Віцебскі археолаг: «Старажытную драўніну проста закрылі поліэтыленам і засыпалі пяском»

витебск, раскопки, археология, Колядинский История

Эксклюзіўныя фотаздымкі. Як у Віцебску мог з’явіцца археалагічны музей, аналагаў якому не было б у свеце

Многія турысты, якія наведваюць Віцебск, заўважаюць, што амаль усе будынкі ў гістарычным цэнтры горада – новабудоўлі, няхай і па старажытным узоры. Сапраўдныя помнікі гарадской архітэктуры былі знішчаны або ў гады Вялікай Айчыннай вайны, або ўжо ў пасляваенны час. Але Віцебску ёсць што пакінуць нашчадкам. У гэтым упэўнены гісторыкі, археолагі Лявон Калядзінскі і Ігар Цішкін.

дуров, триптих, витебские замки, презентация
Лявон Калядзінскі (злева) на прэзентацыі “Віцебскія замкі” Ігара Дурава. Фота Сашы Май

«У 1977 – 1993 гадах на тэрыторыі Верхняга замка ў Віцебску праводзіліся маштабныя раскопкі, – расказаў Лявон Калядзінскі. – Яны ахоплівалі плошчу звыш дзвюх тысяч квадратных метраў. Былі выяўлены рэшткі драўлянай гарадской забудовы ХІІ– ХVII стагоддзяў, сабраны багаты рэчавы матэрыял. На раскоп прыязджала кіраўніцтва горада, вобласці і нават БССР. Сярод вядомых асобаў, што пабывалі тут, – сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў і касманаўт Пётр Клімук».

Дарэчы, Верхні замак у Віцебску разбураўся на працягу многіх гадоў.  Напрыклад, у 1957 годзе Віцебскае замчышча з рэшткамі Замкавай гары было абвешчана помнікам рэспубліканскага значэння і ўзята пад ахову дзяржавы. Нягледзячы на гэта, ужо ў лютым – сакавіку 1958 года на гэтай тэрыторыі быў закладзены катлаван пад будаўніцтва драмтэатра, у выніку чаго быў знішчаны велізарны культурны пласт.

Пабудова адміністрацыйных і жылых будынкаў на помніку археалогіі працягнулася і ў 1970-я гады. У лістападзе 1973 года быў знесены буданак віцебскага педынстытута, пабудаваны, дарэчы, у XIX стагоддзі, а побач з гэтым месцам, ля самага падножжа Замкавай гары, сталі рабіць катлаван для ўзвядзення корпуса навукова-даследчага інстытута. Пра гэта, дзякуючы намаганням Міхаіла Рыўкіна, даведаліся ў Інстытуце археалогіі АН СССР, у Віцебск тады прыехалі маскоўскія археолагі, быў складзены Акт аб разбурэнні помніка. Пра будынкі Віцебска, якія зніклі з вуліц нашага горада за апошнія паўстагоддзя, можна прачытаць тут.

Калі ў 1977 годзе дзяржавай былі выдзелены дадатковыя сродкі на археалагічнае вывучэнне горада на Дзвіне, быў створаны Віцебскі археалагічны атрад, які ўзначаліў  вядомы беларускі археолаг Міхаіл Ткачоў. Разам з Лявонам Калядзінскім, тады супрацоўнікам сектара археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР, яны выехалі ў Віцебск.

витебск, раскопки, археология, Колядинский
Віцебск, Верхні замак, раскопкі М. Ткачова і Л. Калядзінскага, 1978 год. Фота Міхаіла Шмерлінга. З асабістага архіва Л. Калядзінскага

Тады і ўзнікла думка аб стварэнні на базе раскопак археалагічнага музея па ўзоры Берасця. Гэтую ініцыятыву падтрымалі горад, вобласць і рэспубліка. У 1980 годзе Савет Міністраў БССР прыняў пастанову аб стварэнні ў Віцебску археалагічнага музея, які мог стаць філіялам Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Віцебскі гарвыканкам павінен быў забяспечыць узвядзенне часовых навесаў над знойдзенымі падчас раскопак рэшткамі драўлянай забудовы, а Міністэрства культуры – правесці работы па кансервацыі.

віцебск, археолаг, Ігар Цішкін
Ігар Цішкін. Фота Сашы Май

«Драўніна так добра захавалася, што, калі мы рабілі распіл, яна пахла свежай хвояй, – успомніў Ігар Цішкін, які таксама прымаў удзел у раскопках. – Гэты музей мог бы стаць унікальным. На свеце нямала ёсць музеіфікаваных старажытных аб’ектаў, але ж яны ўсе з камення. А ў нас добра захаваліся драўляныя збудаванні, якія адлюстроўваюць перыяд жыцця нашых продкаў больш чым за паўтары тысячы гадоў. Падобнага няма нават на сусветна вядомых гарадзішчах Берасця і Ніжняга Ноўгарада».

витебск, раскопки, археология, Колядинский
Віцебск, Верхні замак, раскопкі Л. Калядзінскага, 1982 год. Тэрыторыя пад мяркуемы археалагічны музей. Фота Л. Калядзінскага

Улетку 1980 года Інстытут гісторыі АН БССР звяртаўся ў Віцебскі абласны камітэт КПБ, аблвыканкам і гарвыканкам з просьбай прадугледзіць збудаванні часовага навесу над археалагічным раскопам 1980 года. Але ў той жа час ва ўсходняй частцы Верхняга замка пачалі рабіць пляцоўку для ўсталявання помніка Машэраву, пракладвалі камунікацыі і тым самым зноў знішчалі культурны слой.

«Летам 1980 года мы змаглі прыступіць да працы на раскопе толькі напрыканцы чэрвеня, – расказаў Лявон Калядзінскі. – Ішлі дажджы, з трох бакоў нашага раскопу працавалі будаўнікі, мы павіны былі перыядычна вывозіць культурны пласт, каб ім не замінаць. Але, нягледзячы на ўсе перашкоды, у той год быў ускрыты ўчастак гарадской забудовы XVI стагоддзя ў цудоўнай захаванасці і цалкам прыдатны для музеіфікацыі. Патрабаваўся навес, доўга ішла перапіска паміж Інстытутам гісторыі і віцебскімі ўладамі. У выніку навес з’явіўся толькі ў 1982 годзе, калі раскоп амаль ператварыўся ў басейн: катлаван быў напоўнены вадой, а сцены часткова абрынуліся».

Навес быў узведзены рабочымі Віцебскага гарадскога рамонтна-будаўнічага трэста, электрыфікаваны і забяспечаны механізмам адпампоўкі вады. З’явілася нават вывеска на ўваходзе, што тут знаходзіцца філіял Віцебскага краязнаўчага музея.

витебск, раскопки, археология, Колядинский
Узвядзенне часовага навеса над археалагічным раскопам 1982 года, які мяркаваўся як музей. Фота Л. Калядзінскага

«Я магу лічыць сябе першым і апошнім “дырэктарам” археалагічнага музея ў Віцебску, – смяецца Ігар Цішкін. – Тады я працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у абласным краязнаўчым музеі, займаўся тэмай “Археалогія”. Для новага музея прынёс археалагічны матэрыял з Ратушы, усталяваў некалькі шкляных шаф, выставіў экспанаты і пачаў праводзіць экскурсіі. Наведаць археалагічны музей у той час было нямала ахвотных, нават узімку. Віцебскае турбюро прывозіла цэлыя групы турыстаў».

витебск, раскопки, археология, Колядинский
Часовы навес над археалагічным раскопам 1982 года. Фота Л. Калядзінскага

Археолагі пасылалі тэлефанаграмы ў Міністэрства культуры БССР з просьбай пачаць кансервацыю. Планавалася, што будзе ўзведзены і яшчэ адзін павільён над больш раннімі рэшткамі забудовы, якія павінны былі стаць другой чаргой музея, але грошай не знайшлося.

У гэты жа час пачалося будаўніцтва кафэ «Тэатральнае». Калі рабілі катлаван, на месца ў 1988 годзе выехалі археолагі і вынайшлі 8 – 10 ярусаў унутрывальных канструкцый – амаль двухметровай таўшчыні пласт са знаходкамі ІХ – ХІ стагоддзяў пад насыпам вала. Раскоп наведалі прадстаўнікі ўлады, было вырашана захаваць гэтыя канструкцыі шляхам музеіфікацыі і стварыць музей абарончага вала старажытнага Віцебска.

