Рэнесансная царква пад мурамі былых саляных складоў у Віцебску

витебск, задвинье, соляныя склады История

што хаваецца пад помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя

З дапамогай Віктара Барысенкава і яго шыкоўных фотапраекцый «Віцебскі кур’ер» неаднаразова расказваў пра храмы, якія калісьці існавалі на тэрыторыі нашага горада. Не так даўно мы прыводзілі цікавыя факты пра касцёл святога Антонія, разам успаміналі праваслаўныя цэрквы, страчаныя ў пасляваенныя гады і ўзгадвалі пра храм, што знаходзіўся на Духаўской гары.

А сёння прапануем даведацца пра Стрэчанскую царкву, звестак пра якую амаль не захавалася.

Знаходзіўся храм у Задзвінні, на месцы аднаго з карпусоў былых саляных складоў – помніка архітэктуры XVIII стагоддзя.

витебск, задвинье, соляныя склады
Былыя саляные склады ў Задзвінні. Фота Сашы Май
витебск, задвинье, соляныя склады
Саляныя склады – помнік архітэктуры. Фота Сашы Май

Знайшоў падмуркі невядомай да таго часу культавай забудовы ў 1990-х гадах мінулага стагоддзя археолаг Ігар Цішкін.

«Перад тым, як павіны былі пачацца рэстаўрацыйныя работы на тэрыторыі забудовы саляных складоў, мне давялося весці там археалагічныя даследаванні, – расказаў Ігар Цішкін. – Тады я і знайшоў падмуркі рэнесенскай царквы. На той час гэта стала археалагічнай сенсацыяй, бо пра існаванне храма ў гэтым месцы ніхто не ведаў».

Па меркаванні Ігара Цішкіна, царква была пабудавана на пачатку XVII стагоддзя. Была яна невялікая па памеры. Археолагу ўдалося знайсці ўсе чатыры вуглы асноўнай часткі храма, зрабіць абмеры. Так, было вызначана, што даўжыня будынка царквы складала 18,6 метраў (разам з апсідай), а шырыня асноўнага аб’ёма – 12 метраў.

віцебск, археолаг, Ігар Цішкін
Ігар Цішкін. Фота Сашы Май

Падмурак храма знаходзіўся амаль упоперак корпуса былых саляных складоў. Як размяшчаліся падмуркі Стрэчанскай царквы, можна ўявіць і сёння, калі пабываць на тэрыторыі Задзвіння.

У выставачнай зале пазначана, дзе знаходзілася асноўная частка храма, а на вуліцы перад корпусам былых саляных складоў тратуарнай пліткай чырвонага колеру выкладзена апсідная частка і прадэманстравана таўшчыня сцен.

витебск, задвинье, соляныя склады
Фундамент царквы пазначаны пліткай іншага колеру. Фота Сашы Май
витебск, задвинье, соляныя склады
Як размяшчалася апсіда храма можна ўявіць і сёння. Фота Сашы Май

«Думаю, Стрэчанская царква праіснавала нядоўга, – разважае Ігар Цішкін. – Яна магла быць пашкоджана падчас аблогі Віцебска рускімі войскамі ў 1654 годзе».

Ігар Цішкін лічыць, што, магчыма, царкву маглі выкарыстоўваць як вогненную кропку, з якой абстрэльвалі Ніжні замак праз Дзвіну. У выніку культавае збудаванне было значна пашкоджана, а парафія перастала існаваць.

Па словах археолага, краязнаўцу Людміле Хмяльніцкай удалося адшукаць у архівах звесткі, што ў канцы XVIII стагоддзя рэшткі Стрэчанскай царквы разабралі, а частку цэглы выкарысталі пры будаўніцтве саляных складоў.

витебск, задвинье, соляныя склады
Пазначанае месца фундамента царквы. Фота Сашы Май
витебск, задвинье, соляныя склады
Калісьці на месцы саляных складоў знаходзілася царква. Фота Сашы Май

Падчас археалагічных раскопак Ігарам Цішкіным былі знойдзены некалькі фрагментаў кафлі і рэшткі пахаванняў. Відавочна, каля царквы знаходзіліся могілкі.

«Дакладна можна сцвярджаць толькі тое, што мураваная царква на гэтым месцы пэўны час існавала. Як яна выглядала, мы можам толькі ўяўляць, – расказаў Ігар Цішкін. – Мяркую, па аналогіі з тагачаснымі храмамі яна была пабудавана ў стылі Рэнесансу».

А інтэрв’ю Ігара Цішкіна пра Віцебскае гісторыка-культурнае аб’яднанне «Узгор’е», адным з арганізатараў якога ён з’яўляўся, можна паглядзець тут.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий