Мастацкае візіянерства Уладзіміра Вітко

Да выхаду новай кнігі Уладзіміра Вітко «Лёс мастацтва» і адкрыцця яго персанальнай выставы 20 снежня ў Віцебскай абласной бібліятэкі прапануем увазе чытачоў наш атрыкул аб творцы.

Уладзімір Витко

Уладзімір Вітко

Як адзначаюць журналісты і мастацкія крытыкі, не злічыць жанраў, у якіх працуе Уладзімір Вітко. З большага тлумачыцца гэта тым, што мастак пазбягае творчых паўтораў і заўсёды знаходзіцца ў пошуках новага, раней нязведанага. Але, верагодна, тут праяўляецца таксама імкненне быць няўлоўным для любых сацыяльных ідэнтыфікацый і захоўваць унутраную свабоду. Творчая разнастайнасць дазваляе дыстанцыравацца ад уплыву сацыяльнага асяроддзя, якое можа зняволіць, пры гэтым Уладзімір Вітко не самаўхіляецца ад жыцця грамадства. У шэрагу сваіх прац мастак праяўляе якасці выдатнага сацыяльнага крытыка. Ён у найбольш вобразных, абагульненых рысах дэманструе дэструктыўныя праявы сучаснага глабальнага соцыуму.

Уладзімір Вітко. Мы

Крытыка актуальнага соцыуму ў карцінах мастака набывае містычныя характарыстыкі, спалучаныя з велізарнай вобразнай глыбінёй яго твораў. У гэтым дачыненні зусім нездарма Уладзіміра Вітко можна назваць візіянерам ад мастацтва. Паняцце «візіянер” паходзіць ад лацінскага «visio», што азначае «бачанне». Маецца на ўвазе зусім асаблівае, духоўнае бачанне, а самога ўладальніка такого дару называюць «духаўзіральнікам». Ён можа пранікаць у самую сутнасць сацыяльных з’яў і бачыць ў іх несумненную архетыпічную выснову. Мяркуецца, што за рэчамі і з’явамі свету, у якім мы жывём, знаходзяцца першаўзоры, і іх адлюстраванне складае вышэйшы ўзровень мастацкай творчасці. Калі адлюстроўваецца анталагічны пазітыў, такое мастацтва будзе напаўторна гарманічнае і радаснае. Аднак, можна адлюстроўваць негатыўны выварат быцця, несумненна варожы для чалавечага існавання, тым не менш, неад’емна ўласцівы сацыяльнаму жыццю людзей.

Графіка Уладзіміра Вітко

Графіка Уладзіміра Вітко

Шэраг карцін Уладзіміра Вітко якраз з’яўляецца выразам цёмнага боку соцыуму і мае грозны і папераджальны характар. Гэты шэраг твораў выкрывае яго гвалтоўнасць, прышчэпленую да ўплыву, які пераўзыходзіць чалавечы план быцця. Тут можна падкрэсліць, што такія карціны набываюць несумненна рэлігійны характар. Але візіянер заўсёды адрозніваўся ад чалавека рэлігіі, у гэтым яго падабенства з сучасным мастаком. Калі чалавек рэлігіі заўсёды строга кіруецца канонамі думкі і паводзін, якія склаліся гістарычна, то візіянер, абапіраючыся на духоўны вопыт папярэднікаў, прынцыпова вольны. Ён выходзіць за межы дазволенага і становіцца вольным містыкам і вешчуном.

Уладзімір Вітко. Сусвет

Уладзімір Вітко. Сусвет

Такога роду мастацкую творчасць, у якіх бы відах і жанрах яна ні выяўлялася, у сучасным свеце называюць «фантастычным рэалізмам». Цікава адзначыць, што ў актуальнай прасторы Віцебскай мастацкай школы існуе дастатковая колькасць яркіх прадстаўнікоў гэтага кірунку. І ўсе яны вельмі своеасаблівыя. Так, напрыклад, Мікалай Дундзін з’яўляецца свайго роду «візіянерам-падарожнікам», які ідзе «шляхам Высокай Прыгоды», што раскрывае таямніцы розных планаў светабудовы. Алег Захарэвіч паўстае «сузіральным візіянерам», паэтыка яго карцін неаддзельная ад пільнага ўглядвання ў месяцовы свет быцця. Дзмітрый Сухінін – гэта «касмічны візіянер», яго ўніверсалісцкі погляд на сусвет спалучаны з дачыненнем да духоўна-інтэгратыўных вучэнняў, сярод якіх вылучаюцца талтэкі і шаманізм. Вікенцій Ральцэвіч – «эзатэрычны візіянер», яго творчасць неаддзельна ад глыбокай цэльнасці і нонканфармісцкага складу яго асобы, непаўторнай праніклівасці і дотыку да самых глыбінных высноваў жыцця як стыхійнага працэсу.

Наталля. Салаўёва, Уладзімір Вітко, Вячаслаў Шамшур

Наталля. Салаўёва, Уладзімір Вітко, Вячаслаў Шамшур

А вось Уладзіміра Вітко мы можам назваць «візіянерам глабальнага соцыуму». У справядлівасці такой характарыстыкі можна было пераканацца на выставах у Віцебскім мастацкім музеі і Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва ў 2013 годзе, прымеркаваных да 80-гадовага юбілею мастака. Наведвальнікі маглі ўбачыць карціны, многія з якіх пераварочвалі як штодзённае ўяўленне пра самога мастака, так і пра становішча спраў у актуальным чалавечым грамадстве ў цэлым.

Уладзімір Вітко. Падзенне

Уладзімір Вітко. Падзенне

Адзначым, што шэраг карцін Уладзіміра Вітко прысвечана непасрэдна Вялікай Айчыннай вайне – тэма для беларускага выяўленчага мастацтва неад’емная. Аднак мастак выказвае яе па-за намёку на якую-небудзь знешнюю ура-патрыятычную інтанацыю, ён напружана ўглядаецца ў тэму вайны і яе наступстваў, прыходзячы да найбольш глыбокіх абагульненняў. Так, карціна «Памяць аб вязнях» з сімволікай «усёвідушчага вока» ў яе верхняй частцы і чалавечымі постацямі, што лунаюць вакол яго, а таксама выявай абагульненай канструкцыі, перадае тэму гвалту ў сукупнасці. Гэта не толькі фашысцкі канцлагер, але і ГУЛАГ, вобразны выраз усіх формаў жорсткага сацыяльнага прымусу.

Уладзімір Вітко

Уладзімір Вітко

Шмат якім з сацыяльна-крытычных карцін Уладзіміра Вітко ўласціва ўніверсальная сімволіка «па-за прасторы і часу», і тут мы можам ужо ісці не ад прыватнага да агульнага, як у «Памяці аб вязнях», але ад агульнага да прыватнага. Паламанае «Чырвонае кола» на трывожным фоне, якому мастак надаў бачнасць шалёнай бесперапыннай дынамікі, паказвае жахлівае разбурэнне сувязі з натуральнымі крыніцамі існавання. Так сацыяльныя катаклізмы руйнуюць «кола года», «кола жыцця», знішчаючы гармонію індывідуальнага космасу кожнага ў таталітарнай дзяржаве. А карціна «Пакаранне» з галавой быка і сімвалічнай чырвонай чалавечай фігурай, якая быццам нанізваецца на бычыныя рогі, развейвае ўсе ілюзіі этатызму. Бык-фізіякрат, хтанічная істота, што належыць да яркіх вобразаў палітычнага еўразійства, атрымлівае манбланы ахвяр у выглядзе сляпых прыхільнікаў таталітарных ідэалогій. Карціна «Падзенне» паказвае несуцяшальны вынік прыхільнасці ўсёй сукупнасці сацыяльных фантазмаў: абрыс труны і безаблічнай чалавечай фігуры, якая падае на самае метафізічнае Дно.

Уладзімір Вітко. Пакаранне

Уладзімір Вітко. Пакаранне

Нават некаторыя з карцін маюць, здавалася б, пазітыўны змест, але праз спецыфічны выраз гэтага пазітыву нясуць іншы, дадатковы, зусім кантрасны сэнс. Карціна «Энэргія» прадстаўляе выраз сукупнасці юпітэрыянскіх – царскіх, экспансіўных, і сатурніанскіх – умацоўваючых і крысталізуючых аспектаў сацыяльнага быцця. Аднак празмернасць пякучага Сонца ў злучэнні з грувасткімі і безжыццёвымі энергетычнымі ўстаноўкамі паказвае нам рэальнасць празмернай уцягнутасці ў працэс дзейнасці і непазбежнасці анталагічнага адчужэння, што адбываецца ў гэтай уцягнутасці.

На адкрыцці выставы Уладзіміра Вітко ў Віцебскай абласной бібліятэкі

На адкрыцці выставы Уладзіміра Вітко ў Віцебскай абласной бібліятэкі

Калі містычны візіён Уладзіміра Вітко, які выказаўся ў яго карцінах, мае характар выкрыцця ўсіх праблем сацыяльнай абумоўленасці, то зразумела, што яго творы не з’яўляюцца анархічнымі і разбыральнымі для грамадства самі па сабе, але маюць падкрэлены сацыяльны сэнс. Адсюль адна з характарыстык творчасці мастака: місія папярэджання, раскрыццё наступстваў усіх негатыўных магчымасцей, якія тоіць у сабе глабальны соцыум, выкрыццё каранёў чалавечага і метафізічнага зла. У гэтых адносінах Уладзімір Вітко дае творчы адказ на глабальныя праблемы сучаснага свету, выконваючы духоўную місію, ускладзеную на творчую інтэлігенцыю.

Уладзімір Вітко. Без пары пайшоўшыя

Уладзімір Вітко. Без пары пайшоўшыя