витебск, раскопки, археология, Колядинский
Будаўнічыя работы каля драмтэатра. Восень 1983 год, Работы звязаныя з падземным кафе. Ідзе знішчэнне культурнага пласта старажытнага Віцебска. Фота Л. Калядзінскага

Напрыканцы кастрычніка 1988 года Віцебскі гарвыканкам нават распрацаваў план на бліжэйшыя гады. Згодна з ім, у 1989 – 1990 гады планавалася адкрыць музей «Абарончы вал XII ст», а ў 1990 – 1992 археалагічны музей «Старыжытны Віцебск XIII – XIV ст.».

Але гэта засталося толькі на паперы. Ужо ў 1989 годзе быў складзены акт, што на помніку археалогіі рэспубліканскага значэння ў Верхнім замку ў Віцебску, на раскопе абарончага вала ХІІ стагоддзя, асыпаўся грунт, і, нягледзячы на тое, што Інстытут гісторыі быў супраць, катлаван засыпалі зямлёй. Такі ж лёс чакаў і археалагічны раскоп з рэшткамі драўлянай пабудовы ХІІ – ХIV стагоддзяў. Улады матывавалі рашэнне тым, што не быў знойдзены эфектыўны спосаб кансервацыі, але ж ён існаваў і ўжо быў апрабіраваны ў «Бярэсці». Пасля распаўся Савецкі Саюз, змянілася ўлада, адбылася інфляцыя. Усім стала не да гісторыі. Але ж сёння ўмовы больш спрыяльныя. Чаму б не вярнуцца да гэтай тэмы?

«Самае страшнае тое, што драўніну проста закрылі поліэтыленам і засыпалі пяском, – разважае Ігар Цішкін. – Ці захаваецца яна? У якім будзе стане? Магчыма, поўнасцю спарахнее… Ды і ці будуць тут калі-небудзь праводзіцца раскопкі? На гэта патрэбны немалыя сродкі і, канешне, жаданне. Жаданне нешта зрабіць – гэта тысячы спосабаў, а нежаданне нешта рабіць – тысячы прычын».

витебск, раскопки, археология, Колядинский
Кніга водгукаў аб наведванні археалагічнага музея, адзін са шматлікіх водгукаў. Фота з архіва Калядзінскага

Археалагічны музей упрыгожыў бы наш горад. Мясцовыя жыхары і турысты з задавальненнем бы яго наведвалі, тым больш што размясціўся б ён у гістарычнай частцы Віцебска. Безумоўна, зрабіць гэта няпроста: неабходна нанова праводзіць раскопкі, пераносіць інжынерныя камунікацыі, прадумваць кансервацыю драўніны, будаваць музейны павільён.

«Калі знаходзяцца сродкі на ўстанаўленне бронзовых помнікаў у Віцебску, дык чаму б не адшукаць магчымасці для рэанімацыі Пастановы аб стварэнні археалагічнага музея і не працягнуць гэтую высакародную справу? – падагульняе Лявон Калядзінскі. – Тым больш што на будучы год Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею спаўняецца сто гадоў. Выдатная нагода змяніць свой статус на Дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, як тое было зроблена ў Гародні. Да таго ж на “Славянскі базар” прыязджае шмат турыстаў, ім расказваюць, што Віцебску больш за тысячу гадоў.  А як пацвердзіць гэтыя словы, як ні наглядна – у археалагічным музеі. Са свайго боку я гатовы аказаць дапамогу».

витебск, раскопки, археология, Колядинский
Эпілог, ” Вот і всё что біло…” словы з песні Вахтанга Кікабідзэ. Фота Л.Калядзінскага

Таксама прапануем даведацца пра сакрэты Віцебскіх замкаў.

А інтэрв’ю з Ігарам Цішкіным пра гісторыка-культурнае аб’яднанне «Узгор’е» можна прачытаць тут.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий