Site icon Витебский Курьер

Каму і дзе варта ўсталяваць помнік у Віцебску: меркаванні гісторыкаў

Асобы ў гісторыі нашага горада, годныя ўшанавання

«Які помнік патрэбны». Фотакалаж Сашы Май

Устаноўка помніка Александру Неўскаму і яго сям’і ў нашым горадзе выклікала вялікі рэзананс. Рэдакцыя «Віцебскага кур’ера» таксама неаднаразова звярталася да гэтай тэмы: мы расказвалі, як усталёўвалі помнік і адкрывалі яго падчас святкавання Дня горада, прыводзілі меркаванні грамадзян наконт неабходнасці яго ў Віцебску і думкі экспертаў-гісторыкаў на гэты конт. Тады ж і узнікла ідэя, падтрыманая нашымі чытачамі, што няблага было б падрыхтаваць артыкул, у якім разгледзець, каму б яшчэ варта было ўсталяваць помнік, памятны знак ці мемарыяльную шыльду ў Віцебску.

Але ў працэсе збору матэрыялу і размоў з вядомымі гісторыкамі, мастацтвазнаўцамі, грамадскімі дзеячамі, мастакамі, скульптарамі аказалася, што матэрыялу атрымліваецца занадта, бо кожны з апытаных мае сваё асабістае меркаванне, якое ў многім не супадае з іншымі. Таму было вырашана зрабіць цыкл матэрыялаў, прысвечаных гэтай тэме, каб, па-першае, даць магчымасць выказацца кожнаму, а па-другое, прапанаваць як мага больш інфармацыі нашым чытачам для абмеркавання.

І ў першым артыкуле мы  даём слова аўтарытэтным віцебскім навукоўцам, якія займаюцца вывучэннем гісторыі горада, – Анатолю Дулаву і Мікалаю Півавару.

Анатоль Дулаў падчас круглага стала «Вялікая Айчынная вайна. Пачатак». Фотаздымак Сашы Май

Анатоль Дулаў, гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт:

 Адразу скажу, што мае прапановы наўрад ці можна назваць арыгінальнымі. Некаторыя з іх выказваліся раней, асобныя нават спрабавалі рэалізаваць. На мой погляд, найперш варта ўрэшце ўсталяваць помнік легендарнай заснавальніцы Віцебска – княгіне Вользе. Размясціць яго можна было б або пры сутоцы Віцьбы і Дзвіны, або на правабярэжжы Дзвіны насупраць плошчы Тысячагоддзя. І нічога заганнага ва ўвекавечанні легенды насамрэч няма. Гэта нармалёвая еўрапейская традыцыя. Адзінае – трэба правесці новы конкурс, каб выбраць арыгінальны і высокамастацкі праект помніка.

Заслугоўвае ўшанавання і князь віцебскі і полацкі Васілька Святаславіч – унук Усяслава Чарадзея, брат прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Менавіта пры Васільку Віцебск умацаваўся ў якасці цэнтра ўдзельнага княства. Помнік князю можа размясціцца на рэштках былой Замкавай гары, скажам, насупраць тэатра «Лялька».

А тут, напрыклад, можна было б усталяваць помнік князю Васільку. Фота Сашы Май

Падаецца дарэчным усталяванне памятнага знака роду Агінскіх, якія ў XVII – XVIII стагоддзях мелі маёмасць у Віцебску і на Віцебшчыне (у тым ліку, у наваколлях горада), унеслі ўклад у гаспадарчае, культурнае і духоўнае развіццё края. Прыгадаю хаця б фундаванне Львом Самуэлем Агінскім і яго жонкай праваслаўнага Свята-Троіцкага Маркава манастыра ў XVII стагоддзі. Гэты знак трэба размясціць на месцы былой гарадской сядзібы Агінскіх ва усходняй частцы Ніжняга замка (амаль у пачатку сённяшняга праспекту Фрунзэ).

У цэнтры горада, на пачатку вуліцы Фрунзэ, можна было б змясціць памятны знак роду Агінскіх. Фота Сашы Май

Неабходна вярнуцца да ідэі стварэння паўнавартаснага помніка “летапісцу Віцебшчыны” Аляксею Сапунову. Яго можна паставіць там, дзе знаходзіўся дом Аляксея Парфёнавіча, – насупраць будынка былога жаночага епархіяльнага вучылішча (зараз – аблвыканкама).

У гэтым раёне няблага глядзеўся б помнік Аляксею Сапунову. Фота Сашы Май

Вартая ўшанавання і памяць пра віцебскага юрыста, краязнаўцу Уладзіміра Стукаліча. Менавіта гэты чалавек яшчэ ў 1903 г. выступіў на старонках друку з ініцыятывай стварэння ў Віцебску класічнага ўніверсітэта, якая была падтрымана мясцовай інтэлігенцыяй, органамі самакіравання, грамадскімі арганізацыямі. На жаль, такі ўніверсітэт з’явіўся ў нашым горадзе толькі праз 90 з лішкам гадоў. А памятны знак ці бюст Уладзіміру Казіміравічу можна размясціць каля ўваходу ў галоўны корпус ВДУ імя П.М. Машэрава (Маскоўскі праспект, 33).

Каля галоўнага корпуса ВДУ імя П.М. Машэрава дарэчным будзе помнік Клаўдзію Ціхаміраву. Фота Сашы Май

Варты ўшанавання і першы дырэктар першага ў Беларусі Віцебскага настаўніцкага інстытута, адчыненнага ў 1910 годзе,  педагог, краязнавец, чалавек, які стаяў ля вытокаў вышэйшай адукацыі ў Віцебску – Клаўдзій Ціхаміраў. Помнік яму будзе добра выглядаць каля сённяшняга галоўнага корпуса ВДУ імя П.М. Машэрава. Да таго ж, гэта дазволіць выправіць казус: з надпісам «К.И. Тихомиров» ля ўваходу ва ўніверсітэт зараз стаіць бюст аднаму з выкладчыкаў настаўніцкага інстытута – Мікалаю Зорыну, які таксама заслугоўвае памяці. Застанецца толькі выправіць надпіс і бюст гатовы.

Цікавосткай горада можа стаць помнік нашаму земляку, самаму высокаму чалавеку ў свеце – Фёдару Махнову. Прычым яго трэба ўсталяваць ва ўсходняй частцы плошчы Перамогі ў натуральную велічыню і без пастамента, каб людзі маглі памерыцца ростам з веліканам.

Безумоўна, мемарыяльнай шыльды заслугоўваюць гісторык і педагог Ніна Іванаўна Дарафеенка і яе муж, журналіст Мікалай Уладзіміравіч, – людзі, якія ў гады вайны змагаліся з нацызмам, а пасля – аднавілі праўдзівую гісторыю віцебскага падполля.

Мікалай Півавар. Фота Сашы Май

Мікалай Півавар, гісторык, краязнавец, кандыдат гістарычных навук, дацэнт:

Спачатку хацелася б прыгадаць выказванне вядомага віцебскага паэта Давіда Сімановіча, з якім я поўнасцю згодны:

«Горад без помнікаў – гэта горад без гісторыі».

На сённяшні момант у Віцебску, на маю думку, пакуль што мала адлюстравана гісторыя края і яго славутыя асобы. Таму хацелася б унесці некалькі прапаноў наконт таго, каму мусіць быць узведзены помнік у нашым горадзе.

У першую чаргу, я лічу, трэба ўсталяваць помнік княгіне Вользе. Пакідаючы ў баку дыскусію наконт таго, яна ці не заснавала горад, у 974 ці 947 годзе, адзначу толькі, што гістарычны міф, асабліва пацверджаны фактамі з пісьмовых крыніц, — неад’емная частка культуры города. Лагічна было б паставіць помнік княгіне там, дзе найбольш верагодна яна высадзілася, дзе заснавала горад. Найбольш арганічна гэта б глядзелася у тым месцы, дзе сёння стаіць помнік Пушкіну ці дзе паставілі помнік Аляксандру Неўскаму. Але гэтыя месцы ўжо, на жаль, занятыя…

Драўляная скульптура княгіне Вользе ў Задзвінні. Фота Сашы Май

Значную ролю ў станаўленні Віцебска як буйнога палітыка-адміністрацыйнага цэнтра адыграў князь полацкі і віцебскі Васілька (Васіль) Святаславіч. Пры яго княжанні ў 1130-1140-я гады пашыраецца плошча дзядзінца, узводзяцца моцныя фартыфікацыйныя дравесна-земляныя канструкцыі, будуюцца храмы: Дабравешчанская і Святой Параскевы Пятніцы цэрквы на вакольным горадзе і храм Святога Міхаіла на княжацкім дворышчы. Таму помнік князю, дарэчы, унуку Усяслава Чарадзея, я лічу, будзе дарэчы ў нашым горадзе. Мне бачыцца помнік каля Дабравешчанскай царквы, ці каля праектна-канструктарскага бюро па вулицы Замкавай (дзе і стаяў Верхні замак).

Сярод асоб ХІХ стагоддзя, памяць пра якіх трэба ўшанаваць, у першую чаргу, прыгадаю доктара Карла Іванавіча Гібенталя (Гюбенталя), які першым у Еўропе пачаў выкарыстоўваць гіпсавую павязку для лячэння пераломаў касцей. Амаль чвэрць века ён займаў пасаду інспектара Віцебскай губернскай урачэбнай управы, пасля адстаўкі застаўся жыць у Віцебску ў сваім маёнтку Тулава, займаўся медыцынскай дзейнасцю. Выступіў адным з арганізатараў і актыўных дзеячаў Беларускага вольнага эканамічнага таварыства. Дом яго быў у раёне вуліцы Талстога, дзе зараз «Мікалаеўскі хутарок», верагодна і помнік варта паставіць там.

Прыблізна на месцы «Хутарка» знаходзіўся дом Гібенталя, таму памятны знак варта ўстанавіць на вуліцы Талстога. Фота Сашы Май

Варты помніка і самы высокі чалавек у свеце  –  Фёдар Махноў, які нарадзіўся і жыў у Віцебскім павеце. Па звестках, яго рост складаў не менш за 265-285 сантыметраў. Усталяваць помнік можна ў цэнтры горада, на адной з вуліц, дзе захавалася архітэктура канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя: Суворава, Купалы, Талстога, Маякоўскага.

Помнік ці памятны знак трэба, на маю думку, усталяваць і Лазару Лагіну, аўтару казкі-аповесці “Стары Хатабыч”, які нарадзіўся ў 1903 годзе ў Віцебску. Верагодна, добра б глядзеўся помнік аўтару і казачнаму персанажу адразу – пісьменніку Лагіну і старому Хатабычу.

Сярод даследчыкаў гісторыі горада і Віцебшчыны помнікаў заслугоўваюць асобы Аляксея Сапунова і Аляксандра Семянтоўскага. Аляксей Парфёнавіч – буйнейшы даследчык гісторыі Віцебшчыны, яго асноўныя працы («Віцебская даўніна», «Рака Заходняя Дзвіна», «Статыстычны нарыс горада Віцебска») і сёння не страцілі сваёй актуальнасці. На маю думку, бюст Сапунова, які ўсталяваны ў галерэі перад ВДУ імя П.М. Машэрава не адлюстроўвае той ролі даследчыка, якую ён адыграў у вывучэнні гісторыі горада.  Адзін з дамоў, дзе пражываў вучоны, быў у раёне сучаснай вуліцы Гогаля. Там бы і паставіць помнік.

Наконт Аляксандра Семянтоўскага можна адзначыць, што ён першым пачаў вывучаць Віцебшчыну комплексна, а большая частка з яго 157 прац прысвечана нашаму гораду. Доўгі час Семянтоўскі быў кіраўніком Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта. Можа і помнік яму варта паставіць каля сучаснага камітэта ці на тым месцы, дзе ён знаходзіўся ў ХІХ стагоддзі.

Заслугоўвае помніка і адзін з першых віцебскіх натуралістаў   –  Андрэй Бялыніцкі-Біруля. На свае сродкі ён у вёсцы Каралёва Віцебскага павета арганізаваў метэралагічную станцыю, дзе праводзіў рэгулярныя назіранні. Мемарыяльная шыльда, на маю думку, была б дарэчы каля будынку абласнога камітэту экалогіі, ці метэралагічнай службы вобласці.

Як бачна, меркаванні гісторыкаў у многім супадаюць, але ёсць і пэўныя адрозненні.  І Анатоль Мікалаевіч і Мікалай Васільевіч згадваюць княгіню Вольгу, князя Васільку, Фёдара Махнова, Аляксея Сапунова, але ж прыводзяць і імёны іншых людзей, якія таксама пакінулі свой след у гісторыі горада і вартыя ўшанавання.

Мы запрашаем вас, паважаныя чытачы, да абмеркавання гэтага пытання і прапануем паўдзельнічаць у галасаванні, якое вы зможаце знайсці справа ўнізе на галоўнай старонцы нашага сайта. І, канешне, чакайце наступны артыкул, у якім мы запросім да размовы вядомых мастацтвазнаўцаў Віцебска.

Exit mobile version