Колькі музеяў у Віцебску?

Культура

дзе пра гэта даведацца, як стаць спонсарам, набыць рарытэт, павандраваць па ваколіцах горада з вядомым краязнаўцам і застацца ў гісторыі

Шэсць гадоў таму краязнаўца  Мікалай Півавар вырашыў падлічыць, колькі ўсё-такі музеяў у Віцебску. Аказалася, больш за 120! Пагадзіцеся, унушальная лічба для нашага горада. Мікалай Васільевіч наведаў кожны з музеяў, зрабіў фотаздымкі, пагутарыў з супрацоўнікамі. Гэтая інфармацыя стала грунтам выдання «Музеі Віцебска на пачатку ХХІ стагоддзя». Кніга пабачыла свет у рэдакцыйна-выдавецкім аддзеле ВДУ імя П.М. Машэрава.

«У манаграфіі прыведзена шмат фактаў, – расказвае Мікалай Півавар. – Але ў цэлым там пададзена сухая навуковая інфармацыя , якая будзе цікавай хіба што музейшчыкам, студэнтам адпаведных спецыяльнасцей, навукоўцам, а  звычайнаму чалавеку ці турысту  падасца нуднай. Тады я і падумаў: чаму б не зрабіць кнігу пра музеі Віцебска для масавага чытача?»

пивовар, витебск, книга
Мікалай Півавар. Фота Сашы Май

Кніга «50 музеев Витебска» была падрыхтавана яшчэ ў 2012 годзе і доўга чакала свайго часу. Усё змянілася на адным з «Творчых чацвяргоў», якія арганізуе «Культурная прастора Vitebsk4Me». Раман Воранаў прапанаваў краязнаўцу знайсці дызайнераў, мастакоў, карэктараў, якія змогуць зрабіць макет, прафесійна яго аформіць, дапамагчы ў рэкламе і распаўсюдзе ў сацыяльных сетках.

Пакуль  у Мікалая Васільевіча на руках толькі пілотнае выданне, але ўжо бачна, што кніга будзе вельмі цікавай. Артыкул пра кожны музей суправаджаецца здымкамі, арыгінальнымі малюнкамі і кантактнай інфармацыяй. Кожнаму лёгка зразумець, дзе знаходзіцца музей, як працуе і як можна звязацца з супрацоўнікамі. А сам артыкулмае звесткі пра гісторыю музея, яго экспазіцыю і самыя цікавыя экспанаты. У канцы  выдання змяшчаецца карта з адрасамі музеяў, якая дапаможа хутчэй сарыентавацца і скласці ўласны маршрут.

пивовар, книга, витебск
Каб чытачам было зручней, у канцы кнігі змешчана карта музеяў горада. Фота Сашы Май

«Змясціць усе 120 з лішкам музеяў у адну кнігу  было немагчыма, – адзначае  Мікалай Васільевіч. – Таму я паспрабаваў выбраць самыя цікавыя з іх, а таксама тыя,  куды можна патрапіць без перашкод, хаця б па папярэдняй дамоўленасці. Напрыклад, музей Віцебскага аддзялення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь вельмі цікавы, але каб атрымаць туды доступ, трэба пісаць прашэнне, ксеракапіраваць пашпарт. Наўрад ці турысты будуць гэтым займацца. А ў большасць музеяў уваход вольны,  толькі лепей загадзя стэлефанавацца з супрацоўнікамі і ўдакладніць час, калі можна прыйсці».

витебск, книга, пивовар, музеи
Вось так выглядаюць старонкі будучай кнігі. Фота Сашы Май

Кожны музей Віцебска, па словах Мікалая Васільевіча, цікавы па-свойму. Напрыклад, краязнавец параіў бы ўсім, асабліва школьнікам, наведаць музей пажарнай службы і звярнуць увагу на залу, дзе размешчаны рэчы, якія могуць прывесці да ўзгарання. Не паверыце, сярод іх нават трохлітровы слоік з вадой!  Рэч, якая, здавалася б, павінна дапамагчы патушыць пажар, стала яго прычынай.

Такое здарэнне сапраўды адбылося на вуліцы Чкалава некалькі год таму. Пажарныя прыехалі на выклік, хутка патушылі пажар і доўга не маглі вызначыць прычыну, што яго выклікала. На наступны дзень да жанчыны прыехаў дазнавацель, і пакуль яны з гаспадыняй сядзелі на кухні, зноў адбылося ўзгаранне. Аказалася, на стале стаяў трохлітровы слоік з вадой і, калі на яго  патрапілі сонечныя промні, ён спрацаваў як лінза. У выніку загарэлася посцілка на ложку.

З дапамогай лялечнага доміка ў музеі прадэманстравана, чаму нельга ў вітальні захоўваць непатрэбныя ў гаспадарцы рэчы: санкі, ванначкі, веласіпеды. Бо, калі прабіраешся да дзвярэй у задымленым памяшканні, можна за нешта зачапіцца, упасці і проста задыхнуцца.

«Адзін з маіх любімых музеяў Віцебска – гэта музей мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава,  – успамінае Мікалай Васільевіч.  – Там велізарная колькасць цікавых экспанатаў. Узяць хаця б партрэт Якуба Коласа, зроблены з кавалкаў рога! А вось у які музей я б не раіў хадзіць галодным, дык гэта ў музей кулінарнага мастацтва пры Віцебскім дзяржаўным палітэхнічным прафесійным ліцэі №2 (былое ПТВ №16). Усе экспанаты ў ім зроблены з тэхнічнага воску ці парафіну, але выглядаюць надзвычай апетытна».

витебск, пивовар, книга
Нават на здымках з музея кулінарнага мастацтва ежа выглядае смачна. Фота Сашы Май

Рыхтаваць кнігу да друку Мікалаю Васільевічу дапамагалі Раман Воранаў, карэктар Настасся Трафімчыкк, дызайнеры Настасся Балотнікава і Анжаліка Гайцюкевіч.

Зараз з’явілася рэальная магчымасць надрукаваць выданне. Згодна з разлікам Віцебскай тыпаграфіі, сабекошт аднаго экзэмпляра складае 8 рублёў. Некалькі тыдняў таму Мікалай Васільевіч з дапамогай краўдфандынгавага сайта «Улей» пачаў збіраць сродкі на выданне сваёй кнігі «50 музеев Витебска».

Згодна з умовамі праекта, унесці можна любую суму. Калі гэта будзе 8 рублёў, то ў падарунак ахвяравальніку дастанецца кніга з дастаўкай па Беларусі, калі 21 рубель – тры кнігі. За 30 рублёў акрамя кнігі абяцана экскурсія па Віцебску ад аўтара праекта, за 35 – кніга «50 музеев Витебска» і рарытэтны экзэмпляр кнігі «Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст.» Мікалая Півавара, за 50 – кніга і экскурсія па наваколлях Віцебска. Былі запланаваны і два падарункі за ўнёсак у 100 рублёў: кніга з асабістым подпісам аўтара і падзяка на старонках выдання. Дарэчы, ахвотнікі ўжо знайшліся.

книга, пивовар, музеи
Выданне будзе цікавым не толькі жыхарам горада, але і турыстам. Фота Сашы Май

«Разам мы зробім добрую справу – выпусцім кнігу, якая, як я спадзяюся, зацікавіць як жыхароў  нашага горада, так і турыстаў,  – падагульняе Мікалай Півавар. – Хацелася б, каб гэты даведнік па віцебскіх музеях быў у кожнага школьнага настаўніка. Бо з яго дапамогай можна выбраць, у які музей адвесці вучняў. Упэўнены, большасць жыхароў нашага горада нават пра палову з іх не ведалі. А музеі заслугоўваюць увагі».

Калі выданне выйдзе ў свет (а мы верым, што гэта адбудзецца ўжо хутка), то даведнік па віцебскіх музеях стане, напэўна, адзінай  кнігай такога кшталту на тэрыторыі Беларусі. Падобнае выданне ёсць толькі ў Полацку, але там расказваецца толькі пра 11 музеяў.

А каб гэта адбылося хутчэй, запрашаем усіх ахвотных зрабіць унёсак у годную справу праз сайт «Улей», перайшоўшы па спасылцы.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий