Давід Сімановіч: «Жыў – і раптам пад адхон  пакаціўся той вагон, у якім я ехаў»

История

Уладзімір Папковіч пра сяброўства з Давідам Сімановічам, літаратурнае жыццё ў Віцебску ў 80-я гады

Тыдзень таму мы публікавалі інтэрв’ю з паэтам і перакладчыкам Уладзімірам Папковічам, у якім Уладзімір Антонавіч распавядаў пра сваё знаёмства з Давідам Сімановічам і разважаў пра літаратурнае жыццё ў Віцебску ў 70-я гады. Сёння мы працягваем размову.

Давід Сімановіч: «Жыў – і раптам пад адхон  пакаціўся той вагон, у якім я ехаў»
Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч. Здымак з уласнага архіву Уладзіміра Антонавіча

– Уладзімір Антонавіч, як Вы мінулым разам зазначалі, у 70-я гады літаратурнае жыццё ў Віцебску актыўна развівалася і, у першую чаргу, дзякуючы намаганням Давіда Сімановіча. А што Вы можаце расказаць пра наступнае дзесяцігоддзе?  

1980-ы год быў даволі складаным. Сёння, перачытваючы кнігу-дзённік Давіда Рыгоравіча «Витебский вокзал», разумею, як яму было цяжка. Напрыклад, вось такі запіс: «29 мая. Из обкома партии звонила Г. Гужва: во вторник, 3 июня в 15 – учредительное собрание. После него – там же, в Доме политпросвета – литературный вечер, встреча с общественностью. Приедет Шамякин с группой. Весь день меня мучил вопрос: пойти или не пойти, «да» или «нет». Больше склоняюсь к «нет». Слишком долго я жил в ожидании этого дня, чтоб печаль вы могли увидать на лице у меня. Не увидите!».

Было створана абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Я, пэўна, быў на тым сходзе, але не меў права голасу, бо не з’яўляўся тады членам саюза. А Давід Сімановіч пісаў пра тыя падзеі так: «3 июня. Создано отделение, к которому я столько лет шёл, организуя, отдавая силы, чтобы собрать костяк, который потом разрастётся…».

У васьмідзясятыя гады была зроблена асобная тэлеперадача «Кніга выйшла ў свет» і я стаў яе вядучым. Там мы расказвалі пра новыя кнігі нашых землякоў з Віцебска і вобласці, запрашалі аўтараў, выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры педінстытута: Анатоля Мікалаевіча Канапельку, Людмілу Васільеўну Васюковіч, Вольгу Іванаўну Русілку ды іншых. Другія экземпляры некаторых сцэнарыяў захаваліся ў мяне да сённяшняга дня.

Зараз, праглядаючы свае паперы, я бачу, што ў васьмідзясятыя гады, калі я перайшоў працаваць у інстытут, мне адкрыўся вольны шлях у прэсу і на тэлеэкран. Я пісаў і гаварыў на тэмы асветы, выхавання, літаратуры, беларускай мовы і культуры.

Давід Сімановіч: «Жыў – і раптам пад адхон  пакаціўся той вагон, у якім я ехаў»
З Васілём Быкавым. Здымак з уласнага архіву Уладзіміра Антонавіча

– Цікава, а як у той час складваліся Вашыя адносіны з Давідам Сімановічам?

Ва ўсе часы нас яднала любоў да літаратуры. Я разумеў, наколькі Сімановіч больш адукаваны за мяне, наколькі лепш ведае класічную і сучасную літаратуру, не толькі рускую і беларускую, але і замежную.

Мне здаецца, што другой бібліятэкі, роўнай ягонай, у горадзе не было. Я разумеў гэта, і мне імпанавала, што ён заўсёды падкрэсліваў, што мы – сябры. Па-сяброўску ён падпісваў мне кожную сваю кніжку. Яны і сёння займаюць добрую палову паліцы ў маёй кніжнай шафе.

Памятаю, як аднойчы, пасля выступлення ў бібліятэцы, здаецца, у Сянно, жанчына-бібліятэкарка, якая праводзіла нас пасля выступлення, сказала: “Вы такія розныя. Давід Рыгоравіч піша па руску, а Папковіч па-беларуску. Адзін – былы выкладчык рускай мовы і літаратуры, працуе на тэлебачанні, а другі – выкладчык нямецкай мовы ў тэхнікуме. Адзін яўрэй, другі – беларус. Што ў вас можа быць агульнага? Цяпер жа я так рада, што запрасіла вас дваіх. Усё атрымалася так разнастайна, але гарманічна. Дзякую вам!”

Дарэчы, Давід Рыгоравіч неаднойчы давяраў мне перакладаць свае вершы на беларускую мову (а пазней – і на нямецкую). Напрыклад, на маёй паліцы стаіць альманах «Дзвіна, Віцебшчына літаратурная» за 1992 год, у якім змешчаны вершы Давіда Сімановіча ў маім перакладзе. Адзін з іх гучыць так:

Жыў –

і раптам пад адхон 

пакаціўся той вагон,

у якім я ехаў.

І панесла –

чуў я сам –

вестку нівам і лясам

пра крушэнне рэха.

Ды не радуйся бяда,

Не закончана язда –

Фокус твой не ўдаўся.

Камяні ляцелі ўніз,

я над безданню павіс

і жывым застаўся.

Давід Сімановіч: «Жыў – і раптам пад адхон  пакаціўся той вагон, у якім я ехаў»
Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч. Здымак з уласнага архіву Уладзіміра Антонавіча

– Давід Сімановіч заўсёды быў у цэнтры культурнага жыцця горада, выступаў ініцыятарам шматлікіх праектаў, выставаў, мерапрыемстваў..

Давід Рыгоравіч нагрузіў сябе мноствам дабраахвотных абавязкаў, стварыўшы Шагалаўскі камітэт, камітэт Уладзіміра Караткевіча і Пушкінскі камітэт.

Сімановіч падтрымліваў сяброўскія сувязі са шматлікімі мастакамі, музыкантамі, маладымі літаратарамі. Я не памятаю такой выставы, дзе б Давід Сімановіч не выступіў са сваімі вершамі і віншаваннямі. Па яго ініцыятыве каля помнікаў Пушкіна і Караткевіча праводзіліся паэтычныя імпрэзы ў іх дні нараджэння. Ён умеў уплываць не толькі на простых літаратараў, але на асоб пры ўладзе.

А калі ў 1989 годзе было ўтворана гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, і я быў выбраны старшынёй гарадской Рады, сябрамі таварыства сталі пісьменікі і журналісты, у тым ліку Давід Сімановіч.

Давід Сімановіч: «Жыў – і раптам пад адхон  пакаціўся той вагон, у якім я ехаў»
Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч. Здымак з уласнага архіву Уладзіміра Антонавіча

– Уладзімір Антонавіч, Вы сябравалі з Давідам Сімановічам на працягу некалькіх дзясяткаў год, да самай смерці паэта…

Так. Нават памятаю, як аднойчы ў нас была размова, і я сказаў Давіду Рыгоравічу, што ён лёгка мог бы памяняць кватэру ў Віцебску на кватэру ў Мінску і пераехаць у сталіцу, дзе было значна больш магчымасцей друкавацца, уваходзіць у кіраўнічыя літаратурныя органы. А ён і слухаць пра гэта не захацеў. Давід Сімановіч настолькі зросся з Віцебскам, так пранікнуўся яго культурнымі справамі і турботамі, што горад стаў для яго родным і ён проста не мог яму здрадзіць.

У апошнія гады Давід Рыгоравіч часта ездзіў да дачкі Лены, радаваўся сваім унукам, пісаў пра іх. Але заставаўся віцебскім навечна. Шкада, што не ўсе сёння ўсведамляюць ролю Сімановіча ў жыцці нашага города. Я лічу, што ён сваёй літаратурнай і грамадскай дзейнасцю заслужыў большай павагі, чым яму надаецца зараз. Дзякуй Богу, праз усілкі яго сяброў, Міхаіла Шмерлінга і іншых, была ўсталявана мемарыяльная дошка на доме паблізу яго жытла.

Хацелася б, каб і наступныя пакаленні ведалі прозвішча Сімановіча, каб яго імем была названа вуліца (ды хоць бы і цяперашняя Савецкая ці Камсамольская), а на адной з бібліятэк з’явілася таблічка: «Віцебская гарадская бібліятэка імя Давіда Сімановіча».

– Дзякую за размову.

Давід Сімановіч: «Жыў – і раптам пад адхон  пакаціўся той вагон, у якім я ехаў»
Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч. Здымак з уласнага архіву Уладзіміра Антонавіча

Працяг інтэрв’ю з Уладзімірам Папковічам, у прыватнасці пра вяртанне імя Марка Шагала ў Віцебск, чытайце праз тыдзень.

Як мы размаўлялі з Уладзімірам Антонавічам пра падзеі культурнага жыцця ў нашым горадзе ў 2017 годзе, глядзіце тут. А успомніць, як у Віцебску адкрывалі мемарыяльную дошку ў гонар Давіда Сімановіча, можна тут.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий