Угодкі з дня нараджэння Васіля Быкава адзначылі ў Бычках

віцебск, Быкаў, ТБМ Общество

На традыцыйнае мерапрыемства на Ушаччыне сабралася каля 150 чалавек

віцебск, Быкаў, ТБМ
Каля мемарыяльнай шыльды Васілю Быкаву ў Віцебску. Фотаздымак з архіва Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.

Чарговыя ўгодкі з дня нараджэння пісьменніка Васіля Быкава адзначылі ў мінулую нядзелю на радзіме нашага земляка ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна. Арганізатарамі традыцыйнага мерапрыемства выступілі рада Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» сумесна з Рухам «За свабоду».

Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе дата нараджэння пісьменніка супала з праваслаўным святам Троіцы, народу на традыцыйную літаратурную імпрэзу сабралася шмат – каля 150 чалавек. Наведалі сядзібу-музей Васіля Быкава сябры Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, сябры таварыства з розных рэгіёнаў Віцебшчыны, грамадскія дзеячы, у тым ліку  з Мінска, настаўнікі і ўсе тыя, хто неабыякава ставіцца да беларускай літаратуры, культуры і асобы пісьменніка.

Правядзенне літаратурных чытанняў на малой радзіме Быкава  – адна з візітных картак Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ, – зазначыў старшыня арганізацыі Юрась Бабіч.  – Літаратурныя вечары такога кшталту – гэта цудоўная мажлівасць для сустрэчы літаратараў з чытачамі, дзе мы згадваем Васіля Быкава, яго асобу, творчасць, ролю ў жыцці грамадства. А яшчэ Бычкі – гэта цудоўная пляцоўка для дыялогу і дыскусій, бо сюды традыцыйна прыязджаюць людзі неабыякавыя да беларускай культуры з рознымі поглядамі, і мы можам абмеркаваць надзённыя пытанні з аднадумцамі. Хацелася б падзякаваць уладам Ушацкага раёна, якія пайшлі нам насустрач, наладзілі выязны гандаль.

віцебск, бычкі, быкаў, ТБМ
Выступае Юрась Бабіч. Фотаздымак з архіва Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ

А пачалося мерапрымства ў Віцебску, дзе ўдзельнікі імпрэзы ўсклалі кветкі да мемарыяльнай шыльды Васіля Быкава, што знаходзіцца на будынку мастацкай вучэльні, дзе наш зямляк навучаўся перад вайной. Пасля накіраваліся на малую радзіму пісьменніка, а на адваротным шляху наведалі мемарыяльны комплекс «Прарыў» і ўсклалі кветкі на магілу Рыгора Барадуліна.

У Бычках усіх прысутных віталі Юрась Бабіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, кіраўнік беларускай службы радыё «Свабода» Аляксандр Лукашук, віцебскія паэты Уладзімір Папковіч, Канстанцін Севярынец, Міхась Мірановіч і іншыя дзеячы.

Затым увазе гледачоў была прадстаўлена літаратурна-музычная кампазіцыя  «Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін – тры волаты, тры сябры», падрыхтаваная сябрамі  Полацкай і Віцебскай арганізацый ТБМ, а намеснік старшыні віцебскай арганізацыі Алена Сакалова правяла цікавую віктарыну, прысвечаную творчасці Васіля Быкава.

Пытанні былі досыць скаладныя, але ж і прызы годныя – кнігі падпісаныя Уладзімірам Арловым. Іх заслужана атрымалі мастак Алесь Марачкін і жыхар Падсвілля Мар’ян Місевіч.

Многія выступоўцы  ў той дзень успаміналі сваё знаёмства з пісьменнікам, прыгадвалі цікавыя выпадкі з жыцця нашага земляка, зачытвалі радкі з яго ўспамінаў, выдадзеных  радыё «Свабода», а вядомы паэт і бард з Бешанковічаў Георгій Станкевіч выканаў дзве ўласныя песні, прысвечаныя Васілю Быкаву.

віцебск, быкаў, навумчык, Бычкі
Выступае Іосіф Навумчык. Фотаздымак з архіва Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ

Напрыканцы імпрэзы выступіў Ганаровы старшыня Віцебскай абласной арганізацыі  ТБМ Іосіф Навумчык, які ў сваёй прамове звярнуў увагу на тое, што гэты год аб’яўлены Годам культуры. І невыпадкова менавіта сёлета святкуюць свае юбілейныя дні нараджэння нашыя землякі, творцы Сяргей Законнікаў і Анатоль Вярцінскі.

Расказаў Іосіф Адамавіч і пра тое, што сястра Быкава, якая знаходзіцца зараз на лячэнні ў бальніцы пасля нападу, адчувае сябе значна лепш, што не магло не парадаваць прысутных.

Не абышлося ў гэты дзень і без падарункаў: ад імя абласной арганізацыі ТБМ сядзібе-музею быў перададзены партрэт Васіля Быкава.

А вяртаючыся ў Віцебск, удзельнікі мерапрыемства абмяркоўвалі, што можна зрабіць на імпрэзе ў наступным годзе, як прыцягнуць да гэтай справы як мага больш настаўнікаў, вучняў і студэнтаў. Успаміналі, канешне, і пра тое, што, нягледзячы на абяцанні ўладаў, на Віцебшчыне так і не з’явілася вуліца Васіля Быкава, што трэба было б зрабіць ужо даўно.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий