«Мова нанова»: выпадковых людзей на беларускамоўных курсах не бывае!

віцебск, мова нанова, беларуская мова Культура

як мы знаёміліся, слухалі вершы і спявалі этніку

Па-сяброўску шчырая атмасфера панавала на першых у гэтым навучальным годзе занятках бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова». І няхай слухачоў сабралася няшмат, затое тут не было людзей выпадковых!

Кожны з тых, хто знайшоў час вечарам у сераду наведаць курсы, прыйшоў, каб удасканаліць сваё веданне роднай мовы і знайсці аднадумцаў. Прыемна, што сярод прысутных былі як сталыя наведвальнікі заняткаў, так і тыя, хто завітаў на курсы ўпершыню.

віцебск, мова нанова, беларуская мова
Вядоўцы курсаў Таццяна Дубоўская і Сяржук Маркаў. Фота Сашы Май

Каб дапамагчы ўсім пазнаёміцца паміж сабой, нязменныя вядоўцы «Мова нанова» ў Віцебску Сяржук Маркаў і Таццяна Дубоўская прапанавалі разыграць сітуацыі знаёмства. Па чарзе запрашалі пары слухачоў выходзіць і распытвацца як мага больш адзін у аднаго.

Давайце знаёміцца. Фотакалаж Сашы Май
Давайце знаёміцца. Фотакалаж Сашы Май

У выніку мы даведаліся шмат цікавага. Як аказалася, сярод слухачоў курсаў ёсць студэнты, школьнікі, маладыя спецыялісты, бухгалтары, прадпрымальнікі, аспіранты, выхавацелі дзіцячых садкоў. Карацей кажучы, кантынгент абсалютна розны, але ўсіх яднае адно – любоў да беларускасці.

курсы, мова, віцебск
“Мяне завуць Валерыя. А вас?” Фота Сашы Май

Пра сваю любоў да беларускай мовы і пра шлях у літаратуру распавёў малады паэт, журналіст, кіраўнік літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Алесь Замкоўскі. Ён адзначыў, што натхніла пісаць творы на роднай мове –  перадусім творчасць Уладзіміра Караткевіча. І калі раней гэта былі толькі вершы, то сёння Алесь спрабуе сябе ў прозе і драматургіі.

віцебск, мова нанова, замкоўскі
Некалькі сваіх вершаў прачытаў паэт Алесь Замкоўскі. Фота Сашы Май

На сустрэчы малады паэт прачытаў колькі сваіх вершаў і адказаў на пытанні. Прысутных найперш цікавіла, калі ж пабачыць свет яго паэтычны зборнік. На гэта Алесь Замкоўскі зазначыў, што ў яго ёсць «кніжка» ў адзіным экземпляры – зборнік хайку, прысвечаны жонцы і падораны на яе Дзень народзінаў. А калі сур’ёзна, то творамі паэта зацікавіліся сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. Алесю паабяцалі дапамагчы выдаць дэбютны зборнік.

курсы, віцесбк, "Агата"
Стылізаваныя народныя песні выконвае гурт “Агата”. Фота Сашы Май

Яшчэ адным госцем першых заняткаў стаў этнадуэт «Агата» ў складзе вакалісткі Ірэны Катвіцкай і акардэаніста Аляксея Варсобы. Дуэт з’явіўся паўтара гады таму і за гэты час паспеў знайсці прыхільнікаў як у нашай краіне, так і далёка за яе межамі. У аснове рэпертуару этнадуэта – народныя песні каляндарна-абрадавага цыкла, якія Ірэна адшуквае ў розных кутках Беларусі, у тым ліку і на тэрыторыі Віцебшчыны.

віцесбск, мова, курсы, "Агата"
Песні для выступаў Ірэна адшуквае сама. Фота Сашы Май

Не абышлося ў гэты дзень і без падарункаў. Тыя студэнты, якія актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне, дзе трэба было па вершаваных радках пазнаць аўтара і назву твора, атрымалі невялічкія памятныя сувеніры – бірулькі з сімволікай курсаў «Мова нанова».

А напрыканцы заняткаў вядоўцы Сяржук і Таццяна запрасілі ўсіх наведваць курсы часцей, прыводзіць сваіх сяброў і знаёмых, а таксама павіншавалі слухачоў з пачаткам новага навучальнага сезона.

віцебск, мова, курсы
На курсах цікава заўсёды. Фота Сашы Май

Нагадваем, што заняткі бясплатных курсаў «Мова нанова» праходзяць кожную сераду ў 18.30 у памяшканні турсалона «Ілва» (вуліца Леніна, 53). Прыходзьце: тут рады ўсім!

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий