«Свята роднай мовы» ў абласной бібліятэцы

Анонсы

для таго, каб праверыць свае веды падчас дыктоўкі

Віцебская абласная бібліятэка рэгулярна ладзіць цікавыя мерапрыемствы. Напрыклад, два разы на месяц тут праходзяць курсы  «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя горада».

А ў гэты раз бібліятэка сумесна з Віцебскай абласной арганізацыяй ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» запрашае ўсіх ахвотных на «Свята роднай мовы».

Мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы, у агульнагарадскім маштабе пройдзе ўпершыню. Галоўнае месца ў імпрэзе будзе адведзена напісанню агульнай дыктоўкі па беларускай мове.

У мінулым годзе дыктоўку па беларускай мове пісалі на філфаку ВДУ імя П.М. Машэрава. Здымак Сашы Май
У мінулым годзе дыктоўку па беларускай мове пісалі на філфаку ВДУ імя П.М. Машэрава. Здымак Сашы Май

Як зазначыў старшыня абласной арганізацыі ТБМ Юрый Міхайлавіч Бабіч, тэкст для дыктоўкі ўжо абраны, і ён нескладаны.

«Мы не ставім сабе за мэту выявіць узровень пісьменнасці кожнага, хто будзе пісаць дыктоўку, – расказаў Юрый Міхайлавіч. – Наша задача іншая: абудзіць цікавасць да роднай беларускай мовы. Дзякуючы таму, што мерапрыемства будзе праходзіць у абласной бібліятэцы, мы можам запрасіць большую колькасць людзей. Па звестках, што маюцца на сённяшні дзень, на акцыю прыйдуць людзі рознага ўзросту і сацыяльнага статуса: студэнты, пенсіянеры, настаўнікі, тыя, хто працуе ў сферы культуры, і віцябляне, якія неабыякава ставяцца да роднага слова».

Падобнае мерарыемства праходзіла ў мінулым годзе на філалагічным факультэце ВДУ імя П.М. Машэрава. Яно насіла назву «Праз дыялог моў – да душы, да сэрца» і было прымеркавана да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Падчас акцыі праводзіліся дыктоўкі па рускай і беларускай мовах.

«У цэлым тады дыктоўку напісалі нядрэнна, – зазначыў Юрый Бабіч. – А самымі тыповымі памылкамі былі пунктуацыйныя, калі не вылучаліся пабочныя словы, а ўзмацняльная часціца «нават» аддзялялася знакамі прыпынку. Праблема была і ў напісанні канцавых частак слоў іншамоўнага паходжання кшталту камп’ютар. Гэта праблема сённяшняга дня – людзі ніяк не могуць гэта засвоіць. Што будзе зараз – паглядзім».

«Свята роднай мовы» пройдзе ў абласной бібліятэцы 22 лютага ў 17.30. Прыходзьце, калі ласка! 

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий

  1. ольга

    На сайте библиотеки – 21 февраля в 17.30. У кого неверная информация?

    Ответить