«Плебейскія гульні» Франца Сіўко

Культура

Адбылася прэзентацыя новай кнігі віцебскага празаіка

сіўко
Франц Сіўко прэзентуе сваю кнігу

Аматары беларускага слова сабраліся ўвечары 21 студзеня ў аддзеле краязнаўчай літаратуры Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна на творчую сустрэчу з віцебскім празаікам Францам Сіўко.

вечар
Падчас вечарыны

На літаратурнай вечарыне прысутнічала як моладзь, так і прадстаўнікі старэйшага пакалення, а таксама сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП): паэт Уладзімір Папковіч і старшыня віцебскай філіі аб’яднання Стася Наркевіч (Анастасія Пятроўна Лазебная). І гэта невыпадкова, бо Франц Іванавіч  – сябра СБП з 1993 года, а с 1999 па 2009 ён з’яўляўся старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення.

бібліятэка
Сяброўская атмасфера панавала на творчай вечарыне

Нарадзіўся празаік у Міёрскім раёне, скончыў філалагічны факультэт БДУ, выкладаў рускую мову і літаратуру у сярэдняй школе №2 г. Верхнядзвінска, а з 1980 года – у школах Віцебска. У свой час працаваў таксама ў Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі, у рэдакцыі газеты «Віцебскі рабочы», у Віцебскім дзяржаўным універсітэце (выкладаў беларускую мову), пры касцёле Езуса Міласэрнага, карэктарам у выдавецтве. Франц Сіўко з’яўляецца лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча. Пісьменніцкую дзейнасць сумяшчае з публіцыстычнай: артыкулы за подпісам Франца Іванавіча можна ўбачыць у «Нашай Ніве», «Новым часе», «Дзеяслове», каталіцкім часопісе «Аve Maria».

Першая кніга прозы літаратара «З чым прыйдзеш», прысвечаная памяці маці, убачыла свет у 1991 годзе, з таго часу Франц Сіўко выдаў яшчэ восем кніг, перакладзеных на рускую, балгарскую і асецінскую мову.

творчы вечар
Усе ўважліва слухалі празаіка

І вось нарэшце новая кніга – зборнік аповесцей «Плебейскія гульні» (2015 год), выдадзены ў кнігарні «Логвінаў», які стаў вынікам пяцігадовых творчых пошукаў празаіка. У зборнік увайшлі тры аповесці: «Дзве вясны дзяцей Прыяпа», «Цымант» і «Плебейскія гульні». Прычым, калі ўрыўкі з дзвюх апошніх аповесцей  з’яўляліся ў перыядычным друку, то «Дзве вясны дзяцей Прыяпа» апублікавана ўпершыню.

На творчай сустрэчы Франц Іванавіч не толькі расказаў пра аповесці, змешчаныя ў зборніку, але і прыгадаў пра сваё дзяцінства, малую радзіму, расказаў колькі цікавых выпадкаў з перыяду настаўніцкай і выкладчыцкай працы, а таксама прачытаў пару аўтарскіх  вершаў.

аўтограф
Напрыканцы сустрэчы кожны ахвотны мог набыць кнігу з аўтографам аўтара

«Я – прыхільнік літаратуры, у аснове якой ляжыць рэальнае жыццё, я не ўмею фантазіраваць, калі я апісваю нейкі пакой, то, гэта значыць, што ў гэты момант я ўяўляю нейкае канкрэтнае памяшканне, – прызнаўся Франц Сіўко. – Але, што самае цікавае, я не магу пісаць, калі ў мяне ў жыцці ўсе спакойна. Для творчасці павінен быць нейкі экстрым».

прэзентацыя
Стася Наркевіч, старшыня віцебскай філііі СБП, віншуе Франца Сіўко з выхадам новай кнігі і ўручае батык на памяць

Жадаем нашаму земляку ўдачы і віншуем з выхадам новай кнігі!

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий

  1. damba23

    У якой краме магчыма набыць?

    Ответить
    1. У кнігарні “Логвінаў” у Мінску, ці непасрэдна ў Франца Іванавіча.

      Ответить