«Шлях да «Акute» ляжыць праз пакуты»

віцебск, "мова нанова", гурт «Акute» Культура

Як за адзін вечар і з добрых жартаў пасмяяцца, і пра сімволіку беларускай хаты даведацца, і граматыку вывучыць, і канцэрт музычнага гурта паслухаць

віцебск, "мова нанова", гурт «Акute»
Стас Мытнік (злева) і Раман Жыгароў (справа). Фота Сашы Май

Больш людзей, чым звычайна, сабралася на штотыднёвых модных бясплатных курсах беларускай мовы «Мова нанова» ў гэтую сераду ў канферэнц-зале турсалона «Ілва» (вуліца Леніна, 53). А справа ў тым, што спецыяльнымі гасцямі заняткаў сталі ўдзельнікі музычнага гурта з Магілёва «Акute».

курсы "мова нанова", віцебск, тур-салон "Ілва"
У зале не было вольных месцаў. Фото Саша Май

Але, як трапна пажартаваў напачатку мерапрыемства вядоўца курсаў Сяржук Маркаў, «шлях да «Акute» ляжыць праз пакуты», таму перад выступам музыкантаў прысутных чакалі звычайныя заняткі.

віцебск, "мова нанова"
Нязменныя вядоўцы курсаў “Мова нанова” ў Віцебску. Фота Сашы Май

У гэты дзень яны былі прысвечаныя тэме «Сімволіка беларускай хаты». Сяржук і яго калега, вядоўца курсаў, кандыдат філалагічных навук Таццяна Дубоўская расказалі, што модны сёння фэн-шуй, але на свой лад, быў і ў нашых продкаў.

Так адразу каля ўвахода гасцей сустракала печ, якая ў сялянскай хаце займала важнае і пачэснае месца. Строга па дыяганалі ад яе знаходзіўся «чырвоны кут» (покуць)  – гэтакі куточак храма ў хаце. Там віселі аздобленыя ручнікамі абразы, захоўваліся грамнічныя свечы і свянцоныя рэчы. Менавіта на покуць садзілі маладых на вяселлі, і галавой у бок кута клалі нябожчыкаў.

віцебск, курсы "мова нанова"
Аншлаг на курсах. Некаторыя гледачы нават стаялі. Фота Сашы Май

З печчу ў нашых продкаў таксама было звязана многа традыцый.  Напрыклад, падчас вяселля дзяўчына, да якой прыходзілі сваты, павінна была сядзець на печы і слухаць, што пра яе кажуць. А саскочыць магла толькі ў тым выпадку, калі згаджалася на шлюб.

Беларусы імкнуліся заўсёды падтрымліваць у печы агонь, бо лічылася, што калі ён згасне, напрыклад, ноччу, то з сям’і нехта памрэ. Дазвалялася не паліць печ, толькі падчас вялікіх святаў ці калі ў хаце быў нябожчык. Бо печ для беларусаў была ўвасабленнем сонца ў хаце, нездарма прыстасаванне, якім закрываюць топку печы, называецца «заслонка» – «слонца» – «сонца».

Віцебск, "Мова нанова", Таццяна Дубоўская
Вядоўца курсаў Таццяна Дубоўская. Фота Сашы Май

Асаблівае значэнне беларусы надавалі і парогу, які сімвалізаваў памежжа паміж гэтым і тым светам. Аб яго тройчы стукалі труной, калі выносілі нябожчыка, праз яго ніколі не віталіся, а хлопец, які прыводзіў жонку ў хату, быў абавязаны перанесці яе пра парог, каб яна да яго не дакранулася.

Расказвалі вядоўцы і пра сімволіку вокнаў, даху, люстэркаў у беларускай хаце, прыводзілі цікавыя прыклады і жартавалі.

віцебск, "мова нанова", Сяржук Маркаў
Жартачкі ад Сяржука Маркава. Фота Сашы Май

Граматычная частка заняткаў складалася з паўтарэння раней пройдзенага матэрыялу.

курсы "Мова нанова", Віцебск
У абмеркаванні правапісу ўдзельнічалі ўсе. Фота Сашы Май

Прысутным раздалі лісткі з заданнямі і яны талакой вырашалі, як пішацца не (ня) з рознымі часцінамі мовы, у якіх выпадках трэба ўжываць у складовае, а ў якіх –  у нескладовае, як правільна вымаўляць па-беларуску.

