Каб прэзентаваць сваю кнігу “Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг”.
19 лістапада віцяблян чакае цікавая сустрэча з гісторыкам, рэдактарам беларускай версіі сайта “Гістарычная праўда”, лаўрэатам прэміі імя Вацлава Ластоўскага (2014 год) за папулярызацыю ведаў па гісторыі Беларусі Ігарам Мельнікавым.
Ігар Вячаслававіч у 2002 годзе скончыў гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка, у 2005 – Варшаўскі ўніверсітэт, у 2011 – абараніў кандыдацкую дысертацыю ў БДУ. Займаецца вывучэннем гісторыі. Аўтар шматлікіх навуковых і публіцыстычных артыкулаў па гісторыі Беларусі, а таксама кніг ”Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941 гг” і “Мяжа ля Заслаўя 1921-1941гг”. Апошнюю ён і прыедзе прэзентаваць у горад на Дзвіне.
Кніга прысвечана гісторыі міжваеннага савецка-польскага памежжа пад Мінскам. Акрамя гэтага, з яе можна даведацца пра стварэнне савецкіх абарончых умацаванняў на мяжы з Польшчай пад Мінскам і ўз’яднанне заходнебеларускага рэгіёну з БССР у верасні 1939 года. Значная ўвага ў кнізе нададзена падзеям Другой сусветнай вайны і абарончым баям Чырвонай Арміі з верхмахтам у чэрвені 1941 года.
Сустрэча з гісторыкам адбудзецца 19 лістапада ў 17-00 у выставачнай зале УК “Музей” Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва” (вул. Белабародава, 5). Запрашаем усіх ахвотных!