Беларускаму тэатру «Лялька» – 30 год!

У Віцебскім абласным караязнаўчым музеі з нагоды юбілею адкрыта выстава «Нам 30 год», а ў самім тэатры прайшоў грандыёзны юбілейны капуснік.

Лялька, тэатр, Віцебск, Каржанеўскі

Незабыўнае свята Лялькі… Фота Георгія Каржанеўскага

Усе гэтыя падзеі адбыліся 22 красавіка – дата, больш вядомая як дзень нараджэння «правадыра сусветнага пралетарыяту». Але ў Віцебску святкаванне культурнага дня, звязанага з «Лялькай», перасягнула б любую іншую ўрачыстасць. Тэатр, вядомы на неабсяжных прасторах СНД і ва ўсім свеце, сам з’яўляецца адным з культурных флагманаў і правадыроў.

Лялька, Віцебск, Клімчук, Каржанеўскі

На адкрыцці выставы. У цэнтры – мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” Віктар Клімчук. Фота Георгія Каржанеўскага

Выстава, адкрытая ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, дэманструе выбітны творчы шлях, які тэатр прайшоў за 30-гадовы перыяд. На наш погляд, з’яўляецца цалкам відавочным, што ў прасторы «Лялькі» час цячэ па-іншаму. Гэта характэрна для любога чароўнага месца, і 30 гадоў тут расцягнуліся на куды больш працяглы час. Маштабнае выказванне, якое надае адчуванне працягласці, пра тое, што тэатр нарадзіўся яшчэ «ў мінулым тысячагоддзі», будзе як ніколі дарэчным. Гэта адбываецца ў выпадку, калі творчы калектыў паўстае своеасаблівым сусветам, і сам выказвае ідэі, што маюць дачыненне да вытокаў і прычынных сэнсаў касмічнага жыцця.

Лялька, Віцебск, Каржанеўскі

Дэкарацыя да спектаклю “Загубленая душа, альбо Пакаранне грэшніка”. Фота Георгія Каржанеўскага

З гэтым неабсяжным космасам Беларускага тэатра «Лялька» ўсе наведвальнікі могуць сутыкнуцца, прыйшоўшы на выставу, дзе іх сустрэнуць чароўныя персанажы з таямнічых і загадкавых спектакляў. Экспазіцыя ахоплівае ўвесь яго творчы шлях, ад пачатку, накіраваны у бясконцасць. А на самом адкрыцці выставы экскурсію праводзіла кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Людміла Сіманёнак, і наведвальнікі былі пад магутным уражаннем той канцэнтрацыі чароўнай гісторыі, якую яна раскрыла.

батлейка, Віцебск, Лялька, Каржанеўскі, Сіманёнак

Ля беларускай батлейкі. Фота Георгія Каржанеўскага

Пасля ўрачыстага адкрыцця ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі падзеі перанесліся на тэрыторыю самога тэатра «Лялька», дзе гледачоў чакаў непаўторны юбілейны капуснік. Свята не абмінулі ўвагай вельмі высокія госці. Хоць гэта не толькі госці, так цяперашняга старшыню Віцебскага абласнога савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева, у сілу яго ў тым ліку і ранейшых пасадаў у горадзе і вобласці, зусім небеспадстаўна называюць «галоўным спонсарам театра».

Грыгор'еў, Цярэнцьеў, Віцебск, Лялька, Каржанеўскі

Дырэктар Беларускага тэатра “Лялька” Аляксандр Грыгор’еў і старшыня Віцебскага абласнога савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Фота Георгія Каржанеўскага

Прадстаўнікі абласной і гарадской улады, культурных устаноў горада, калегі з Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, у прыватнасці Аляксандр Ляляўскі і Алег Жугжда, віншавалі мастацкага кіраўніка Беларускага тэатра «Лялька» Віктара Клімчука, дырэктара тэатра Аляксандра Грыгор’ева, маладых акцёраў і тых, хто іграе ўжо даўно. Віншаванні былі самыя розныя: у выглядзе ўзнагарод, грамат, матэрыяльнай падтрымкі і, вядома, творчыя…

Філармонія, Віцебск, лялька, Франкоў, Каржанеўскі

Артысты Віцебскай абласной філармоніі і акцёр Беларускага тэатра “Лялька” Юрась Франкоў. Фота Георгія Каржанеўскага

Самі ж артысты тэатра падарылі гледачам такі незабыўны вечар, які назаўжды застанецца ў іх памяці. Бліскучы гумар аб перыпетыях тэатральнага жыцця, французскія, іспанскія, украінскія і нават анімалістычныя творчыя асацыяцыі, пастаяннае дзейснаснае і эмацыянальнае ўцягванне глядзельнай залы ў свята – усё гэта дало магчымасць сутыкнуцца з сапраўды ўсяленскім маштабам тэатра. Беларускі тэатр «Лялька» глыбока выказвае самі вытокі ідэі тэатральнага мастацтва, ахопліваючы як прастору нацыянальнага космасу, так і рэальнасць агульначалавечага ўніверсуму.

сала, Віцебск, Лялька, Каржанеўскі

Украінская тэма. Пра сала, пра вечнае… Фота Георгія Каржанеўскага

«Лялька» – назаўсёды!.. Такі быў асноўны матыў ўсяго свята высокай сцэнічнай творчасці. Гэты тэатр роўна даступны як дзецям, так і дарослым, яго спектаклі адрозніваюцца нязменнай глыбінёй, якая адкрыта душы кожнага, каму ўласціва разуменне Прыгожага і Узнёслага. Намаганнямі яго нязменнага мастацкага кіраўніка Віктара Клімчука, акцёраў, работнікаў усіх iншых творчых, адміністрацыйных і тэхнічных службаў Беларускі тэатр «Лялька», маючы ўжо багатую змястоўную гісторыю, здабыў свой непаўторны твар і ўласнае ўнікальнае месца ў сучаснай культуры.

капуснік, тэатр, Віцебск, Лялька, Каржанеўскі

Заключны эпізод тэатральнага капусніка. Фота Георгія Каржанеўскага