Уладзімір Папковіч: “Я нарадзіўся проста беларусам…”

Культура

З нагоды 80-годдзя вядомага педагога, паэта, перакладчыка, якое сёлета адзначалася, мы сустрэліся з нашым выбітным сучаснікам.

Уладзімір Папковіч на святкаванні свайго юбілею ў Віцебскай абласной бібліятэцы
Уладзімір Папковіч на святкаванні свайго юбілею ў Віцебскай абласной бібліятэцы

У нашай размове Уладзімір Папковіч разважае пра сваё станаўленне і пра сябе як пра асобу. Мы зрушымся ўглыб гісторыі і ўбачым, наколькі лёс адной сям’і можа адлюстроўваць супярэчнасці нацыянальнага лёсу ў ХХ стагоддзі. Успаміны Уладзіміра Папковіча з’яўляюцца яркім сведчаннем таго, як рэвалюцыйны мадэрн і глыбінны традыцыяналізм ішлі побач у беларусаў і што пачуццё экуменізму ўласціва нашаму народу разам з прыхільнасцю да нацыянальных каранёў. На падставе асобна ўзятай прыватнай гісторыі ўжо з пазіцыі XXI стагоддзя можна ўсвядоміць, што гэта існаванне “на ростанях”, якое стала гістарычнай непазбежнасцю для беларусаў, абумовіла і цяперашнія процілегласці.

Вельмі паказальным і павучальным прыкладам з’яўляецца стаўленне Уладзіміра Папковіча да самога сабе. Тут праяўляюцца і асобасныя рысы яго характару, і нават лепшыя якасці беларускага менталітэту, якія ён у поўнай меры выказвае. У разважаннях паэта няма і ценю ганарыстасці, ён імкнецца вельмі рэалістычна падаваць сябе, нават падкрэсліваючы ўласныя недахопы. Вядома, што самаіронія прысутна мудрым людзям. Тым больш, што навукова-педагагічная дзейнасць заўсёды вучыць сціпласці. З вышыні свайго ўзросту Уладзімір Папковіч сапраўды паўстае вельмі значнай асобай для культуры Віцебска і краіны, і гісторыя яго жыцця вучыць дабрыні, сумленнасці і вернасці аднойчы абранаму шляху.

Кнігі Уладзіміра Папковіча
Кнігі Уладзіміра Папковіча

– Уладзімір Антонавіч, усё ж такі Вы нарадзіліся савецкім чалавекам, ці не? І калі для Вас гэта стала свядомым выбарам, што Вы належыце да Беларушчыны, а не да Савецкага Саюза?

У. Папковіч. Я нарадзіўся проста беларусам у Заходняй Беларусі. Я не мог нарадзіцца савецкім чалавекам, таму што я нарадзіўся на самай мяжы паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю. Як у мяне было напісана ў вершы:

Паміж Вілейкай і Лагойскам –

Па сорак вёрст у два бакі –

Стаіць маленечкая вёска,

Дзе хаткі, як баравікі.

Вось так, можа, лёс вызначыў, што мяжа падзяліла Беларусь, і мы аказаліся на Заходняй частцы, два кіламетры ад мяжы. А праз два кіламетры была ўжо Усходняя Беларусь, і там маміны сваякі жыць засталіся, далёкія ці блізкія.

Пасля вайны адзін чалавек потым прыходзіў да нас, калі бацьку нашага рэпрэсіравалі, дапамагаў араць, касіць, мы былі першапачаткова аднаасобнікі. Так што я савецкім чалавекам не мог нарадзіцца. Як вызвалілі Беларусь і зноў вярнуліся Саветы, у канцы 1944 года, у снежні, яго забралі. Адразу пасля вызвалення яго зрабілі невялічкім начальнічкам у раёне, ён быў фініспектарам. Мая мама хадзіла ў суд, але што можна было тады даказаць? Ужо пасля майго бацьку рэабілітавалі, пры Хрушчове. Каб ён выжыў, дык ён бы вярнуўся. Але як гаварылі знаёмыя, якія ехалі разам, што ў яго гангрэна нагі пачалася ў дарозе, і яго проста выкінулі, невядома дзе.

Бацька паэта
Бацька паэта

Справа ў тым, што мае бацькі ажаніліся ў Санкт-Пецярбургу, яны былі вясковымі людзьмі, якія з’ехалі туды зарабіць грошай, у той вялікай Імперыі тады. Там яны і сустрэліся, і як раз пачалася рэвалюцыя, а потым грамадзянская вайна. Ад голаду яны паехалі ў родныя мясціны, можа, у бацькі засталіся нейкія грошы, і ён здолеў пабудаваць сабе хату. Па размовах я ведаў, што яны думалі вярнуцца калі-небудзь, але тут правялі граніцу, і палова Беларусі стала належыць Польшчы. І ўжо вярнуцца ў Санкт-Пецярбург, а потым – у Ленінград, больш і гаворкі не было.

Першы сынок, мой брат, памёр у дарозе, пакуль яны перабіраліся. Скажу, што маці мая перанесла вельмі шмат, нас засталося чацвёра. Мясцовыя рэвалюцыянеры прапанавалі бацьку быць солтысам, гэта значыць старастам над некалькімі вёскамі. Кажуць: “Згаджайся, ў нас будзе свой чалавек”. І вось менавіта за тое, што ён быў гэтым начальнічкам пры Польшчы, бацьку і рэпрэсіравалі. А ён быў першапачаткова звязаны з рэвалюцыянерамі, у 15 гадоў ужо сядзеў за тое, што падпаліў канюшню ў пана. Тады мой дзед неяк выкупіў яго, адлупіў як след, і сказаў: “Зматывайся адсюль, каб цябе не было бачна”.

Як бачыце, бацька працаваў на савецкую ўладу. І я памятаю, што ў нашай хаце быў “чырвоны куток”. Там збіралася моладзь, мяне ставілі на ўслончык, і я чытаў вершыкі беларускія. Бо ў першы час і савецкая ўлада была за беларусізацыю. Як яны казалі: “Мы ж прыйшлі, каб вызваліць вас ад палякаў”. Тады мы вучылі і Янку Купалу, і Якуба Коласа, так што з чатырох гадоў я быў прапагандыстам беларускай мовы.

11412230_956859407697413_3396133562284492106_n
Дварэц Уладзіміра Папковіча

Дык вось: савецкі я чалавек, ці не савецкі? Я адно скажу, і гэта вельмі важна. Калі была рэвалюцыя ў Санкт-Пецярбургу, пра бацьку я ўжо сказаў, што ён, відаць, падтрымліваў яе, то маці была ярая антыкамуністка. Яна была служанкай у нейкага інжынера. І яна бачыла, як прыходзілі матросікі і забіралі вартае, тое, што можна было забраць. Як быццам ім сям’я інжынера прапанавала ўцячы з імі ў эміграцыю. Ужо потым, калі мы былі малыя дзеці і пыталіся ў маці, ці бачыла яна Леніна, Сталіна, то яна адказала: “А хто на гэтых бандытаў глядзеў?”

У мяне гэта засталося на ўсё жыццё. Цяпер і значныя людзі так гавораць, а мама, амаль што неадукаваная, вось такія словы сказала. У яе адразу сфармаваўся погляд, што тыя людзі, у якіх яна працавала, і мяркуючы па ўсім, яна нядрэнна жыла, не так ужо яе і “эксплутавалі”. І яна бачыла, што гэтыя людзі ніякія не ворагі, але вымушаны былі ўцякаць са сваёй краіны.

Вось такі я застаўся “савецкі чалавек”, як напісала дачка Сяргея Грахоўскага: “Жылі і баяліся”.

У час вайны я быў відавочцам таго, што партызаны ўсякія былі. Гэта я бачыў, і мог гаварыць, але ж таксама маўчалі ўсе. Тады ў нашай хаце заўсёды кватаравалі партызаны, начальнікі, і радысты падтрымлівалі сувязь з Масквой. У нас немцаў амаль што не было, а быў партызанскі край, і ўвесь час абіваліся партызаны. Памятаю, як прыйшоў да нас партызан і зноў-такі маме хваліўся, што ён дзяцей калабарантаў на штык падымаў… Саміх калабарантаў, вядома, пабілі, а ўжо дзяцей лёгка было падняць на штык. Гэта было… А потым, канешне, быў піянерам, быў камсамольцам, быў савецкім юнаком з сумненнямі ў душы.

Бацькоўская хата
Бацькоўская хата

– Што натхняе Вас у педагагічнай дзейнасці, якое месца яна займала ў Вашым асобасным станаўленні, чым наогул педагагічная дзейнасць можа быць прывабна?

У. Папковіч. Ёсць у нас такая схільнасць у сям’і. У вёсцы таксама настаўнік – гэта была адна з асоб, якую паважалі. Настаўнік быў павінен з’яўляцца ўзорам для ўсіх, павінен быць сумленным. І я часта задумваўся, адкуль ў нас такое прозвішча. Не ведаю, дзе гэта можна адшукаць. Але ж пішуць, калі быў чалавек у родзе – поп, то яго сын быў ужо “папок”. Дык вось адсюль, быў сын, ці нашчадак меншы, і з гэтага “папок” атрымаўся Папковіч. І я думаю, ці не быў недзе так далёка хто-небудзь з нашых продкаў свяшчэннікам?.. Праўда, далей дзеда я нікога не ведаю ў вёсцы, гэта ўсё сяляне былі.

Што датычыцца працы настаўніка, мая старэйшая сястра Ніна, якая ўжо даўно памёрла, яе ў канцы вайны адну з акругі мабілізавалі ў армію. Калі яна вярнулася ў кірзовых ботах, у шынялі дамоў, яна з сямі класамі працавала ваенруком у школе, была настаўніцай ваеннай справы. Потым другая сястра, Леаніла Антонаўна, якую пасля па пашпарту напісалі як Леаніду, закончыла завочна педвучылішча і адпрацавала ўсё жыццё настаўніцай у школе. Брат, які закончыў сельскагаспадарчы тэхнікум, працаваў і ў калгасе, і ў саўгасе, але ж ў канцы жыцця пайшоў працаваць ў школу, выкладаў працу, “труды”. Вось такая сям’я, і ўсе, можна сказаць, настаўнікі…

Ну, а я вымушаны быў стаць настаўнікам. Я вам чэсна скажу, што я вельмі непрактычны чалавек, да жыцця амаль што непрыгодны. І тыя, хто ведаюць мяне тут, у горадзе, могуць сказаць, што я не прагматычны чалавек, рукі ў мяне не працуюць, я баюся машын, механізмаў усякіх… Таму, калі я закончыў дзесяць класаў, то паехаў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, на беларускае аддзяленне, хацеў стаць беларускім настаўнікам. Я больш нічога не ведаў…

Калі я кажу, што ні для чаго не быў практычна прыгодны, то для меня былі кніжкі… абы толькі схапіць! Чытаць, чытаць і чытаць, нават спачатку нічога не разумеючы, але ўсё роўна была велізарная цяга. Пісьменнік для мяне быў тады як Бог, і канешне, я ўявіць сабе не мог у той час, у той вёсцы маленькай, што выб’юся ў людзі. Не было тады у мяне ўяўлення, што са мной будзе ў гэтай галечы, у гэтай забітасці, калі мы засталіся адны без бацькі і баяліся гаварыць, дзе ён.

Школьныя гады
Школьныя гады

І вось, калі я паступаў ва ўніверсітэт у 1953 годзе, а гэта той год, калі памёр Сталін, мы здавалі сем экзаменаў: пяць датычыліся да моўных, а таксама гісторыя і геаграфія. Здаў я гэтыя экзамены на тры “пяцёркі” і чатыры “чацвёркі”. Вельмі былі ліберальныя выкладчыкі, якія іх прымалі… Але ж ўсё роўна мне сказалі: “Прабачце, не хапіла”. Вось калі б было наадварот: чатыры “пяцёркі” і тры “чацвёркі”, тады б я прайшоў. Далі даведачку і пажадалі ўсяго добрага ў жыцці.

Я ведаў, што вярнуся ў вёску і мяне тут жа забяруць у армію, а як такі нягеглы, слабы фізічна чалавек, я баяўся гэтага, чэсна скажу… А калі не ў армію, дык працаваць у калгасе… Тады яшчэ трэба было тры гады служыць, мой старэйшы брат адслужыў тры гады. Дык вось, калі паступаў, я жыў ва ўніверсітэцкім інтэрнаце на Нямізе, але ж мяне не выселілі адразу. І сталі тыя хлопцы, хто не паступіў, зноў спрабаваць хто куды. Вяртацца, вядома, ніхто не хацеў. Хто ў тэхнікум, хто нават у якое тэхнічнае вучылішча, дзе бралі без экзаменаў. А мне нехта кажа: “Ёсць ў Мінску Інстытут замежных моў. Паспрабуй, у цябе добрыя адзнакі, хлопцаў там мала паступае, можа і прымуць цябе”.

Прыйшоў ў прыёмную камісію, там старшакурснікі прымалі дакументы. Прыйшлі з імі да дырэктара, ён паглядзеў на даведку, і кажа: “Нікому не паказвай гэтую паперку, зараз у нас ідзе другі экзаменацыйны паток, ідзі, здавай яшчэ раз”. Ён не меў права, але ж зрабіў такую ўступку, каб я здаў лепш. Але ж я здаў горш… Па беларускай мове я атрымаў “тройку”, там мяне “пасадзілі” на суфіксах. Я ўжо вырашыў, што не паступіў, і паехаў дамоў. Аднак конкурс там быў меншы, чым ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

10-ы клас
10-ы клас

Дома чакаў адказу, але выклікаў ніякіх не было. Потым паехаў сам у інстытут, каб забраць дакументы. Але ж на сценцы вісеў спіс, і я гляджу, што Папковіч залічаны. І тады мае старэйшыя, якія ўжо працавалі, сказалі: “Вучыся, неяк мы цябе дацягнем…” І вось з гэтай “тройкай”, з якой я паступіў, праз семестр я быў ужо лепшы на факультэце, быў выдатнікам, і давалася гэта ўсё мне лёгка. Я закончыў “іняз”, і мяне аставілі ў ім працаваць.

– Вы стаялі ля вытокаў стварэння кафедры нямецкай філалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, з’яўляецеся вядомым выкладчыкам нямецкай мовы і перакладчыкам з яе… Як Вы выбралі гэтую мову, ці яна сама Вас выбрала?..

У. Папковіч. Тут вельмі зразумелы адказ, бо паступалі на той факультэт, якую мову вучылі ў школе. Некаторыя потым пераводзіліся на англійскі факультэт, ужо паступіўшы на нямецкі. Як яны гэта рабілі, я не ведаю, можа, там набіралі звыш плана. Але ж у мяне і думкі такой не было, каб куды пераводзіцца. Паступіў на нямецкую – ну дык буду вучыць нямецкую. Добра, што паступіў, што не трэба ў армію ісці. Хаця пасля інстытута мне далі званне лейтэнанта, і я зараз старшы лейтэнант…

На вайсковым зборы
На вайсковым зборы

– Як паспяхова вывучыць замежную мову? Што тут галоўнае, талент ці праца, і што можа быць стымулюючым фактарам для яе вывучэння? Як глыбокае вывучэнне замежнай мовы адбілася на Вас як на асобе?

У. Папковіч. Я вам скажу, што вывучыць мову вельмі цяжка. Вось, напрыклад, нехта іграе на скрыпцы… таксама думаеш, як гэта ён робіць, бо я нават музыкі гэтай не чую… Да мовы павінна быць схільнасць. У першую чаргу – здольнасць, схільнасць. Я не скажу, што я быў старанны. Але мова мне давалася сама. І ў кожнага чалавека павінна быць схільнасць да нечага.

Я ўсё гавару шчыра, як было: я выпадкова трапіў у “іняз”, але пасля першага семестра ў мяне так пайшло лёгка ўсё, што я здзівіўся: во, як лёгка вучыцца!.. У школе цябе і кожны раз выклікаюць, і адзнаку ставяць. А тут сам належыш сабе. І калі яшчэ ты крыху амбіцыйны, то ты выскачыш першы, і пачнеш гаварыць, правільна ці неправільна. А с цягам часу я хоць і быў такі вясковы хлопец, але гэта рыса характару – “выскачыць”, “паказаць сябе”, была вельмі значнай.

Сапраўды, мне ўсё лёгка давалася. Мусіць, гэта ад Бога, ад бацькоў… Лёгка давалася мова, бо калі я не ўмею ў трактар залезці, то я ўмею па-нямецку гаварыць. Адсюль і характар такі: любіў ўсё такое ўзнёслае, падабаецца мову вучыць, падабаецца паэзія, падабаюцца дзяўчаты… А потым аказваецца, што жыццё іншае, што трэба недзе стрымаць сабе, пасядзець, папрацаваць як след. Але ж усё мне здавалася: вось, геніальныя людзі, Пушкін, напрыклад, лёгка жыў, Ясенін таксама жыў лёгка… Усе яны лёгка прайшлі па жыцці, хай сабе і мала пражылі…

Інстытут замежных моў
Інстытут замежных моў

Другая мова ў нас была англійская, і калі вучыць яе і звяртаць увагу, то мне і яна давалася лёгка. Польскую я таксама амаль ўсю разумею, бо засталося яшчэ адтуль, з дзяцінства. Старэйшыя хадзілі ў польскую школу, і польскія словы я чуў, і кніжкі ляжалі там. Я добра памятаю, што старэйшая сястра чытала “Сабаку Баскервілей” Артура Конан-Дойля на польскай мове.

– Мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” Віктар Клімчук так гаварыў аб Вашых асабістых якасцях на юбілейнай сустрэчы з чытачамі: “Я б сказаў, што лепшага чалавека ў гэтым горадзе я не сустракаў. Лепшага па сваёй спагадлiвасцi, чуласці і дабрыні”. Навошта гэтыя якасці людзям, навошта маральнасць, сумленнасць, можа, без гэтага лягчэй жыць?

У. Папковіч. Я думаю, што, мабыць, гэта ў генах у мяне, мабыць, як я казаў, свяшчэннікі былі недзе… Але ж гэта больш ад мамы. Яна не цярпела, каб манілі, каб ілгалі, гэта для яе было настолькі балюча, што вось гэтыя словы “ілгун”, “манюка”, абазначалі самыя горшыя ўласцівасці. Калі з чалавекам размаўляеш і бачыш, што ён табе ілжэ ў вочы, і ты ведаеш, і ён гэта ведае, гэта балюча вельмі. Тут сам сабе не выхаваеш, гэта неяк спачатку выхоўваецца. Пры ўсіх тых мінусах майго характару, я больш шкодзіў сабе, чым людзям.

Ніколі не было ў мяне гэтага ўнутранага задання адпомсціць. Я падстаўляю шчаку, ладна, няхай гэты чалавек да мяне добра не адносіцца, але ж калі так хочацца табе зрабіць мне дрэнна… А потым аказваецца, што, мусіць, усё ж такі ёсць Бог, ці нейкая сіла, якая мяне заўсёды ратавала. А можа і не трэба было ратаваць… Людзі майго характару доўга не жывуць.

Ёсць такі перакладчык Васіль Сёмуха, які друкаваў мае пераклады, ён кажа: “Валодзя, давай я табе паваражу на руцэ”. Я дакладна не памятаю, як ён гаварыў, але ж сказаў, што ў мяне няма самаабароны супраць смерці. Гэта значыць, што я сам сабе не абараняю: як будзе, так будзе. Ён сказаў, што я неасцярожны, і гэта можа дрэнна скончыцца.

Тое, што сказаў Віктар Ігнатавіч, ён, канешне, перабольшыў, але ж я шмат змог зрабіць для горада ў часы Перабудовы і ў 90-я гады, калі былі добрыя адносіны з немцамі. Тады было шмат што можна і ніхто не ставіў загародак. А з “Лялькай” я адрэпеціраваў п’есу “Дапытлівы слонік”, якую пераклаў на нямецкую мову і павёз у Нямеччыну. Я вёў перамовы з немцамі, распавядаў ім пра тэатр. Здаецца, мяне і акцёры палюбілі, мы сталі сябрамі. Яны ведалі, што нічога дрэннага я супраць іх не скажу. Я там абараняў іх інтарэсы, каб яны атрымалі нешта за сваю працу.

DSCN8994
Людміла Сіманёнак, Віктар Клімчук, Юрась Франкоў і Уладзімір Папковіч

У ліпені паехала у Нямеччыну група студэнтаў, гэта тое, што я пачаў у самым пачатку 90-х гадоў. Будучы ў Германіі я казаў: “Давайце, нашых студэнтаў прывязем, бо яны жывога немца не бачылі”. Тады людзі рваліся за мяжу, ім было цікава, яны яшчэ нічога там не бачылі. Грошай не было – і грошы знаходзілі… Не ведалі замежжа, не ведалі, як гэтыя “праклятыя” нядаўнія “ворагі” жывуць. Вельмі вялікая прага ведаў была…

– Дзякуй Вам за інтэрв’ю і далейшых поспехаў у Вашай педагагічнай і творчай працы! 

Калектыў “Віцебскага кур’ера” са шчырай удзячнасцю віншуе Уладзіміра Антонавіча Папковіча, любімага вельмі многімі выкладчыка і проста вельмі добрага Чалавека, з ужо адзначаным юбілеем, жадае моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і чакае творчых навінак шаноўнага паэта і перакладчыка.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий

  1. Уладзімір

    Сардэчна дзякую! Цяпер я ведаю, дзе сапраўдныя сябры!

    Ответить
  2. Уладзімір Антонавіч! тут Вашы сябры, паплечнікі і вучні!

    Ответить