Памяці Анатоля Мікалаевіча Канапелькі

Культура

16 лістапада адзначалася 75-годдзе з дня нараджэння таленавітага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцы, выкладчыка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава і проста вельмі добрага і светлага чалавека Анатоля Мікалаевіча Канапелькі.

IMG_7008
Анатоль Мікалаевіч Канапелька
IMG_7009
Аднадумцы – Анатоль Канапелька разам з Уладзімірам Папковічам

Анатоль Мікалаевіч з’яўляецца членам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра, ён аўтар паэтычных кніг «Зямная сімфонія» (1966), «Сустрэчы» (1979), «Музыка лістапада» (1999). Вершы Анатоля Канапелькі друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», «Работніца і сялянка», «Бярозка», у рэспубліканскіх газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Чырвоная змена», «Знамя юности», «Настаўніцкая газета» і ў іншых выданнях.

IMG_7005

Анатоль Мікалаевіч шмат зрабіў для папулярызацыі творчасці Яна Баршчэўскага, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Арлова, а таксама Максіма Гарэцкага, Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна. Анатоль Канапелька з’яўляецца аўтарам-складальнікам зборніка творчых біяграфій паэтаў, жыццё якіх звязана з Віцебшчынай, “Старонкі творчых біяграфій” (2003). Менавіта наш Анатоль Мікалаевіч усімі сіламі сваёй душы і ўсімі справамі свайго нястомнага сэрца прапагандаваў творчасць Уладзіміра Караткевіча, якая ў савецкія гады лічылася не вельмі ўхваленай уладамі https://vkurier.by/?p=9878.

IMG_7004

Таленавіты паэт, Анатоль Мікалаевіч займаўся нялёгкай для свайго часу перакладчыцкай дзейнасцю з рускай мовы (смаленскія паэты М. Рыленкаў, А. Мішын, Ю. Пашкоў, У. Прастакоў), з польскай мовы (балады і вершы Яна Баршчэўскага, Тадэвуша Лады-Заблоцкага), з цыганскай мовы (вершы Вальдэмара Калініна). У рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа ёсць спектакль “Руслан і Людміла”, для якога вершы А. Пушкіна пераклаў Анатоль Канапелька, а таксама пераклад п’есы А. Астроўскага “Праўда добра, а шчасце – лепш”.

На старонках “Народнага слова” было апублікавана каля паўсотні артыкулаў у рубрыцы “Анталогія беларускай паэзіі”, якую некалькі гадоў узначальваў Анатоль Мікалаевіч і якая карысталася шырокім попытам і ў настаўнікаў, і ў іх вучняў, і ў краязнаўцаў і проста ў аматараў прыгожага пісьменства.

Трэба адзначыць, што Анатоль Мікалаевіч Канапелька на працягу многіх гадоў быў “душой”філалагічнага факультэта цяперашняга ВДУ імя П.М. Машэрава. Ягоныя заняткі студэнты наведвалі не таму, што баяліся строгага выкладчыка, а таму, што між сабой прамаўлялі: “страчанага не вернеш”. Бо нідзе не ўзновіш таго, што пачуеш на занятках. І на экзамен ішлі не са зліплымі ад бяссоння вачыма, а з поўным разуменнем прадмета. Многія выкладчыкі беларускай літаратуры і па сённяшні дзень ўлюбёна захоўваюць на палічках канспекты, запісаныя на занятках педагога, і памінаюць яго добрым словам на сваіх уроках. Куды б лёс ні закінуў былых вучняў Настаўніка, а ўсе з гонарам прамаўляюць, што пашанцавала быць студэнтам Анатоля Мікалаевіча. Трэба сказаць, што выдатныя аратарскія здольнасці прыцягвалі на яго лекцыі студэнтаў і з іншых факультэтаў. Будучыя фізікі, біёлагі, матэматыкі “ішлі на Канапельку”.

Шмат цікавага пра творчасць віцебскага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцы і выкладчыка можна даведацца ў Віцебскай абласной бібліятэцы ў аддзеле краязнаўчай літатаратуры і бібліяграфіі. А выставу арганізуе загадчыца аддзела, былая выхаванка Анатоля Мікалаевіча  – Ларыса Іванаўна Рагачова.

IMG_7007

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий