як куццю правільна зварыць, даць «чмыха» і казу павадзіць
Зімовыя святкі ў беларусаў пачыналіся ад поснай куцці (6 студзеня) і працягваліся да Вадохрышча (19 студзеня).
Калядоўшчыкі ў Задзвінні/ Фота Настассі ВераскНа працягу двух калядных тыдняў нашы продкі не толькі весяліліся і арганізоўвалі сапраўдныя тэатральныя відовішчы, але і ўшаноўвалі памяць дзядоў. Гэтаму прысвячаліся тры ўрачыстыя куцці:
посная (перадкалядная),
шчодрая пры сустрэчы Новага года (з 13 на 14 студзеня)
і вадзяная (галодная) перад Водахрышчам.
Цікава, што на ўсе тры куцці каша варылася ў адным гаршку. А гатаваць яе ад пачатку і да канца павінен быў адзін чалавек: сама гаспадыня, яе замужняя дачка ці нявестка. Гэтым, як лічылі нашы продкі, можна было забяспечыць адзінства і цэласнасць сям’і на працягу наступнага года. А каб сям’я жыла ў згодзе і паразуменні, куцця павінна была быць густой і клейкай.
Каштаваць кашу нельга было нават у час прыгатавання, і толькі калі стол будзе засланы сенам і белым абрусам, можна было паставіць на стол гаршчок с куццёй і пасля першай зоркі на небе прыступіць да вячэры.
На працягу зімовых святак калядоўшчыкі з песнямі і віншаваннямі абыходзілі ўсе двары ў вёсцы без выключэння. Бо, лічылася, што тую гаспадарку, якую моладзь па нейкай прычыне абміне, у наступным годзе напаткае бяда. Не заходзілі калядоўшчыкі толькі ў хаты, дзе нядаўна пахавалі нябожчыка.
Калядаваць звычайна адпраўлялася моладзь ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў, а колькасць калядоўшчыкаў магла быць рознай – да 12 чалавек. У кожнага была свая роля. Галоўная – роля казы – даставалася самаму рухаваму і жваваму хлопцу, якога апраналі ў вывернуты кажух, а з саломы спляталі рогі.
Вадзілі казу амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Ва ўяўленнях нашых продкаў менавіта каза была сімвалам урадлівасці, пладавітасці і дабрабыту сям’і. Толькі ў некаторых паўднёвых і паўднёва-заходніх раёнах краіны калядоўшчыкі вадзілі мядзедзя, каня або бусла.
За сваё выступленне самадзейныя артысты атрымлівалі розныя прысмакі: саланіну, кола кілбасы, мочаныя яблыкі, цукар. А пасля абыходу моладзь збіралася ў вялікай хаце, дзе ладзіліся вячоркі. Да вечарыны далучаліся і прадстаўнікі старэйшага пакалення, каб пагутарыць ці ў карты пагуляць. Адна з самых папулярных – гульня ў «чмыха», калі пераможца біў прайграўшага скручанай у вяроўку насоўкай па руках і прыгаворваў:
«Цыбуля ядраная, шчодрыца-бодрыца, вось табе, вось табе, вось табе!»
Моладзь танчыла, спявала пад гармонь і гуляла ў «ляскаўку»: адзін з удзельнікаў садзіўся на табурэтку пасярод хаты, прасоўваў левую руку пад правай пахай і чакаў, пакуль нехта яму лясне па далоні. Пасля чаго павінен быў здагадацца, хто гэта зрабіў. Калі адгадаў – удзельнікі мяняліся месцамі. У некаторых мясцовасцях было прынята хітрыць: пакуль нехта са старых людзей закрываў рукой вочы асноўнаму гульцу, адзін з удзельнікаў ляскаў яму па далоні расшчэпленым лубком.
Абрады зімовых святак былі папулярнымі як сярод дарослых, так і сярод дзяцей. Пры гэтым усе разумелі іх сакральнае значэнне, тое, што калядоўшчыкі – пасрэднікі паміж светам жывых і мёртвых. Сёння ж больш калядуюць для весялосці, каб узняць настрой сабе і людзям.
А як гэта адбывалася ў мінулыя гады ў «Задзівінні», глядзіце тут і тут.