Уладзімір Някляеў апублікаваў верш «Калыханка» памяці Генадзя Бураўкіна

Беларусь

«Пяць гадоў няма Генадзя Бураўкіна… Жыццё, прысутнасць Бураўкіна-паэта, Бураўкіна-сябра была падарункам лёсу. Святам. І я ўдзячны Богу за гэты святочны падарунак…»

Пяць гадоў няма Генадзя Бураўкіна. І не будзе ўжо ўсё, якое засталося мне быць у свеце, жыццё. Не страшная смерць. Страшная вечная адсутнасць. Не ведаю, што ў ёй. Можа быць, нічога. Але ў тым, што жыццё, прысутнасць Бураўкіна-паэта, Бураўкіна-сябра была падарункам лёсу. Святам. І я ўдзячны Богу за гэты святочны падарунак, – напісаў у сваім Фэйсбуку Уладзімір Некляеў і апублікаваў верш «Калыханка» памяці Генадзя Бураўкіна.

Уладзімір Някляеў апублікаваў верш «Калыханка» памяці Генадзя Бураўкіна
Фото з Фэйсбуку Уладзіміра Некляева

Па маёй ці тваёй,
не па нечай – па нашай віне
Беларусь, як чужая, у крэўнай сваёй старане.
І калі памірае праз роспач і скруху паэт,
Ён не той пакідае, у якім нарадзіўся, сусвет.

Той сусвет быў Айчынай. Калыскай ягонаю быў.
Ён паэта люляў, малаком белай мовы паіў,
Баіў байкі яму –
Там у кожным паэтавым сне
Бай хадзіў па сцяне
У чырвонам сваім каптане…

Баю-бай, баю-бай. Спяць, раскінуўшы рукі, сыны.
Сняцца некаму рускія, некаму польскія сны.
А каму беларускія – той прачынаецца ў снах
І крычыць! І не чуе! Не бачыць! Бо прывід! Бо жах!

Спіце, воі. Мужчыны. Далёка яшчэ да відна.
Вы праспалі Айчыну! І ў снах беларускіх яна
Не Пагоняй ляціць, а ваўчыцай на бруху паўзе
І сама сабе лапу, каб вырвацца з пасткі, грызе.

Баю-бай, баю-бай. Спіце, дзеткі, бяспамятным сном.
Маладыя ваўкі! Піце матчыну кроў з малаком!..
Даганяйце па следзе, што ў кожным паэтавым сне
Чырванее на лёсе, на лёне,
на белым, як смерць, палатне…

Памяці Анатоля Мікалаевіча Канапелькі.

Дзе мог быць Быкаў у Віцебску?

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий