Дыктоўку па беларускай мове з «Усмешкай» напісалі ў віцебскай абласной бібліятэцы

Культура

жадаючых падтрымаць міжнародную акцыю было няшмат, «але ўсё залежыць ад нас»

21 лютага мы святкавалі Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтая дата была абрана на Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА 17 лістапада 1999 года невыпадкова: менавіта 21 лютага 1952 года студэнты города Дака (сёння – сталіца Бангладэш) арганізавалі дэманстрацыю з патрабаваннем прызнаць бенгальскую мову дзяржаўнай, пяць студэнтаў тады загінула.

Для беларусаў «моўнае» пытанне таксама надзвычай актуальнае. На жаль, сёння рэдка можна сустрэць людзей, якія б размаўлялі на роднай мове. Няшмат віцяблян прыйшло і ў абласную бібліятэку 22 лютага, дзе, як і было запланавана, адбылося «Свята роднай мовы».

бібліятэка, свята мовы, імпрэза
Людзей, на жаль, на імпрэзе было няшмат. Фота Сашы Май

«Сёння мы чуем беларускую мову ў бібліятэцы, Беларускім тэатры «Лялька», Нацыяльным драматычным тэатры Якуба Коласа, а так хацелася б, каб яе можна было пачуць проста на вуліцах, – зазначыла загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі бібліятэкі  Ларыса Рагачова. – Але ўсё залежыць ад нас, таму чытайце самі па-беларуску, прывучайце да роднай мовы дзяцей і ўнукаў, каб з цягам часу беларуская мова заняла сваё пачэснае месца ў грамадстве».

бібліятэка, свята мовы, дыктоўка
Ларыса Рагачова павіншавала прысутных з днём роднай мовы. Фота Сашы Май

Імпрэза, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, пачалася з мастацкай часткі, падчас якой са сваімі творамі выступілі вядомыя ў Віцебску паэты Людміла Сіманёнак, Міхась Мірановіч і Мар’ян Даргель.

Дарэчы, Міхась Канстанцінавіч прачытаў свае вершы на трох мовах: беларускай, рускай і ўкраінскай і прапанаваў слухачам выбраць, на якой радкі гучаць лепш: у беларускамоўным варыянце першакрыніцы ці ў перакладах.

бібліятэка, свята мовы, дыктоўка
Са сваімі вершамі выступілі віцебскія творцы. Фота Сашы Май

А студэнткі філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава Крысціна Далідзёнак, Дар’я Андрыца і Лізавета Ежгурова прачыталі любімыя вершы беларускіх паэтаў.

бібліятэка, свята мовы, дыктоўка
Вершы беларускіх паэтаў чытаюць студэнты ВДУ імя П.М. Машэрава. Фота Сашы Май

Галоўнай падзеяй імпрэзы стала напісанне дыктоўкі. Як паведаміў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» Юрый Міхайлавіч Бабіч, агульнацыянальная дыктоўка па беларускай мове праводзіцца ўжо ў дзесяты раз, але ў абласной бібліятэцы адбываецца ўпершыню.

свята мовы, бібліятэка, дыктоўка, Бабіч
Юрый Бабіч. Фота Сашы Май

Быў абраны адзін з прапанаваных ТБМ тэкстаў – урывак з твора Янкі Брыля «Усмешка». А пасля заканчэння дыктоўкі кожны мог сам праверыць сябе і падлічыць колькасць памылак.

віцебск,бібліятэка, дыктоўка, свята мовы
Падчас дыктоўкі. Фота Сашы Май
свята мовы, бібліятэка, дыктоўка
Пасля дыктоўкі кожны мог сам праверыць сябе. Фота Сашы Май

Завяршыўся вечар музычным выступам Генадзя Емяльянава (гітара) і Аліны Таргунакавай (вакал).

дыктоўка, свята мовы
Музычнае завяршэнне імпрэзы. Фота Сашы Май

«Я лічу, што імпрэза атрымалася, – падагульніў Юрый Бабіч. – Мяркуючы па рэакцыі прысутных, ім таксама вечар прыйшоўся даспадобы. Адзінае: я разлічваў на большую колькасць людзей.  Сёння прыйшлі тыя, для каго беларускае слова – не пусты гук. Думаю, у наступным годзе мы зробім больш маштабную акцыю, прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы».

віцеьск, дыктоўка, свята мовы
Правяраем свае веды. Фота Сашы Май

Дарэчы, калі хто хоча праверыць сваё веданне беларускай мовы, але ў гэты дзень па пэўных абставінах не змог прысутнічаць у абласной бібліятэцы, можна прыйсці на імпрэзу «Праз дыялог моў – да душы, да сэрца», якая ўжо ў трэці раз будзе праходзіць на філалагічным факультэце ВДУ імя П.М. Машэрава 15 сакавіка.

А як гэта было ў мінулым годзе, глядзіце тут. 

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий