Гары Потэр. Вяртанне героя

Культура

на радасць ці на шчасце, але любімы герой зноў з намі! Знаёмцеся з перакладчыцай «Патэрыяны» на беларускую мову

Чарадзей зноў з намі! Крыніца firtka.if.ua
Чарадзей зноў з намі! Крыніца firtka.if.ua

Не так даўно гісторыя пра любімага ва ўсім свеце чараўніка атрымала свой працяг – у Лондане адбылася прэм’ера п’есы пра Гары Потэра. Новая, восьмая, частка гісторыі паказвае герояў праз 17 год пасля апошніх падзей. І пакуль фанаты вырашаюць, ці варта было працягваць ужо скончаную гісторыю, мы пагутарылі з перакладчыкам кніг пра Гары Потэра на беларускую мову – мінскай журналісткай Вольгай Быкоўскай.

Нагадаем, Вольга перакладала кнігу для сваёй дачкі, якая марыла пачатаць пра чараўнікоў на роднай мове. Перакладчыца замовіла некалькі экзэмпляраў у выдавецтве для ўласнага карыстання. Але знайшлося яшчэ каля 50 чалавек, якія пагадзіліся на прапанову перакладчыцы набыць асобнік па сабекошце. У выніку папяровы «Гары Потэр» па-беларуску можна лічыць калекцыйным выданнем.

Вольга з дачкой. Крыніца nn.by
Вольга з дачкой. Крыніца nn.by

Ці з’яўляюцца прапановы выдаўцоў выдаць кнігу ў друкаваным ці ў электронным варыянце?

Зараз нічога новага не адбываецца ў гэтым накірунку. Было некалькі прапановаў, якія па розных прычынах так і не дайшлі да практычнай рэалізацыі.

Якім асабіста Вы бачыце піяр беларускамоўнай Патэрыяны, альбо што зрабіць, каб менавіта версію на роднай мове чыталі дзеці, падлеткі і (мы ведаем, што гэта так) дарослыя?

Гэта вельмі цікавая тэма. Канечне, шкада, што па аб’ектыўных прычынах беларускамоўная Патэрыяна не трапіла ў першую хвалю цікаўнасці. Аднак зараз ужо ёсць і падлеткі і дзеці, якія таксама ў яе не трапілі і могуць зацікавіцца прачытаць яе зараз. Для падлеткаў павінна быць лёгкая мова, прыгожае каляровае выданне, пажадана з малюнкамі. Не забыцца выдаць электронную кнігу, па магчымасці, інтэрактыўную. Наконт агульнай цікаўнасці да беларускамоўных кніжак і чытання іх дзецьмі тут ёсць дзве часткі: па-першае, адсутнасць жадання ў дзяцей чытаць агулам. Гэта складаная задача, хутчэй за ўсё вырашаецца іншай падачай (інтэрактыўнасць, аўдыёверсіі). І па-другое, цікаўнасць да беларускамоўных кніжак – насамрэч, больш простае пытанне. Прынамсі, больш простае, калі б у гэтым была зацікаўленая дзяржава. Тут можна браць за ўзор паводзіны краінаў-суседзяў. Яны бяруцца перакладаць на свае мовы бэстсэлеры, часам раней за рускамоўныя выданні. Напрыклад, сёмая кніга Потэра ва Украіне выйшла раней на ўкраінскай мове, чым на рускай.

Як асабіста Вы ставіцеся да працягу гісторыі пра Гары Потэра?

Агулам Патэрыяна падавалася мне закончанай справай, і таму, думаю, не варта было яе зноў адкрываць. Але паглядзім, што ў Роўлінг атрымалася. Можа, нешта сапраўды вартае, што не сапсуе здабыткаў мінулых кніг.

З якой мовы Вы рабілі пераклад і з якой мовы, на Вашу думку, цяжэй перакладаць, з якімі цяжкасцямі ў працэсе сутыкнуліся асабіста Вы?

З англійскай. Перакладаць заўсёды варта з мовы арыгіналу, калі яе не ведаеш, то не варта і брацца, бо будзе сапсаваны тэлефон, згубяцца некаторыя адценні. Наконт цяжкасцяў, то яны звязаныя з нейкімі ідыёмамі ці фразамі, маім недасканалым веданнем англійскай мовы. Увогуле мова ў Потэры – лёгкая. Я звяртаюся да іншых перакладаў, каб удакладніць некаторыя рэчы.

Падчас перакладу кніг Вы дасканальна вывучылі персанажаў. Ці з’явіўся любімы і , калі з’явіўся, хто гэта?

Напэўна, сам Гары. Памятаю, было вельмі шкада, калі забілі Сірыўса Блэка. І яшчэ сава Гары падабаецца. Хельга, ці вядомая па рускамоўнаму перакладу Букля.

Ці выдавалі Вы самастойна яшчэ кнігі пасля першай спробы і ці спрабавалі размяшчаць іх у інтэрнэт-крамах?

Пакуль што я пераклала толькі дзве кнігі, і трэцяя падвісла трохі, бо пакуль не хапае часу. Перакладзена недзе 25%. Наконт выдання кніг – справа трохі спынілася. Галоўная прычына – перамовы з праваўладальнікамі, якія зноў завіслі па маіх асабістых прычынах. Спадзяюся актывізаваць іх у верасні. Другая кніжка цалкам гатовая да працы з ёй рэдактара і да друку. Суналежна, я пакуль не планую нідзе размяшчаць пераклад, бо не маю на гэта правоў.

Мы жадаем Вользе плённай працы і ўдалых перамоў з выдаўцамі.Спадзяемся усё ж такі пабачыць беларускамоўную версію Патэрыяны на паліцах кнігарняў ці ў асартыменце інтэрнэт-крамаў!

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий

  1. Падслухана

    Інтэрв’ю з перакладчыцай кніг пра Гары Потэра на беларускую мову https://t.co/57IeUiC5ts

    Ответить
  2. Николай Петрушенко

    Ну, если строго судить,то дедушка Абамы ….

    Ответить