Выратаванне Пакроўскай царквы і стары Віцебск у крамах, але ж хто тады ведаў, што прыйдзе 1994 год

віцебск, археолаг, Ігар Цішкін История

і чаму на месцы Уваскрасенскай царквы і Успенскага сабора не засталося анічога з таго, да чаго дакраналіся рукі нашых продкаў

Нядаўно пайшоў з жыцця краязнаўца Алег Куржалаў. Калі мы рыхтавалі артыкул пра гэтага чалавека і збіралі ўспаміны людзей, хто быў знаёмы з ім асабіста, то даведаліся, што Алег Васільевіч з’яўляўся актыўным удзельнікам Віцебскага гісторыка-культурнага аб’яднання «Узгор’е». Прачытаць пра гэта можна тут.

Было вырашана рдаведацца пра «Узгор’е» падрабязней і для гэтага сустрэліся з археологам Ігарам Цішкіным, які стаяў ля вытокаў клуба.

віцебск, археолаг, Ігар Цішкін
Ігар Цішкін. Фота Сашы Май

«Галоўнай мэтай нашага аб’яднання стала абарона архітэктурнай спадчыны і папулярызыцыя гісторыі Віцебска, – расказаў Ігар Цішкін. – Знішчэнне помнікаў архітэктуры ў нашым горадзе пачалося яшчэ да вайны і прадоўжылася пасля яе. Калі ўзяць расійскія гарады, той жа Пскоў ці Ноўгарад, то там наадварот, рабілася ўсё, каб захаваць тое, што засталося. У нас жа гісторыя знікала на нашых вачах. А галоўным штуршком для згуртавання інтэлігенцыі стала падрыхтоўка да зносу руінаў Пакроўскай царквы, матывуючы гэта тым, што трэба пашыраць вуліцу».

Ігар успомніў, што Алег Куржалаў, які тады займаў пасаду адказнага сакратара Кастрычніцкага раённага савета таварыства аховы помнікаў, пачаў збіраць подпісы супраць знішчэння культавага будынку. Паступова каля Куржалава пачалі гуртавацца аднадумцы. Гэта былі людзі розных прафесій, поглядаў і ўзросту, але іх аб’ядноўвала жаданне захаваць гістарычную спадчыну.

Ля вытокаў «Узгор’я» побач з Ігарам Цішкіным і Алегам Куржалавым былі краязнаўца і медык па адукацыі Міхась Паўлаў, электрык Сяргей Цярэнцьеў, выкладчык ВДТУ Валянцін Арлоў, мастак Алесь Мемус, краязнаўца Людміла Хмяльніцкая і іншыя.

витебск, свято-покровский собор
Свята-Пакроўскі кафедральны сабор. Фота Сашы Май

Разумеючы, што патрэбны больш рашучыя дзеянні, удзельнікі «Узгор’я» пачалі арганізоўваць суботнікі на тэрыторыі Пакроўскай царквы. Знайшлі рыдлёўкі, насілкі і выносілі смецце з будынка. Узгорцы запрашалі далучацца ўсіх віцяблянаў,  многія прыходзілі: хтосьці – адзін раз, а хтосьці –  кожную суботу. Паралельна архітэктары з Віцебскграмадзянпраекта падрыхтавалі эскізны праект рэстаўрацыі помніка архітэктуры. Тады нават і не спадзяваліся, што можна аднавіць царкву, збіраліся зрабіць тут канцэртную залу і хоць такім чынам захаваць помнік. Гатовы эскіз выстаўлялі тут жа падчас суботнікаў, каб людзі бачылі не толькі руіны, але і тое, што з імі можна зрабіць.

«Гэта па сённяшніх мерках нашыя суботнікі, напэўна, кваліфікавалі б як пікет, – разважае Ігар Цішкін. – А ў тыя часы не было забароны збірацца больш чым утрох. Улады былі ў разгубленасці, не ведалі, што з намі рабіць. Мы ж нікому не перашкаджалі, не парушалі пакой, не пілі, а проста працавалі».

Паступова быў арганізаваны вываз смецця з тэрыторыі царквы, і ўзрыўчатка так і не была закладзена ў загаддзя падрыхтаваныя шурфы па перыметру будынка.

свято-покровский собор
Свята-Пакроўскі сабор. Фота Сашы Май

Узгорцы займаліся не толькі выратаваннем Пакроўскай царквы, але і знаёмілі жыхароў Віцебска з тысячагадовай гісторыяй горада. У гарадскім цэнтры культуры быў прызначаны дзень, калі ўдзельнікі «Узгор’я» праводзілі лекцыі, арганізоўвалі сустрэчы з цікавымі людзьмі – навукоўцамі, паэтамі, пісьменнікамі, краязнаўцамі, абмяркоўвалі артыкулы і тым самым прапагандавалі духоўную, культурную і гістарычную спадчыну роднага горада.

Акрамя таго, сваімі сіламі ўзгорцы рабілі фотавыставы. Планшэты, на якіх можна было пабачыць, як выглядаў той ці іншы будынак у канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя і як ён выглядае сёння, выстаўлялі ў вітрынах крамаў. Прычым, па словах Ігара Цішкіна, загадчыкі крамаў заўсёды згаджаліся размясціць фотаздымкі.

Часцей за усё імправізаваныя выставы можна было пабачыць у вітрынах «Тысячы дробязяў» на Маскоўскім праспекце і ў вокнах рэстарана «Аўрора» на вуліцы Леніна.

Дарэчы, назва «Узгор’е» для віцебскага клуба была абрана невыпадкова, а ў гонар самага маладога Віцебскага замка, на тэрыторыі якога хоць часткова захавалася гістарычная пабудова. Падобныя згуртаванні існавалі ў многіх беларускіх гарадах: «Талака» – у Мінску, «Паходня» – у Гародні, «Повязь» – у Оршы і іншыя.

«Памятаю крытычны  артыкул у адной з партыйных газет, дзе нашыя таварыствы назвалі «пенай на хвалі перабудовы». Вось так мы і «пеніліся», але спадчыну ўратавалі», – смяецца Ігар.

Прыйшлося папрацаваць узгорцам і ў касцёле святой Барбары. Там ужо размова не ішла пра знішчэнне будынка, але трэба было падрыхтаваць яго да рэстаўрацыі. Сябры «Узгор’я» выконвалі на тэрыторыі касцёла некваліфікаваную працу – выносілі смецце, каб рэстаўратары маглі прыступіць да справы.

витебск, костел варвары
Касцёл Святой Барбары. Фота Сашы Май

«Наша таварыства праіснавала нядоўга: з 1986 года да пачатку 90-х гадоў, – расказаў Ігар Цішкін. – На той момант мы вырашылі, что выканалі сваю гістарычную задачу – абудзілі цікавасць мясцовых жыхароў да гісторыі і збераглі колькі архітэктурных помнікаў. Там больш, што тады з’явіліся прафесійныя рэстаўрацыйныя майстэрні і арганізацыі, што займаліся аховай спадчыны, і нам ужо амаль не было чаго рабіць. Гэта зараз я разумею, як мы памыляліся, але ж хто тады ведаў, што прыйдзе 1994 год».

віцебск, археолаг, Ігар Цішкін
Ігар Цішкін. Фота Сашы Май

Сёння падобнае аб’яднанне стварыць немагчыма, упэўнены археолаг, не тыя рэаліі. Па-першае, узгорцы працавалі на чыстым энтузіазме, калі патрэбны былі грошы, то даставалі іх з асабістай кішэні. А, па-другое, ніхто б і не дазволіў вось так згуртавацца, адразу б пачаліся падазрэнні і пошук нейкай крамолы.

«Канешне, аб’ектыўна нашу дзейнасць будуць ацэньваць нашчадкі, – заўважыў Ігар Цішкін. – Але маё суб’ектыўнае меркаванне: мы зрабілі нямала, больш за нас не зрабіў ніхто. І няхай зараз лічацца, што з’яўленне Уваскрасенскай царквы і Успенскага сабора – заслуга ўладаў. Зразумела, яны далі на гэта грошы, але ідэі і тэндэнцыі да аднаўлення помнікаў архітэктуры заклалі менавіта ўзгорцы».

Дарэчы, да Уваскрасенскай царквы і Успенскага сабора ў археолага сваё асабістае стаўленне. Ён прызнаецца, што нават стараецца не глядзець у той бок, бо лічыць гэтыя будынкі «актам культурнага вандалізму».

витебск, воскресенская церковь
Уваскрасенская царква. Фота Сашы Май

«Ва ўсім цывілізаваным свеце прынята лічыць падмуркі неад’емнай часткай будынка, і калі яны захаваліся да нашых дзён, то на іх аснове і павінна аднаўляцца збудаванне, – расказаў Ігар Цішкін. – Я сам удзельнічаў у раскопках падмуркаў Уваскрасенскай царквы, знайшоў і частку падмуркаў сабора. А нашыя ўлады знішчылі іх, зрабілі катлаван, новыя падмуркі і на іх паставілі макеты царквы і сабора ў натуральную велічыню. Па-іншаму я гэта назваць не магу. Там не засталося анічога з таго, да чаго дакраналіся рукі нашых продкаў».

свято-успенский собор. витебск
Свята-Успенскі кафедральны сабор. Фота Сашы Май

А цікавыя факты пра Успенскі сабор у Віцебску можна прачытаць тут.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий