Site icon Витебский Курьер

4 простыя прычыны, якія не адмаўляюць помніка Аляксандру Неўскаму і яго сям’і ў Віцебску

прафесійны каментарый да тэксту звароту супраць усталявання помніка. Якую гістарычную асобу, на думку гісторыка, трэба ўшанаваць у цэнтры горада

Анатоль Дулаў. Фота vlib.by

Нядаўна «Віцебскі кур’ер» і іншыя СМІ, у тым ліку тут.бай, пісалі аб тым, што адзін з жыхароў города – Андрусь Кешэнюк – збірае подпісы супраць усталявання у горадзе на Дзвіне помніка Аляксандру Неўскаму і яго сям’і і плануе падаць зварот у Віцебскі гарвыканкам.

Гэтая распаўсюджаная па сацыяльных сетках інфармацыя горача абмяркоўваецца як прыхільнікамі ўстаноўкі скульптуры, так і праціўнікамі.

 

Многа пытанняў выклікаюць і прыведзеныя аўтарам аргументы.

Каб разабрацца, дзе тут праўда, а дзе – выдумка, мы звярнуліся да загадчыка кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М. Машэрава, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Анатоля Дулава і папрасілі яго даць прафесійны каментарый да тэксту звароту Андруся Кешэнюка.

Вось што адзначыў Анатоль Мікалаевіч:

Прыемна, што ёсць у нашым горадзе людзі, нераўнадушныя да мінуўшчыны. Калі гэта, канешне, шчыры клопат, а не жаданне таннага піяру. На жаль, знаёмства з тэкстам звароту і каментарыямі да артыкула ў «Віцебскім кур’еры» дазваляюць меркаваць, што гістарычныя веды некаторых людзей патрабуюць удасканалення. 

Што датычыцца тэксту звароту, то давайце разгледзім яго па пунктах.

1. Так, паважаны аўтар заўважае, што Аляксандр Неўскі не звязаны з нашым горадам і, спасылаючыся на Наўгародскі першы летапіс, сцвярждае, што князь узначальваў аб’яднаннае наўгародска-цвярское войска і змагаўся супраць войска Міндоўга, у склад якога ўваходзілі ў тым ліку і віцябляне.

 Сувязь наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча з Віцебскам існуе, і гэтая сувязь, падобна як у пазнейшым выпадку з Альгердам, дынастычная (хіба што Аляксандру не было патрэбы займаць віцебскі княжацкі стол). Цесць Аляксандра полацкі князь Брачыслаў паходзіў з віцебскай галіны полацкіх Ізяславічаў (Рагвалодавічаў), валодаў таксама і Віцебскам. Не выпадкова ж сын князя гасцяваў у горадзе.

Прыведзеныя ў звароце «гістарычныя» звесткі, відавочна, плод аўтарскай фантазіі ў жанры фолк-хістары. Прынамсі, ў Наўгародскім першым летапісе, на які спасылаецца аўтар звароту, такой інфармацыі пад 6753 годам няма, у чым лёгка можа пераканацца ён сам і кожны зацікаўлены: lrc-lib.ru/rus_letopisi/Pictures/Novgorod/079.gif

Увогуле, сцвярджаць, што Міндоўг з Аляксандрам сутыкаліся на полі бітвы з наяўных крыніц не ўяўляецца магчымым. Затое вядома пра антыкрыжацкі саюз названых князёў, заключаны на пачатку 1260-х гадоў.

2. Аўтар сцвярджае, што ўсталяванне помніка праваслаўнаму святому Аляксандру Неўскаму «неабгрунтавана ўзвялічыць праваслаўную культуру». На мой погляд, лічыць што помнік усталёўваецца выключна Аляксандру Яраславічу і менавіта як праваслаўнаму святому – памылкова.

Як вядома, скульптурныя выявы святых – не праваслаўная традыцыя. Дарэчы, і кананізацыя князя, насуперак сцвярджэнню аўтара, адбылася яшчэ да ўзнікнення Маскоўскага патрыярхата. Пагаджуся: «Трэба з вялікай пашанай ставіцца да ўсіх культурных плыняў нашага гораду…» (цытуецца з захаваннем асаблівасцяў арыгінала). Але не бачу ў ідэі ўстаноўкі помніка «неабгрунтаванага ўзвелічэння» праваслаўнай культуры.

Урэшце, і стваральнікі Віцебскага летапісу, якія спавядалі ўніяцтва і пісалі па-польску, не палічылі заганным звярнуцца да гістарычных каранёў і прывесці легендарныя звесткі пра заснаванне Віцебска кіеўскай княгіняй Вольгай і пабудову ёю першых храмаў, натуральна, паводле ўсходняга абраду.

3. Андрусь Кешэнюк у сваім звароце, прыгадвае, што адмоўную ацэнку ўсталяванню помніка далі навукоўцы Аляксадр Груша і Мікалай Плавінскі. Вельмі паважаю шаноўных Аляксандра Іванавіча Грушу і Мікалая Аляксандравіча Плавінскага як высокакваліфікаваных спецыялістаў (праўда, з сённяшнімі пасадамі навукоўцаў аўтар памыліўся). Аляксандр Груша сапраўды некалькі гадоў таму не падтрымаў першапачатковую канцэпцыю помніка. А вось Мікалай Плавінскі, наколькі мне вядома, ідэю помніка ў Віцебску не адмаўляў, а як археолаг і спецыяліст па сярэднявечнай зброі выказаў заўвагі па праекце кампазіцыі.

Варта падкрэсліць: у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам помнікі вядомым гістарычным асобам усталёўваюцца толькі па ўзгадненні з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, як і было зроблена ў дадзеным выпадку.

4. І апошняе. Ідэя пра ўсталяванне помніка стваральнікам Віцебскага летапісу падаецца цікавай. Хаця аўтар звароту і паблытаў летапісанне сярэднявечных дзяржаў-княстваў з пазнейшым гарадскім, Віцебскі летапіс, безумоўна, дае нам падставы для гонару.

Але над прапановай помніка варта падумаць. Па-першае, стваральнікаў летапісу было не двое, як некаторыя ўпэўнены. Запісы на працягу XVII–XVIII стагоддзяў вялі Міхал Панцырны, Ян Чарноўскі, які працягнуў нататкі, пачатыя дзедам, Гаўрыла Аверка і яго сын Стафан, які і склаў у 1768 годзе твор, вядомы як Віцебскі летапіс (Dzieje miasta Witebska).

Пра названых мяшчан вядома зусім няшмат. Але наяўныя звесткі (Стафан Аверка быў жыхаром Узгор’я, а яго бацька займаў пасады ў магістраце) дазваляюць скарэктаваць прапанову ў частцы месца магчымага помніка.

Па-другое, што не менш важна, Міхал Панцырны, верагодна, памёр каля 1709 года, таму Стафан Аверка быў з ім папросту незнаёмы. У сувязі з гэтым, хацелася б пацікавіцца ў шаноўнага аўтара, як ён уяўляе сабе помнік Панцырнаму і Аверку.

Зыходзячы са сказанага вышэй, на мой погляд, лепшым ушанаваннем працы стваральнікаў Віцебскага летапісу стане ўсталяванне помніка легендарнай заснавальніцы нашага горада – княгіне Вользе».

Падрыхтоўка да ўсталявання помніка ідзе поўным ходам. Фота Сашы Май

Дарэчы, рэдакцыя «Віцебскага кур’ера» звязалася з Мікалаем Плавінскім, на якога спасылаецца ў сваім звароце Андрусь Кешэнюк, каб даведацца яго меркаванне на гэты конт. У адказ на наша пісьмо Мікалай Аляксандравіч напісаў:

Пачытаў артыкул у інтэрнэце і зварот грамадзян. З вялікай цікавасцю даведаўся, што даваў адмоўную ацэнку ўсталяванню гэтага помніка. Я гэтага не рабіў! Пэўны час таму я, як археолаг і гісторык зброі, па просьбе галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніса Юрчака пісаў заўвагі пра гістарычнасць вопраткі і ўзбраення Аляксандра Неўскага. Пра само ўсталяванне гэтага помніка размовы не ішло».

На плошчы вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля будучага помніка. Фота Сашы Май

Як стала вядома ўчора, Андрусь Кешэнюк сабраў 58 подпісаў, аднёс зварот у гарвыканкам і зараз чакае адказу. Мы будзем сачыць за сітуацыяй. А пакуль нагадваем, што адкрыццё помніка адбудзецца 24 чэрвеня падчас святкавання Дня горада.

Exit mobile version