Уладзімір Папковіч: «Атмасфера еднасці сагравае мне душу, і я не хачу пазбаўляцца яе»

Культура

пра самае выбітнае ў 2017 годзе і пра тое, што і на пенсіі занятак знойдзецца, было б жаданне

2017 год запомніўся Віцебску і яго жыхарам многім. Напрыклад, мы падвялі вынікі і вызначылі топ-10 тэм, якія найбольш цікавілі нашых чытачоў у мінулым годзе. Прыемна, што сярод іх ёсць і падзеі культурнага жыцця горада і рэгіёна.

Пра вынікі 2017 года мы пагаварылі з паэтам, перакладчыкам, сябрам Таварыства беларускай мовы і Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімірам Папковічам.

бібліятэка, прэзентацыя, Папковіч
Уладзімір Папковіч. Фота Сашы Май

– Уладзімір Антонавіч, чым асабіста для Вас запомніўся 2017 год?

Гэта першы навучальны год, калі я не працую ва ўніверсітэце. Часта пенсіянеры скардзяцца, што на пенсіі няма чым заняцца, людзі сумуюць. Барані мяне Бог: сілы, пэўна ж, ужо не тыя, і мазгі не так спраўна працуюць, але хочацца штосьці рабіць да людзей, мне шмат што цікава.

На жаль, 2017 год запомніцца мне, у першую чаргу, засмучальнымі падзеямі: стратай маіх блізкіх: брата Івана Антонавіча, сястры Леанілы Антонаўны і яе дачкі, маёй пляменніцы, медсястры– «афганкі» Люды.

попкович, книга, стихи
Новая кніга паэта. Фота Сашы Май

– Але ж былі і вельмі добрыя падзеі. Напрыклад, Вы прэзентавалі сваю чарговую кнігу вершаў «На шалях лёсу». Цудоўная была імпрэза! Дарэчы, прачытаць пра яе можна тут.

Так, я выдаў кнігу за свой уласны кошт і амаль увесь тыраж раздаў сябрам, студэнтам, былым калегам. Спадзяюся, людзям было прыемна. Да таго ж я давяршыў кнігу перакладаў ранніх навелаў Томаса Мана «Меч Бога». Гэта яе папярэдняя назва. Пра лёс кнігі не буду гаварыць, бо не ведаю сам. 

Асобна хачу сказаць пра супрацоўніцтва з Сяргеем Шапранам, укладальнікам біяграфічных кніг пра славутых пісьменнікаў. Я таксама прыняў удзел у гэтай добрай справе: падрыхтаваў і адаслаў яму свае ўспаміны пра Рыгора Барадуліна.

бібліятэка, прэзентацыя, Папковіч
Падчас прэзентацыі кнігі. Фота Сашы Май

– Уладзімір Антонавіч, Вас часта можна сустрэць на розных літаратурных імпрэзах, прэзентацыях кніг землякоў, фестывалях. Якія з іх Вам найбольш запомніліся ў мінулым годзе?

Значнымі падзеямі для мяне былі імпрэзы, прысвечаныя памяці выдатнага паэта і майго сябра Давіда Сімановіча, у гонар яго 85-годдзя.

Таксама я быў шчаслівы прыняць удзел ва ўганараванні памяці Васіля Быкава на яго радзіме ў вёсцы Бычкі. Там я прачытаў вершы, прысвечаныя нашаму знакамітаму земляку, прадстаўленыя, у тым ліку, у маёй кніжцы «На шалях лёсу», выданне першых экземпляраў якой Копі-цэнтр «Колер» пастараўся ажыццявіць спецыяльна да гэтай даты, за што я ім шчыра ўдзячны.

бібліятэка, прэзентацыя, Папковіч
Уладзімір Папковіч з Вольгай Цімашэнка, дырэктарам копіцэнтра, дзе выйшла кніга. Фота Сашы Май

Яшчэ трэба ўзгадаць агульны сход ПЭН-цэнтра, Форум перакладчыкаў Беларусі (арганізатар Юлія Грыбко), прэзентацыю рэгіянальнага альманаха Саюза беларускіх пісьменнікаў «Ратуша».

Як сябра Рады абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, я браў удзел у яе планавых паседжаннях, у працы чарговага З’езда Таварыства, а таксама ў Свяце роднага слова на філалагіным факультэце Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. М. Машэрава.

Тут я мушу прызнацца, што заўсёды рады, калі мяне запрашаюць на кафедры сусветных моў ці рамана-германскай філалогіі, альбо ў Літаратурны музей ВДУ. Я проста рады пабачыцца з маімі былымі калегамі, знаёмымі і незнаёмымі студэнтамі. Гэтая атмасфера еднасці сагравае мне душу, і я не хачу пазбаўляцца яе. Звыш трыццаці гадоў працы на кафедры – немалы тэрмін!

Уладзімір Папковіч: «Атмасфера еднасці сагравае мне душу, і я не хачу пазбаўляцца яе»
Уладзімір Папковіч на імпрэзе ў Літаратурным музеі ВДУ. Фота Сашы Май

– Наколькі я ведаю, Вы заўсёды з задавальненнем прымаеце запрашэнні на розныя мерапрыемствы, якія праходзяць не толькі ў Віцебску, але і ў вобласці, і рэспубліцы.

Як пісьменніка і перакладчыка мяне час ад часу запрашаюць у Мінск. Напрыклад, у інстытуце імя Ё.В. Гётэ ў верасні праходзіў семінар маладых перакладчыкаў мастацкай літаратуры, на якім я апынуўся ў якасці ганаровага госця. Потым я быў запрошаны ў журы конкурсу маладых перакладчыкаў мастацкай літаратуры «Экслібрыс» і прысутнічаў на ўганараванні яго пераможцаў.

– Я сама неаднаразова прысутнічала на сустрэчах з Вамі і асабіста магла ўпэўніцца ў тым, як лёгка Вы знаходзіце ўзаемапаразуменне з любой аўдыторыяй. 

– Мяне натхняюць сустрэчы з чытачамі, дзе я магу знаёміць не толькі са сваімі вершамі, але і  з перакладамі, у асноўным з нямецкай мовы, але ёсць і з расейскай, украінскай, польскай, цыганскай. Я стараўся выкарыстаць усе магчымасці, каб прапагандаваць родную мову і літаратуру. Застануцца ў памяці выступленні ў сядзібе «Жнівень» спадара Васіля Шкіндзера ў Лепельскім раёне, у «Торвальдзе» на Свяце вышыванкі, у Еўрапейскім клубе (у снежні), на літкафейніку ў «Задзвінні» і іншыя.

Мне пашанцавала пабыць на сустрэчах з іншымі пісьменнікамі, з расейскім кінарэжысёрам Аляксандрам Сакуравым у клубе Святланы Алексіевіч, на святкаванні 65-годдзя знакамітага хармайстра і кампазітара Віталя Раўза, на сустрэчы з музыказнаўцам Дзмітрыем Салярцінскім, з беларускімі палітыкамі ў Еўрапейскім клубе.  

– Уладзімір Антонавіч, але ж Вы нярэдка бываеце і на выставах, бо сябруеце, напэўна, з усімі віцебскімі мастакамі.

Мяне захапляе выяўленчае мастацтва, хаця сам я не ўмею намаляваць нават схематычнага «чалавечка». Мастацтва я больш успрымаю (ці не ўспрымаю) пачуццёва: закранула яно маю душу, ці не. Сяброўству з мастакамі паспрыяў мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П.М. Машэрава, дзе мне калісьці нават давялося выкладаць нямецкую мову.  

Разам з выдатным майстрам акварэлі Феліксам Гуменам я ў мінулым годзе наведаў шмат выстаў кітайскіх, латышскіх, расейскіх мастакоў і, канешне, нашых віцебскіх майстроў: нябожчыка Аляксандра Карпана, Міхася Ляўковіча, Валянціны Ляховіч, Алега Скавародкі, Ігара Шкуратава, мастацтвазнаўцы і куратара шматлікіх экспазіцый Міхася Цыбульскага і іншых. Пра кожнага з іх я мог бы штосьці сказаць, тым больш, што шмат з кім з іх я ездзіў як ініцыятар і перакладчык у розныя гарады ФРГ.

Фелікс Гумен запрашаў мяне суправаджаць яго на яго выставы ў іншых гарадах вобласці і рэспублікі, на свае майстар-класы. Да прыкладу, у лістападзе мы адкрылі яго выставу ў музеі раённага цэнтра Лёзна.

цыбульский, выставка, открытие, этюды, библиотека
Уладзімір Папковіч і Міхась Цыбульскі. Фота Сашы Май

Пра тое, як праходзіла выстава Міхася Цыбульскага, можна даведацца тут.

– Сапраўды, пералік уражвае. А ці шкадуеце, што нешта не паспелі зрабіць, ці што нешта не здзейснілася ў мінулым годзе?

Шкадую, што мяне не запрашаюць больш у Гарадок на кармаш, прысвечаны «Тарасу на Парнасе». Гэты твор я пераклаў на нямецкую мову і апублікаваў пераклад. Прычыны такой «няміласці» мне ніхто не растлумачыў. Не было запрашэння і на Свята беларускай пісьменнасці ў Полацку...

– Дзякуй за размову. Здароўя Вам, цікавых сустрэч і новых кніг. 

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий

  1. Симеон

    Вялікі дзякуй Алеся за вашы цікавыя артыкулы. Заўсёды сачу і чакаю вашы пасты. А Ўладзіміру Антонавічу зычу здароўя і надалей адчуваць сябе маладым і патрэбным людзям.

    Ответить
    1. Саша Май

      Дзякую за добрыя словы! Упэўнена, Уладзіміру Антонавічу Вашыя пажаданні таксама даспадобы! Заставайцеся з намі!

      Ответить
  2. Александр Холод

    Отрадно понимать и осознавать,что у нас есть настоящая белорусская творческая интеллигенция.Это очень здорово.Так мало последнее время в нашей жизни позитива и теплоты.Искренне желаю Владимиру Антоновичу здоровья и неиссякаемых творческих сил.Храни Бог!

    Автору отдельное спасибо за публикацию.:-)

    Ответить