пра Давіда Сімановіча, паездкі ў Германію і вяртанне Шагала ў Віцебск
Мінулым разам мы публікавалі інтэрв’ю з паэтам і перакладчыкам Уладзімірам Папковічам, у якім расказвалі пра літаратурнае жыццё ў Віцебску ў 70-80-я гады і разважалі пра ролю Давіда Сімановіча ў ім.
Сёння Уладзімір Антонавіч распавядае пра паездкі ў Германію і вяртанне імя Марка Шагала ў Віцебск.
Мая першая паездка ў Заходнюю Германію адбылася ў 1989 годзе. І гэта здарылася, я лічу, дзякуючы (хоць і ўскосна) Давіду Сімановічу, які праз частае запрашэнне на тэлебачанне зрабіў мяне знаёмым ў пэўных колах грамадства. Добра ведалі мяне ўжо і на студыі, і ў «Віцебскім рабочым», дзе я па запрашэнні рэдакцыі часта суправаджаў журналістаў і пісьменнікаў з ГДР.
І вось аднойчы да мяне завітаў старшыня абласнога камітэта па тэле- і радыёвяшчанню А. М. Сцепанец і спытаўся, ці гатовы я паехаць у Заходнюю Германію з групай ад Савецкага камітэту міру і дапамагаць там у якасці перакладчыка. Безумоўна, я пагадзіўся».
Так Уладзімір Папковіч пазнаёміўся з сям’ёй Хайнэкэ з маленькага горада Браўнфэльс (зямля Гэсэн). З імі паэт сябруе і сёння. А калі ён вярнуўся ў Віцебск, то напісаў справаздачу-нарыс, якую апублікавалі ў «Віцебскім рабочым», і распавёў пра паездку на тэлебачанні ў рэдакцыі Давіда Сімановіча.
У 1991-м годзе я атрымаў ад сям’і Хайнэкэ запрашэнне на мяне і жонку Ларысу Фёдараўну. І я ўжо тады павёз пісьмо ад Давіда Сімановіча да гэра Віталі, дырэктара галерэі Шырн-гале ў Франкфурце-на-Майне, наконт факсімільных фотаздымкаў дэкарацый Яўрэйскага тэатра ў Маскве. Час сустрэчы з панам Віталі быў дамоўлены, і мы пайшлі ў Шырн-хале, дзе толькі нядаўна закрылася выстава карцін Марка Шагала.
Гэр Віталі пагутарыў з намі, дастаў вялікі каталог твораў Марка Шагала і падараваў яго мне як пісьманосцу, а таксама перадаў маленькае пісьмо Давіду Сімановічу».
Падчас гэтай сустрэчы Уладзіміру Антонавічу ўдалося ўзяць інтэрв’ю ў гэра Віталі. У размове дырэктар галерэі расказаў, што выстава Шагала, на якой былі прадстаўлены каля трохсот экспанатаў з рускага перыяду ў жыцці мастака, мела вялікі поспех. Яе наведалі аматары мастацтва з многіх краін свету.
А яшчэ гэр Віталі параіў пры стварэнні музея Шагала ў Віцебску, тым больш, што ў горадзе не засталося арыгінальных работ творцы, засяродзіць увагу не на паказе твораў мастака, а на яго біяграфіі і тых віцебскіх каранях, якія сілкавалі творчасць майстра.
Да таго ж, калі я першы раз быў у Вецлары ў 1989 годзе, мая новая знаёмая Лорэ Гэрстэр дала альбом з фотаздымкамі вокнаў, зробленых Маркам Шагалам для царквы святога Стэфана ў Майнцы. Яны таксама прызначаліся для Музеея Марка Шагала, які толькі ствараўся.
Вядома, што я перадаў той альбом праз Давіда, які быў палкім змагаром за вяртанне імя мастака ў Віцебск. У тыя гады мяне часта запрашалі працаваць перакладчыкам з нямецкімі групамі і, гаворачы пра Шагала, я абавязкова называў імя Давіда Сімановіча».
У хуткім часе Віцебск наведала група з Вецлара. Уражанні ад паездкі былі апублікаваны ў вецларскай газеце. Вось урывак з гэтага артыкула, які захаваўся ў Уладзіміра Папковіча (у перакладзе):
Акрамя гэтага ў Доме культуры Віцебска адбылася сустрэча з пісьменнікамі. Сярод літаратараў знаходзіўся і вельмі вядомы ў Беларусі паэт Давід Сімановіч… Яшчэ два жэсты прыязнасці да вецларцаў у Віцебску: тэатр «Лялька» даў спецыяльны спектакль «Дапытлівы слонік» па казцы англійскага паэта Рэдзьяра Кіплінга. У сакавіку 1995 года трупа прыедзе з некалькімі спектаклямі на нямецкай мове ў Вецлар…».
У хуткім часе Уладзімір Антонавіч, а таксама Давід Сімановіч, Сяргей Рублеўскі і кіраўніцтва тэатра «Лялька» (дырэктар Геральд Асвяцінскі і рэжысёр Віктар Клімчук) атрымалі запрашэнне ў Вецлар для падрыхтоўкі гастроляў.
Пра гэтую паездку можна даведацца з кнігі ўспамінаў Давіда Сімановіча «Витебский вокзал, или вечерние прогулки через годы»:
1995. 20 января. В Германии. Вечером для горожан Вецлара мой доклад. Наш доклад, потому что Попкович не просто переводит мою прозу и стихи, а со знанием дела рассказывает о Шагале. Переполнен уютный зальчик, пришли даже оба бургомистра, городской и сельский. Разговор с Клаусом, мужем Урсулы, в доме Хайнеке, где мы живём: о вине немцев перед перед белорусским и особенно (его слова) перед евреями, «вину надо искупать»…
21 января. В Кёнигштайне увидели книжку стихов Вяч. Куприянова, которую немцы издали на двух языках. Идея: почему бы не издать на рус. и нем. языках мою книжку стихов о Витебске и Шагале в переводах Попковича?»
А Уладзіміру Папковічу тая паездка запомнілася яшчэ наведваннем Марбурга, дзе вучыўся Міхайла Ламаносаў, а пазней Барыс Пастэрнак. І кнігарня ў гэтым горадзе, вялізная, як вакзал, дзе можна прабыць хоць цэлы дзень.
Пра беларускую групу ў Вецлары пісала мясцовая нямецкая прэса. Напрыклад, адзін з артыкулаў называўся «Захапляльны даклад. Гімн Шагалу» (пераклад Уладзіміра Папковіча):
Асабліва радасны сюрпрыз амаль сотні аматараў мастацтва у Гарадскім доме каля Сабора падрыхтаваў старшыня Шагалаўскага камітэту ў Віцебску (Беларусь) Давід Сімановіч. У сваім вельмі жывым дакладзе на выразнай расійскай мове ў перакладзе Уладзіміра Папковіча Сімановіч распавёў пра вяртанне славутага мастака Шагала ў яго родны горад Віцебск.
У былым Савецкім Саюзе сусветнавядомы яўрэйскі мастак замоўчваўся. Віцябляне, якія цяпер жывуць ва ўласнай суверэннай дзяржаве, чулі імя Шагала толькі з размоў. Уяўлення пра яго карціны амаль ніхто не меў.
Па ініцыятыве Сімановіча цяпер маецца Дом Шагала і скульптура, якая паказвае мастака, як ён у далёкім Парыжы марыць пра горад свайго нараджэння, вобраз якога ён увесь час маляваў на фантастычных карцінах. Шагалаўскім «сімвалам» быў скрыпач…»
1990-я гады можна назваць часам вяртання Марка Шагала ў Віцебск. А сяброўскія адносіны паміж Уладзімірам Папковічам і Давідам Сімановічам працягваліся.
Я пазнаёміў Давіда Рыгоравіча з Вольфгангам Копфам, кіраўніком Арганізацыі міжнародных сустрэч з Нінбурга (у маіх запісах Бюро міжнародных сустрэч). У 2002 годзе ён дапамог нам выдаць на дзвюх мовах (у маім перакладзе) кнігу «Давид Симанович, Витебск Шагал Любовь. David Simanowitsch, Witebsk Chagall Liebe». Копф напісаў прадмову, я пераклаў яе на рускую мову. Выданне выйшла ў Віцебску ў 2002 годзе. Я ганаруся тым вершам, які Давід Рыгоравіч прысвяціў мне і апублікаваў у гэтай кнізе:
Пускай о настоящем или прошлом,
с улыбкой и печалью пополам,
но в этом страшном мире кто-то должен
нагую правду говорить царям».
Інтэрв’ю з Улазімірам Папковічам пра самае выбітнае ў Віцебску ў 2017 годзе можна прачытаць тут.
А як у нашым горадзе адкрывалі мемарыяльную дошку ў гонар Давіда Сімановіча, глядзіце тут.