Ада Райчонак. Мае ўспаміны аб сустрэчах з Іванам Паўлавічам Сікорам

Райчонак, Алашкі, Сікора, Каржанеўскі Культура

У сваім артыкуле вядомы грамадскі і культурны дзеяч апавядае нам пра асобу і заслугі выбітнага садавода-селекцыянера, а таксама гісторыю першай барацьбы за захаванне яго сядзібы

Райчонак, Алашкі, Сікора, Каржанеўскі
Ада Эльеўна Райчонак. Крыніца: сацсеткі

Сёння існаванне ўсяго Музея садавода-селекцыянера Івана Сікоры ў Малых Алашках знаходзіцца пад пагрозай знішчэння з-за падмётных лістоў пакуль што невядомага ананімшчыка. Пад пагрозай аказалася і вядомае зараз ужо на ўсю Беларусь свята «Светлы Яблачны Спас – сікораўскай душы часцінка». У артыкуле Ады Эльеўны Райчонак мы можам у чарговы раз сутыкнуцца з канкрэтыкай цяжкага і нават трагічнага эканамічнага і палітычнага лёсу сялянства ў савецкія часы. Аднак што прынцыпова змянілася сёння?.. Нельга дапускаць, каб любы подлы данос ці ананімка маглі зноў перавярнуць нармальнае існаванне людзей і нанесці цяжкі ўдар па культуры і гістарычнай памяці. Прадстаўляем чытачам пранікнённае сведчанне Ады Райчонак аб Іване Сікору, а таксама нялёгкай гісторыі жыцця яго нашчадкаў, праз якое адлюстроўваюцца складаныя і падступныя шляхі беларускай рэальнасці.

Лалыка, Райчонак, Беларусь, Каржанеўскі
Барыс Лалыка. Графіка беларускага жыцця. 2015 г.

Маё знаёмства з гэтым незвычайным чалавекам пачалося ў жніўні 1957 года, калі я пасля заканчэння Полацкага педвучылішча прыехала працаваць у Слабадскую СШ. Пазнаёміла нас выкладчыца біялогіі Сікора Праскоўя Іванаўна, былая суседка Івана Паўлавіча, якая амаль выгадавалася на падворку гэтага славутага чалавека. Цяжка перадаць словамі ўражанні ад гэтага наведвання. Я, гарадская дзяўчына, ніколі не бачыла такой прыгажосці. Такіх кветак я ніколі ў жыцці не бачыла. Не меншае захапленне выклікаў у мяне і сам гаспадар. Ветлівы, гасцінны, эрудзіраваны. Як цяпер, бачу яго лагодную, добрую ўсмешку. Белы палатняны піджак, белы палатняны капялюшык, які ён прыпаднімае над галавой і, ветліва ўсміхааючыся, кажа: «Дзень   добры!» Я, відаць, яму паспадабалася, і ён запрасіў мяне наведваць яго часцей. Яго запрашэннем я карысталася напоўніцу: у Сікоры была багацейшая бібліятэка, у якой было шмат рэдкіх кніг. Гэтыя кнігі зрабіліся маімі сябрамі ў доўгія зімовыя вечары, калі вёска ўжо засынала, а я на печы пры святле гасніцы бавіла час з літаратурнымі героямі.

Сікора, Алашкі, Райчонак, Каржанеўскі
Іван Паўлавіч Сікора. Крыніца: be-tarask.wikipedia.org

Іван Паўлавіч расказваў мне пра жыццё пры Польшчы, пра сваіх сяброў, пра сваіх дзяцей. Яго старэйшы сын Пётра вывучыўся на землямера. Жыў ў Вільні на квартэры ў Яніны Шутовіч па адрасе Полацкая 10. Там ён пазнаёміўся з сусветна вядомым беларускім спеваком Міхасём Забейда-Суміцкім, прывозіў яго ў родныя Алашкі Малыя. Сябраваў і з кіраўніком студэнцкай моладзі Адамам Дасюкевічам, які быў родным пляменнікам і гадаванцам ксяндза Адама Станкевіча. Пётра кватараваў з Дасюкевічам на адной кватэры. Там і пазнаёмілася дачка Івана Паўлавіча Ліда з Адасём. Хутка яны пабраліся шлюбам. Пётра загінуў у першы год вайны. Адась з Лідай жыў у Паставах і падчас вайны працаваў бургамістрам. За сувязь з партызанамі і невыкананне падатку яго застрэліў нямецкі афіцэр. Ліда перабралася да бацькі з малой дачкой Ірынкай.

Паставы, Халакост, Райчонак, Каржанеўскі
Брацкая магіла і помнік яўрэям Паставаў, забітым падчас Халакоста. Крыніца: ru.wikipedia.org

Не давалі жыцця Івану Паўлавічу немцы, але і вызваленне не прынясло яму радасці. П’яны чырвонаармеец хацеў яго застрэліць. Ліда выскачыла праз акно і пабегла за паратункам да дядзькі Пётры Лысёнка. На дапамогу прыбег стрыечны брат Валодзя, васемнаццацігадовы юнак. Салдат выстраліў у яго і забіў. Спужаная Ірынка ў хуткім часе памерла.

Цяжкім танкам прайшліся ваенныя падзеі на лёсе яго сям’і. За палітыку трапіў на ГУЛАГ яго малодшы сын Віктар. Вось пра ўсё гэта расказваў мне Іван Паўлавіч. Ён быў цікавым субяседнікам, умеў усё вельмі цікава распавядаць. Ён адкрыў перада мной незнаёмы мне раней свет. Прыхільна ставілася да мяне і яго маладая жонка Наташа. Яна ўвесь час старалася мяне чымсьці пачаставаць. Пасля гарадскога жыцця я вельмі няўтульна адчувала сябе ў гэтай беларускай глыбінцы, дзе не было электрычнасці, дзе на ўсю вёску была адна лазня, у якую з дому насілі гарачую ваду, дзе не было маіх старых сяброў. З культурных устаноў была толькі хата-чытальня. Светлым промнем стаў у маім жыцці Іван Паўлавіч. Пад яго ўздзеяннем я пачала разумець сялянскі свет Заходняй Беларусі. Ніколі я не думала, што маё жыццё будзе цесна звязана з гэтым надвычай таленавітым беларускім Мічурыным.

Сікора, Крук, Райчонак, Алашкі, Каржанеўскі
Віктар Крук. Партрэт Івана Сікоры. Крыніца: bolshoyvopros.ru

Мне і ў галаву не прыходзіла думка, што давядзецца бараніць ад знішчэння тое, што Іван Паўлавіч стварыў сваёй нястомнай доўгагадовай працай. Яго наведвалі вядомыя пісьменнікі, не абміналі яго і урадаўцы розных рангаў. Экскурсіі штодзённа наведвалі сядзібу вядомага садавода. Недзе зімой 1958 года вярнуўся з ГУЛАГу Віктар. Бацька рашыў яго ажаніць. У якасці нявесты ён выбраў мяне. Віктару я таксама прыглянулася. Стаў Іван Паўлавіч збіраць застоліцы і запрашаць на іх мяне, потым нас з Віктарам адпраўлялі на вечарыну. Тут я ад яго ўцякала. Віктар быў старэйшы на 12 год, худы, дрэнна апрануты. Для мяне, актыўнай камсамолкі, члена райкома і абкома камсамола была ганьбай звязаць свой лёс з зэкам.

Сікора, Алашкі, Райчонак, Каржанеўскі
Віктар Сікора ў маладыя гады. Крыніца: сацсеткі

За сваё жыццё я шмат чаго пабачыла і шмат што зразумела. Зараз для мяне ГУЛАГаўцы – героі, перад якімі я нізка схіляю галаву. Нас абманулі гісторыяй. Маё пакаленне вырасла ў мане. Гэта не наша віна, гэта наша бяда. Каля мяне віліся маладыя прыгожыя хлопцы, і да мяне не даходзіла, што прычыняю боль чалавеку са збалелай душой, які пастрадаў за беларускую справу. Я стала радзей бываць у свайго куміра. Не хацелася сустракацца лішні раз з Віктарам.

Сікора, Райчонак, Алашкі, Каржанеўскі
Віктар Сікора. 2007 г. Фота: svaboda.org

Напрыканцы жыцця далі Івану Паўлавічу пуцёўку на адзін з курортаў Крыма. Вярнуўся ён адтуль падужэлым і памаладзелым. Я пайшла яго праведаць. Настрой у яго быў бадзёры. Казаў, што цяпер ён доўга пабудзе на гэтым свеце. На развітанне расказаў мне з пяток салёных анекдотаў, якія прывёз з курорта. Але нядоўга быў у яго стабільны стан здароўя. На жаль, паралізавала, і ён знаходзіўся ў Жукоўшчынскай участковай бальніцы. Не гледзячы на цяжкі стан, Іван Паўлавіч жартаваў. Там працавала прыгожая рослая маладзіца Анфіса, дык ён, жартуючы, казаў ёй: «Паляжы каля мяне, Анфіска, мне і палягчэе». Пайшлі мы з Вольгай Іванаўнай Сталбцовай яго праведваць, узрадаваўся нашаму прыходу, нагаварыў кучу кампліментаў, расказаў некалькі анекдотаў. Але было бачна, што чалавек трымаецца з апошніх сілаў.

Жыў Іван Паўлавіч вельмі сціпла. Паўночным апорным пунктам садаводства стаў загадваць Віктар. Пенсія ў старога была малая, а ў Наташы яшчэ меншая. Калі памёр Іван Паўлавіч, настаўнікі складаліся, і я ездзіла са Сталбцовай Вольгай Іванаўнай (таксама ГУЛАГаўкай) у Паставы купляць нябожчыку касцюм, кашулю і туфлі. Было неяк прыкра, што дзяржава не магла забяспечыць прыстойнае жыццё такому вядомаму чалавеку. Усё яго багацце былі кнігі і гатункі дрэў і кустарнікаў, што вывеў. Была ў яго яшчэ адна каштоўнасць: партрэт Льва Талстога з аўтографам, які вялікі рускі пісьменнік падараваў цікаваму салдату, які служыў на Далёкім Усходзе. Льву Мікалаевічу паспадабаўся малады беларус, погляды на жыццё ў якога былі сугучныя з поглядамі пісьменніка. Іван Паўлавіч вельмі даражыў гэтым падарункам.

Талсты, Алашкі, Райчонак, Сікора, Каржанеўскі
Партрэт з аўтографам Л.М. Талстога. Фота: westki.info

Калі ён пайшоў у іншы свет, Наташы жыць было вельмі цяжка. Аднойчы яна прыйшла да мяне і папрасіла напісаць пісьмо ў Яснапалянскі музей, каб прапанаваць купіць партрэт Талстога. Я выканала яе просьбу, напісала. Пра гэта даведаўся Віктар. Ён прыйшоў, зняў партрэт са сцяны і панёс да дому. Пасля гэтага мяне закідалі пісьмамі супрацоўнікі Яснапалянскага музея, прапаноўвалі Наташы вялікія грошы за аўтограф. Зараз партрэт Льва Мікалаевіча Талстога знаходзіцца ў сына Віктара Пеці.

Пасля смерці мужа Наташа выйшла замуж за Захарава Івана, які імкнуўся знішчыць усё зробленае Іванам Паўлавічам. На месцы найпрыгажэйшага кветніка ён пабудаваў кузню. Імкнуўся ўсё перабудаваць на свой капыл. Аднойчы мяне паклікалі ў Германавіцкую бальніцу, сказалі, што хоча бачыць нейкая жанчына. Пайшла. Гэта была Наташа. Яна была паралізаваная. Кожны дзень хадзіла яе карміць, упрасілі доктара трымаць яе як мага больш дзён у лякарні. Было зразумела, што яе трэба некуды ўладкоўваць, бо п’яніца Захараў Іван давёў яе да такога стану, а сам раптоўна памёр, відаць, ад гарэлкі. Я высветліла, што Наташа ўсю ўласнасць завяшчала сваёй пляменіцы, якая жыла ў Віцебску. Два дні пераконвала Наташу, каб яна перапісала маёмасць на Віктара, бо неяк крыўдна і несправядліва, што спадчына Івана Паўлавіча дастаецца зусім чужому чалавеку. Ледзь угаварыла. Я ёй казала, як моцна любіў яе Іван Паўлавіч, мы успаміналі нашы пасядзелкі ў іхняй хаце. Нашы успаміны расчулілі яе, і яна згадзілася перапісаць завяшчанне. Выклікалі Віктара. Той прыехаў з добрымі гасцінцамі. Запрасілі сакратарку сельсавета Гінько Лідзію Антонаўну, якая і склала дакумент. Я праводзіла Віктара да аўтобуса. Ён быў удзячны мне, што дапамагла вярнуць бацькоўскі дом, але не прамінуў высказаць старую крыўду.

Кірюшкін, Райчонак, Сікора, Алашкі, Каржанеўскі
Алег Кірюшкін. З серыі “Мір ценяў”. 2014 г.

Аднойчы звоніць мне жонка Віктара Ефрасіння Іванаўна і кажа: «Ада Эльеўна, ратуйце ад ганьбы. Віктар прапівае бацькаву хату. Гэта ганьба не толькі мне, але дзецям і ўнукам. Зрабіце што-небудзь». Ён прадаваў хату на вынас. Нават жонцы не сказаў, каму і куды прадае. Ужо ўзяў задатак. Адно дазналася Фрося, што хату купляе нейкі начальнік па свету. Стала абзваніваць усіх начальнікаў па свету, натрапіла на Шарыпу. Ён мне сказаў, што хату купляе яго пляменнік у Радзюкі. Я стала пераконваць, што гэта хата – скарб краіны, і яна павінна быць пад аховай дзяржавы. Пераконваць Анісімавіча доўга не прышлося, разумны чалавек усё адразу зразумеў і сказаў: «Ада Эльеўна, не хвалюйцеся: здзелка не адбудзецца». Сталі вырашаць з Ляскоўскім Уладзіславам Канстанцінавічам, што нам рабіць. Не, не магла я дапусціць, каб хата, пабудаваная рукамі Івана Паўлавіча, пайшла пад знос. Пазваніла дырэктару музея Сікоры, які месціўся ў чужой хаце, каб выкупілі пад музей сікораўскую сядзібу. Тая мне сказала, што будынак ёй не патрэбны, што ёй хопіць аднога. Загадчыца адзела культуры Талан Фрыда Гаўрылаўна сказала мне, што грошаў у культуры няма. Вырашылі мы з Канстанцінавічам выкупіць сядзібу самі.

Я ведала, што Віктару сорамна будзе здзіраць з мяне грошы. Так і сталася. Сышліся на 300 далярах. Калі мы прывезлі грошы, на парозе хаты сутыкнуліся з Фрыдай Гаўрылаўнай: яна прыязджала прасіць Віктара, каб той не прадаваў мне хаты. На душы маёй была ціхая радасць: я ўратавала ад знішчэння сядзібу майго старага сябра. Пры афармленні мы зрабілі памылку: запісалі будынак на грамадскую арганізацыю. Каб мы аформілі хату на мяне ці Канстанцінавіча, давялося бы заплаціць 9000 рублёў, а як на грамадскую – 90000. Такіх грошаў у нас не было. Не давялі да канца дакументацыю, што потым нам і ўпёрлася пры перадачы сядзібы дзяржаве.

Сікора, Райчонак, Алашкі, Каржанеўскі
Урачыстае адкрыццё сядзібы Івана Сікоры. Фота: westki.info

Пры дапамозе сяброў навялі там парадак. Паставілі новы плот. Аббілі плоскім шыферам паўночную частку хаты, бо тая сцяна святлілася ўся. Паклеілі новымі шпалерамі сцены, пафарбавалі падлогу, адрамантавалі студню, абрэзалі дрэвы ў садзе, пасадзілі кветкі. Праўда, кветкі і рэдкія кустарнікі, прывезеныя сябрамі з Пастаў, нехта скраў. Я выкапала са свайго кветніка амаль усе півоні. Было крыўдна, мы стараліся зрабіць прыгожай сядзібу Івана Паўлавіча. Злодзея мне вяскоўцы адразу назвалі. Няхай гэты учынак будзе на яго сумленні. Сабралі невялікую бібліятэку, праўда, ёй далёка да сікораўскай. Я не ўяўляла хату Сікоры без кніг. Усю яго бібліятэку Наташа прадала раённай бібліятэцы, здаецца.

Сікора, Алашкі, Райчонак, Каржанеўскі
У сядзібнай хаце Івана Сікоры. Фота: braslaw.by

Кожны год вясной збіраліся мае сябры з Глыбокага, Шаркаўшчыны, Пастаў, Браслава, Віцебска на суботнік, пасля якога праводзілі прэзентацыі новых кніг, літаратурныя сустрэчы, абмяркоўвалі свае справы. Я заўжды адчувала падтрымку сяброў. І заўжды на імпрэзы прыходзіў Віктар, ён чытаў нам свае вершы, поўныя болю і адчаю. Пасля яго смерці мае сябры выдалі іх зборнікам пад назвай «Шурпатая дарога». Вялікі ўклад у выданні зборніка зрабіў настаўнік мясцовай школы Квач Іосіф Леанідавіч. Асноўны цяжар за доглядам сядзібы лёг на яго і Сікору Галіну Іванаўну, унучку роднага брата Івана Паўлавіча Аляксандра, якая амаль вырасла на падворку знакамітага родзіча. Я вельмі ўдзячна ўсім сваім сябрам за падтрымку. Я – шчаслівы чалавек, бо ў мяне шмат сяброў па ўсёй Беларусі, якія ў патрэбны час прыходзяць мне на дапамогу. У 2014 годзе мы з Уладзіславам Ляскоўскім вырашылі перадаць сікораўскую сядзібу дзяржаве, бо мы разумелі статус Івана Паўлавіча Сікоры і ведалі: яго імя стане брэндам раёна. Так і сталася.

Сікора, Алашкі, Райчонак, Беларусь, Каржанеўскі
Наведвальнікі ў сядзібе. Фота: westki.info
Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий