Новы год – разам з БАЖ!

Культура

Уручэнне ўзнагарод, новыя праекты, вясёлы і шчадралюбны Дзед Мароз, а таксама прэзентацыя фільма пра паэта і журналіста Георгія Станкевіча – аб ўсім гэтым ў святочным артыкуле.

На сходзе Віцебскай філіі БАЖ
На сходзе Віцебскай філіі БАЖ

У папярэднім артыкуле мы пісалі аб узнагароджанні Віцебскай філіі Грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” дыпломам за перамогу ў конкурсе сярод рэгіянальных суполак. Каардынатар Віцебскай філіі Алёна Сцяпанава ўручыла на навагоднім сходзе копіі з гэтага дыплома журналістам, якія вызначыліся найбольш і не проста выдатна выконвалі сваю прафесійную працу, але і прымалі ўдзел у розных грамадска значных акцыях БАЖ, як, напрыклад, экалагічных. Быў адзначаны і «Віцебскі кур’ер» за артыкулы, прымеркаваныя да 20-годдзя Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Рэдактар "Віцебскага кур'ера" Вольга Радзюк з узнагародай
Рэдактар “Віцебскага кур’ера” Вольга Радзюк з узнагародай

Пасля ўрачыстага ўручэння ўзнагарод адбылося абмеркаванне новых праектаў і планаў дзейнасці на 2016 год. Так, з пачатку ўжо гэтага года стартуе кампанія «І смешна, і крыўдна». Яе ідэя, што называецца, «лунае ў паветры». Гэта «і смешнае, і крыўднае» жыхары ўсёй Беларусi бачаць кожны дзень. Так званыя спробы «ўпрыгожыць» населеныя пункты часта абгортваюцца кур’ёзам з прычыны сумнеўнага эстэтычнага густу «ўпрыгожвальнікаў», ды і варварскага стаўлення да элементаў дэкаратыўнага ўбрання з боку саміх жыхароў. Кампанія павінна ў выніку прадставіць маштаб ўсіх гэтых непаразуменняў, каб зразумець, што рабіць. Так што сцеражыцеся, нядбайныя і пазбаўленыя густу «ўпрыгожвальнікі»!..

Абмеркаванне новых праектаў Віцебскай філіі БАЖ
Абмеркаванне новых праектаў Віцебскай філіі БАЖ

Ну і які ж Новы год без Дзеда Мароза?.. Гэты сакральны персанаж каляндарнага цыклу наведаў сябраў Віцебскай філіі «Беларускай асацыяцыі журналістаў» і, вядома ж, паспрыяў ўсведамленню святочнасці падзеі.

Віншаванні каардынатару Віцебскай філіі БАЖ Алёне Сцяпанавай
Віншаванні каардынатару Віцебскай філіі БАЖ Алёне Сцяпанавай

Яго весялосць, добразычлівасць і шчадралюбнасць не ведалі межаў, і ён ахвотна фатаграфаваўся з сябрамі БАЖ.

Спагадлівы і шчадралюбны Дзед Мароз
Спагадлівы і шчадралюбны Дзед Мароз

І без індывідуальных здымкаў Дзеда Мароза на фоне начнога мегаполіса таксама не абышлося.

Дзед Мароз на фоне начнога мегаполіса
Дзед Мароз на фоне начнога мегаполіса

Значнай падзеяй стала прэзентацыя дакументальнага фільма Алёны Сцяпанавай і Аляксандра Зянкова пра паэта, барда, журналіста Георгія Станкевіча, які з’яўляецца сябрам БАЖ. Сам віноўнік гэтай падзеі таксама прысутнічаў на сходзе Віцебскай філіі. У фільме распавядаецца пра лёс героя, працаўніка на сваёй зямлі, які ў сваёй дзейнасці сапраўды ўніверсальны. Ён з’яўляецца і фермерам, і выкладчыкам нямецкай мовы, піша вершы і выдае ўласную газету, дзе сумленна кажа аб становішчы спраў у нашай краіне. Фільм называецца «Я лічу, што я шчаслівы» і ўяўляе сабой споведзь свядомага беларуса.

Георгій Станкевіч
Георгій Станкевіч

Георгій Станкевіч таксама выконваў свае песні і не толькі свае. Ён вядомы і як перакладчык Уладзіміра Высоцкага, песні якога былі вельмі запатрабаваныя аўдыторыяй і гучалі на беларускай мове абсалютна арганічна. А ў канцы сходу Георгій Станкевіч падпісаў калегам свой новы зборнік вершаў і перакладаў «Зорны воз». Мы прывядзем праграмны верш «Жыву», які сведчыць аб яго самасвядомасці як беларуса, ў завяршэнні нашага артыкула:

Я жыву

на скрыжаванні ўчора і сёння,

паміж рэчкай і небам,

сярод пчол і дзьмухаўцоў.

 

Устаю з пошчакам салаўіным,

мыюся пад салодкім дажджом бярозавіку,

працую за камп’ютарам,

адпачываю за цяжкай сялянскай працай.

 

Здзіўляюся нахабнасцю шпачынай

і бездапаможнасці вераб’інай.

Захапляюся ластаўчынай імклівасцю,

пацяшаюся с чалавечай хцівасці.

 

П’ю кволенькі пах пералесак,

забаўляюся курнёю кацінай,

успамінаю сваіх сяброў,

сню даўно забытыя сны.

Адным словам, жыву…

Георгій Станкевіч падпісвае сваю кнігу "Зорны воз"
Георгій Станкевіч падпісвае сваю кнігу “Зорны воз”
Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий