Уладзімір Папковіч пра Давіда Сімановіча, Анатоля Канапельку, неафіцыйныя замежныя сувязі і «Віцебскі рабочы»

История

літаратурнае жыццё ў Віцебску ў 70-я гады, рэдкія фотаздымкі пра наш горад і людзей

Нядаўна мы публікавалі інтэрв’ю з паэтам і перакладчыкам Уладзімірам Папковічам. Тады мы размаўлялі, найперш, пра культурнае жыццё нашага города, але амаль зусім не закранулі асобу паэта Давіда Сімановіча, з якім Уладзімір Антонавіч быў знаёмы асабіста і шмат год меў стасункі. Таму сёння наша размова пра гэта.

Уладзімір Папковіч пра Давіда Сімановіча, Анатоля Канапельку, неафіцыйныя замежныя сувязі і «Віцебскі рабочы»
Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч. Фота з уласнага архіва Уладзіміра Антонавіча

– Уладзімір Антонавіч, як і калі Вы пазнаёміліся з Давідам Сімановічам?

У 1966 годзе я змяніў месца жыхарства: з Мінска пераехаў у Віцебск. Тут у мяне знаёмых не было, акрамя былых выпускнікоў Мінскага інстытута замежных моў, якія вучыліся там у розныя часы. Усе мы лічыліся «сваімі».

Я ўладкаваўся працаваць у школу і пачаў паціху знаёміцца з новым асяроддзем. У Віцебску шырока вядомым было імя Яфіма Пасава, выкладчыка нямецкай мовы педагагічнага інстытута, аўтара метадычных распрацовак па выкладанні нямецкай мовы ў школе і літаратурных твораў, у прыватнасці, маладзёжнай п’есы «Аркадий Жигалкин». Яна быццам бы ставілася ў мінскім тэатры юнага гледача і аўтар ездзіў у сталіцу на яе прэм’еру.

Да пераезду ў Віцебск я ўжо друкаваўся ў «Мінскай праўдзе», «Чырвонай змене», у рускамоўных «Знамени юности» і часопісе «Неман», таму хацеў бліжэй пазнаёміцца з віцебскімі літаратарамі. Думаў папрасіць Яфіма Пасава, які прыходзіў у госці да свайго аднакурсніка М.М. Паніна, з якім мы займалі па пакоі ў трохпакаёўцы, увесці мяне ў літаратурнае кола Віцебска. Але мне не пашанцавала: Пасаў выехаў у РСФСР.

Крыху пазней я прачытаў аб’яўку пра паседжанне абласнога літаб’яднання пры Віцебскім тэлебачанні і пайшоў на тэлестудыю. Кіраваў суполкай Давід Сімановіч, які працаваў тут загадчыкам літаратурна-драматычный (магчыма, і інакш называлася) рэдакцыі.

Уладзімір Папковіч пра Давіда Сімановіча, Анатоля Канапельку, неафіцыйныя замежныя сувязі і «Віцебскі рабочы»
Фота з уласнага архіва Уладзіміра Папковіча

– А што вы можаце сказаць у цэлым пра літаратурнае асяроддзе ў Віцебску ў 70-ыя гады?

Тады ў горадзе членам Саюза пісьменнікаў быў, здаецца, адзін Давід Сімановіч з вялізным колам сяброўстваў і знаёмстваў у Беларусі, Савецкім Саюзе і нават шырэй. Але неафіцыйныя замежныя сувязі тады не ўхваляліся.

Вакол Давіда Рыгоравіча гуртавалася ўсё літаратурнае ды і культурнае жыццё ў Віцебску. Ён быў кіраўніком абласнога літаратурнага аб’яднання, арганізоўваў літаратурныя сустрэчы, семінары, тэле- і радыёперадачы.

У літаб’яднані я неўзабаве пазнаёміўся з такімі літаратарамі як Уладзімір Немізанскі, Валянціна Пчолка, Аляксандр Бяроза (Рабкін), Юры Доктараў, Мікалай Гвоздзікаў, Тадзіяна Кляшторная, Дзіма Грыгор’еў, Уладзімір Марудаў,Міхась Губернатараў, Пятро Ламан, з полацкай веткай, куды тады ўваходзілі маладыя, а цяпер сталыя і знакамітыя: Леанід Баршчэўскі, Лявон Неўдах, Уладзімір Арлоў, Навум Гальпяровіч, Міхась Барэйша, Лера Сом, Якуб Лапатка, Алег Мінкін…Ды ці прыпомніш усіх?

 З цягам часу падрасталі на раёнах Адольф Варановіч, Леанід Калодзежны, Алесь Касцень, Алег Салтук, Ірына Жарнасек, Уладзімір Сауліч, Галіна Варатынская, Марыя Баравік. Няхай мне прабачаць тыя, каго я павінны быў згадаць, ды забыўся. Як мне цяпер здаецца, усе яны, ва ўсякім разе большасць з іх, хоць раз мелі нейкія стасункі з Давідам.

Канешне, у літаратурным жыцці горада сваю ролю адыгрывала і абласная газета «Віцебскі рабочы», у якой была свая літаратурная старонка. Але мяне там да выхаду першай кніжкі амаль не друкавалі, спасылаючыся на розныя прычыны.

Уладзімір Папковіч пра Давіда Сімановіча, Анатоля Канапельку, неафіцыйныя замежныя сувязі і «Віцебскі рабочы»
Фота з уласнага архіва Уладзіміра Папковіча

– Я так разумею, з цягам часу Вы пачалі прымаць актыўны ўдзел у дзейнасці літаратурнага аб’яднання?

Недзе з пачатку 70-ых Давід Рыгоравіч пачаў запрашаць мяне да ўдзелу ў выступленнях ў розных аўдыторыях ды ў працы семінараў маладых літаратараў вобласці. У кнізе-дзённіку Давіда Сімановіча «Витебский вокзал» (Минск, 2006 год) ёсць запіс: «1972 23 марта. Обсуждение стихов В. Попковича и П. Ламана». Гэта, здаецца, першае ўпамінанне майго прозвішча ў яго апублікаваных запісах.

Прыпамінаю, што недзе ў той самы час (я ўжо працаваў у тэхнікуме і быў з навучэнцамі на бульбе ў Глыбоцкім раёне) быў нейкім чынам запрошаны на тэлестудыю ў Віцебск. Мы з Пятром Ламанам прынялі ўдзел у тэлеперадачы, магчыма з ганарарам у Фонд міра. Гэта было маё «тэлехрышчэнне». Дзякуй Богу, яно не закончылася ў маю адсутнасць трагічна для навучэнцаў. Потым даведаўся, што яны ў тую ноч, калі я быў у Віцебску, паехалі з мясцовым шафёрам на грузавой машыне на танцы ў няблізкую вёску і па дарозе з’ехалі ў прыдарожны роў.

Яшчэ раней я пазнаёміўся з Анатолем Канапелькам, які працаваў у педінстытуце, і ў якога ўжо была кніжка вершаў. Мы пачалі ўсё часцей выступаць разам не толькі калектыўна (па аднаму-два вершы) ў групе літаб’яднання, але і ўтраіх: я, Давід Сімановіч і Анатоль Канапелька.

Дарэчы, хачу падкрэсліць: хоць Давід Рыгоравіч быў толькі на тры гады старэйшы за мяне, я заўсёды лічыў яго аўтарытэтам, «вядоўцам», які і літаратуру ведае куды лепш за мяне, і мае куды большы асабісты вопыт і набыткі.

Калі з Анатолем Канапелькам мы лёгка перайшлі на «ты», бо працавалі, хоць і на розных кафедрах, але ў адным інстытуце-універсітэце, то Давід Сімановіч заўсёды заставаўся для мяне Давідам Рыгоравічам і на «Вы».

Ён не раз па-сяброўску прапанаваў мне перайсці на «ты» і сам лёгка перайшоў, а я не мог. Памятаю, як аднойчы пасля выступлення ў Оршы мы сядзелі ў гасцініцы і крышку «адпачывалі». Выпілі на брудэршафт і вырашылі, што цяпер ужо будзем назаўжды на «ты». Не атрымалася. На наступны дзень, цвярозы, я не змог пераступіць «мяжу». Мая душа не адважылася.

Дарэчы, на тэму нашых узаемадносінаў нашмат пазней пісаў і сам Давід: «17 июля. Писал передачу по книжке Попковича, в обед отдал на машинку, надо в четверг, пока Володя здесь, сделать видеозапись. Сам он пришел такой радостный, подписал мне мой экземпляр: «Настаўніку» – ну разве я его наставник? Просто друг…».

А я не мог дазволіць сабе назваць чалавека больш высокага статусу, шырока вядомага ў грамадстве, сваім сябрам. Гэта гучала б занадта ўжо самаўпэўнена.

– Дзякуй за размову.

Уладзімір Папковіч пра Давіда Сімановіча, Анатоля Канапельку, неафіцыйныя замежныя сувязі і «Віцебскі рабочы»
Давід Сімановіч і Уладзімір Папковіч. Фота з уласнага архіва Уладзіміра Антонавіча

Працяг інтэрв’ю з Уладзімірам Папковічам чытайце праз тыдзень.

Нагадваем, што калі мы праводзілі апытанне нашых чытачоў, каму, па іх мерваванні, трэба прысвоіць званне «Ганаровы грамадзянін Віцебска», абсолютная большасць выказалася за Давіда Рыгоравіча. Паглядзець гэта можна тут.

А як ў Віцебску адкрывалі мемарыяльную дошку ў гонар паэта, можна ўспомніць тут.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий