19 верасня ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася прэзентацыя новай кнігі «На шалях лёсу» беларускага паэта і перакладчыка Уладзіміра Папковіча. Павіншаваць Уладзіміра Антонавіча сабраліся сябры, студэнты, калегі па выкладчыцкай працы ў ВДУ імя П.М. Машэрава, прыхільнікі паэтычнай творчасці.
Ларыса Рагачова прадстаўляе паэта. Фота Сашы Май
«Скажу шчыра: я залётны, – смяяўся Уладзімір Антонавіч. – Хаця жыву ў Віцебску ўжо 50 гадоў. Напрыклад, я ніколі не ўжываю мясцовае слова «мальцы», яшчэ памятаю, як, калі прыехаў, здзівіўся, што тут могуць вымаўляць мяккае «р». Наогул, мне падабаюцца пісьменнікі, якія не забываюць, адкуль яны родам».
У час прэзентацыі. Фота Сашы Май
Тое, што Радзіма Уладзіміра Папковіча – Беларусь, выразна прасочваецца ў яго творчасці. Шчымлівыя ўспаміны пра маці, пра родную вёску, шчаслівыя моманты дзяцінства – усё гэта можна адшукаць у вершах паэта. А колькі ў яго вершаў, у якіх праслаўляецца жанчына! Проста гімн хараству і прыгажосці.
Уладзімір Папковіч. Фота Сашы Май
Знайшоўся ў гэты вечар і час, каб прачытаць вершы-прысвячэнні дарагім сябрам: мастаку Феліксу Гумену і пісьменніку Сяргею Рублеўскаму, якія таксама прысутнічалі на літаратурнай сустрэчы і сказалі шмат добрых слоў у адрас Уладзіміра Антонавіча.
Сяргей Рублеўскі. Фота Сашы МайФелікс Гумен. Фота Сашы Май
І канешне, не абышлося без жартачкаў у «фірмовым стылі» Уладзіміра Папковіча. З гумарам успамінаў паэт некаторыя эпізоды са свайго жыцця і чытаў невялічкія вершыкі, што выклікалі смех ва ўсіх прысутных.
Паэт любіць смяяцца з сябе і з рэчаіснасці. Фота Сашы Май
Прыгадаў Уладзімір Антонавіч і пра сваё знаёмства з Рыгорам Барадуліным і Давідам Сімановічам, а таксама расказаў, што не так даўно прысутнічаў на Дні беларускай пісьменнасці ў Полацку, галоўнай тэмай якога быў пяцісотгадовы юбілей з дня выхаду кнігі нашага земляка Францыска Скарыны.
У час літаратурнай сустрэчы. Фота Сашы Май
З гэтай нагоды Уладзімір Папковіч вырашыў падараваць віцебскай бібліятэцы колькі кніг, прысвечаных беларускаму першадрукару, са сваёй дамашняй бібліятэкі.
Уладзімір Папковіч з ганаровым старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Іосіфам Навумчыкам. Фота Сашы Май
Распавёў паэт і пра тое, што новыя вершы прэзентуе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку і вельмі рады, калі ў каментарах чытачы пішуць, спадабаўся ім новы твор ці не.
Паэтка Людміла Сіманёнак віншуе Уладзіміра Папковіча. Фота Сашы Май
«Інтэрнэт сёння як прытулак, – зазначыў Уладзімір Антонавіч. – Там кожны можа знайсці сабе суразмоўцаў і людзей, блізкіх па духу».
Не абышлося і без падарункаў. Фота Сашы Май
Шмат добрых слоў адрасавалі паэту прысутныя. Выкладчыкі ВДУ імя П.М. Машэрава падзякавалі за тое, што Уладзімір Антонавіч адкрыў для іх Германію, а сябры зазначылі, што
«Папковіча трэба чытаць і пачытаць».
І з гэтым цяжка не пагадзіцца: Уладзімір Папковіч – адзін з тых паэтаў, вершы якога сапраўды хочацца чытаць і атрымліваць ад гэтага асалоду.
Павіншаваць калегу прыйшлі выкладчыкі ВДУ імя П.М, Машэрава. Фота Сашы МайУладзіміра Антонавіча віншуюць студэнты, у якіх ён у свой час выкладаў нямецкую мову. Фота Сашы Май
Інтэрв’ю з Уладзімірам Антонавічам, што ён даў карэспандэнту «Віцебскага кур’ера» з нагоды свайго 80-годдзя, можна прачытаць тут.
Уладзімір Папковіч з Вольгай Цімашэнка, дырэктарам копіцэнтра, дзе выйшла кніга. Фота Сашы Май
А як у Віцебску праходзілі прэзентацыі альманаха «Ратуша» Віцебскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтарам якога, у тым ліку, быў і Уладзімір Папковіч, глядзіце тут і тут.