віцебск, курсы "мова нанова"
З граматычнай часткай усе справіліся “на выдатна”. Фота Сашы Май

Час праляцеў незаўважна, але перед тым, як запрасіць музыкантаў на сцэну, вядоўцы прапанавалі прыдумаць слоган да сямейнага свята «Гулі ў бабулі». Бо курсы доўжацца з верасня па травень, у якім, па традыцыі, праходзіць так званы «выпускны баль» – па аналогіі з лінейкай напрыканцы вучэбнага года ў школе. У гэтым годзе ён мае назву «Гулі ў бабулі» і адбудзецца 14 траўня ў вёсцы Заронава з 12 да 16 гадзін.

Віцебск, курсы "мова нанова"
Многія занатоўвалі правілы для сябе. Фота Сашы Май

Усіх (а дарэчы, прыехаць на  сямейнае свята можа кожны ахвотны, нават той, хто не  наведвае курсаў «Мова нанова») чакае займальная праграма. На гэты дзень запланаваныя мядовы кірмаш, майстар-класы па фларыстыцы, дрэваапрацоўцы і кераміцы, продаж сялянскіх страў, народныя гульні ад актрысы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Раісы Грыбовіч, спеўны сход з Сяргеем Доўгушавым, выступ беларускага гурта «Рэлікт» і шмат іншага.

віцебск, "мова нанова", Сяржук Маркаў
Прыз за лепшы слоган – кубачак ад “Мова нанова”. Фота Сашы Май

Нарэшце, калі аўтары самых цікавых слоганаў атрымалі падарункі на памяць на сцэну пад гучныя апладысменты выйшлі ўдзельнікі гурта «Акute». Гэтая беларускамоўная група з Магілёва была заснавана ў 2008 годзе, і з таго часу паспяхова выступае не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Не першы раз яны і ў Віцебску. Наведаюць наш горад на Дзвіне музыкі і напрыканцы месяца – 23 красавіка ў бітлз-клубе «Паддашак» адбудзецца іх сольны канцэрт «Усё павернецца».

віцебск, "Мова нанова", гурт «Акute»
Гурт «Акute» . Фота Сашы Май

Дарэчы, квіткі на яго па зніжаным кошце – усяго 100 тысяч рублёў –  можна было набыць адразу на месцы (увогуле білеты каштуюць 120 тысяч рублёў, а у дзень канцэрту – 150 тысяч). Тут жа па 50 тысяч рублёў прапаноўваліся музычныя дыскі гурта, а таксама паштоўкі.

віцебск, "мова нанова", «Акute» , дыскі
З сабой «Акute» прывезлі дыскі. Фота Сашы Май

Выканаўшы колькі кампазіцый, у тым ліку і новых, музыкі пагадзіліся сфатаграфавацца на памяць з усімі ахвотнымі і даць аўтографы.

віцесбк, "мова нанова", гурт «Акute»
І, канешне, аўтограф на памяць. Фота Сашы Май

А вакаліст Стас Мытнік адказаў на пытанні карэспандэнта «Віцебскага кур’ера».

Вы ўжо шмат дзе выступалі, у тым ліку на занятках «Мова нанова» ў іншых гарадах Беларусі. А як Вам віцебская публіка?

З Віцебскам у нашага гурта звязаны важкія ўспаміны. Менавіта тут у клубе «Зебра» адбыўся наш самы першы выязны канцэрт. У Віцебску асаблівая публіка, тут вельмі моцны культурны «двіж», больш адкрытыя, чым у іншых гарадах, гледачы. І гэта не проста словы, так сапраўды і ёсць. Да таго ж, у вас шмат цікавых месцаў для правядзення канцэртаў, напрыклад, «Паддашак», дзе мы хутка будзем выступаць. У цэлым, Віцебск – вельмі прыкольны горад.

віцебск, "мова нанова", Стас Мытнік, гурт «Акute»
Каму яшчэ сэлфі з салістам гурта? Фота Сашы Май

Што чакае тых, хто прыйдзе на ваш канцэрт 23 красавіка?

Іх чакае колькі песен, якія мы даўно не ігралі, але якія людзі заўсёды просяць выканаць, а таксама прэм’ера новых песень і самыя папулярныя нашыя кампазіцыі. Гэта будзе такі зборны канцэрт, таму прыходзьце да нас, калі ласка, будзе цікава.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий