«экзатычная і дзіўная» справа за абласной бібліятэкай і якіх яшчэ славутых імён не хапае гораду
19 чэрвеня 1924 года нарадзіўся беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Быкаў.
Па традыцыі штогод на радзіме нашага земляка, у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, адзначаюцца ўгодкі з яго дня нараджэння.
Але ж, пагадзіцеся, для ўшанавання памяці сусветна вядомага пісьменніка хацелася б зрабіць больш. Віцебская абласная арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны ў студзені 2017 звярнулася да гарадскіх уладаў з прапановай перайменавання Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава.
Напрыканцы зімы прыйшоў адказ за подпісам намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Л.К. Аленскай. У афіцыйным лісце пазначана:
«Сярод чытачоў бібліятэкі шмат асоб сталага ўзросту і прыхільнікаў камуністычных ідэй, якія могуць негатыўна ўспрыняць тое, што імя У.І. Леніна знікне з назвы ўстановы».
Акрамя таго, зазначаецца, што
«ў дадзены момант Віцебскай абласной бібліятэкай разам з абласнымі і гарадскімі ўладамі разглядаецца прапанова віцебскіх мастакоў-графіцістаў пра магчымасць нанясення на адзін з бакавых фасадаў бібліятэкі партрэтнай выявы Васіля Быкава».
Цікава, што ж атрымліваецца: на фасадзе абласной бібліятэкі імя Леніна можа з’явіцца партрэт Быкава?
Сітуацыю каментуе старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Юрась Бабіч:
«На сённяшні дзень сітуацыя з абласной бібліятэкай, якая мае імя Леніна, мякка кажучы, экзатычная і дзіўная. Васіль Быкаў – асоба, якая вартая ўшанавання ў назве бібліятэкі, тым больш, лагічна было б разгледзець гэтае пытанне ў юбілейны Скарынаўскі год. У афіцыйным адказе пазначана пра магчымасць нанясення выявы Быкава на фасад бібліятэкі, але ж з таго часу прайшло чатыры месяцы, а справа не зрушылася з месца».
Яшчэ адна прапанова да гарадскіх уладаў: наданне адной з вуліц Віцебска імя Васіля Быкава. На гэта ў афіцыйным адказе гаворыцца:
«пытанне будзе разгледжана пры вызначэнні назваў вуліц у адным з новых мікрараёнаў Віцебска са шматпавярховай забудовай. Адначасова можа быць узнята пытанне і пра вуліцу Генадзя Бураўкіна. Вуліца ж Рыгора Барадуліна ў Віцебску існуе з сакавіка 2015 года ў мікрараёне індывідуальнай забудовы ў раёне «Арэхава».
Дзе знаходзіцца Арэхава? На паўднёва-заходняй ускраіне нашага города. Гэта – былая вёска, якая ў 2004 годзе ўвайшла ў склад Віцебска.
«Васіль Быкаў не тая асоба, імем якой можна назваць вуліцу на ўскрайку горада, – расказаў Юрась Бабіч. – У Віцебску столькі абсурдных для сучаснай Беларусі назваў вуліц : Камуністычная, Савецкая, Суворава, Леніна, што любую з іх можна было б перайменаваць у вуліцу імя Васіля Быкава. Што датычыцца вуліцы імя Рыгора Барадуліна, то гэта нонсэнс, што маленькая вулачка ў невядомым раёне носіць імя сусветна вядомага пісьменніка, якога ў свой час хацелі вылучыць як прэтэндэнта на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры».
Мы ж у дзень нараджэння Васіля Быкава вырашылі крыху пафантазіраваць і ўявіць, дзе мог бы быць Быкаў у Віцебску.
Плошча імя Васіля Быкава замест плошчы імя У.І. Леніна
Бібліятэка імя Васіля Быкава замест бібліятэкі імя У.І. Леніна
Вуліца імя Васіля Быкава замест вуліцы Камуністычнай
А які варыянт падабаецца вам? Выказвайце свае меркаванні ў каментарыях.
Таксама прапануем малавядомыя факты з жыцця нашага земляка і ўзгадаць, як у мінулым годзе ў выніку злачынства пайшла з жыцця сястра Васіля Быкава – Валянціна Уладзіміраўна.