмай з удзелам мінскіх і віцебскіх калектываў і  традыцыным кінапраглядам. На гэты раз гэта была  беларуская праграма ад фестываля Cinema Perpetuum Mobile, які ўжо не першы раз радуе віцебскага гледача.

Падчас свята арганізатары неаднаразова нагадвалі, што праз платформу талака.бай працягваецца арганізаваны журналістам і літаратуразнаўцам Глебам Лабадзенкам збор сродкаў для стварэння і мантажу шыльды на доме, дзе жыў і пісаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін па вуліцы Мележа, 4 у Мінску.

Віцебск, "барадулінкі", кірмаш

У дворыку можна было набыць і кнігі беларускіх аўтараў. Фота Сашы Май

 

віцебск, "барадулінкі",

Ахвяраваць сродкі можна праз сайт Талака. бай. Фота Сашы Май

У мінулым годзе мы на Барадулінках абвяшчалі збор сродкаў на ўсталяванне помніка на магіле паэта, – зазначыў Уладзімір Булаўскі. – Дзякуючы супольным намаганням, увосень ён быў усталяваны. Зараз ёсць мэта змясціць мемарыяльную шыльду на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін. Таму, калі ласка, далучайцеся. І чакайце наступныя «Барадулінкі».