Тры аповеды Міхася Ляўковіча

Город

Вядомы беларускі мастак аб нацыянальным адраджэнні, руху за дэмакратызацыю і знішчэнні праекта нацыянальнай адукацыі ў Віцебску.

Міхась Ляўковіч ва Узрэччы
Міхась Ляўковіч ва Узрэччы

11 кастрычніка гэтага года адзначаны двума значнымі падзеямі: гэта Дзень работнікаў культуры Беларусі і, вядома, дзень асноўнага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах – 2015. А роўна за тыдзень да таго ў краіне адзначалі Дзень настаўніка. Міхась Ляўковіч мае дачыненне да ўсіх гэтых дат. Перш за ўсё, гэта выдатны беларускі жывапісец і акварэліст, карціны якога раскрываюць асаблівы погляд на ўзвышша і духоўнасць беларускай прыроды і глыбокія карані нацыянальнай гісторыі. Некалькі дзесяцігоддзяў Міхаіл Ляўковіч выкладаў на сусветна вядомым мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Таксама ён стаяў ля вытокаў руху за нацыянальнае адраджэнне яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя.

М. Ляўковіч. На абарону Айчыны. 2007 г.
М. Ляўковіч. На абарону Айчыны. 2007 г.

Аповеды Міхася Ляўковіча, якія мы прадстаўляем нашым чытачам, маюць прамое стаўленне да трох вышэй адзначаных дат. Мастак распавядае эпізоды са свайго жыцця, якія адносяцца да ўсведамлення ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці, аб дэмакратычным руху ў самым “сэрцы Расеі”, удзельнікам якога ён з’яўляўся. Таксама гаворка пойдзе пра разбурэнне праекта беларускай нацыянальнай гімназіі ў Віцебску, што было звязана з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе. Адзначым, што ў тым жа годзе дырэктарам цяперашняй Гімназіі №1 г. Віцебска стала Валянціна Шырокава, якой указам Аляксандра Лукашэнкі ад 2 кастрычніка 2015 года было прысвоена званне Заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь.

Барацьба за гімназію

Дзве мае дачкі скончылі адну і тую ж навучальную ўстанову. Першая вучылася ў школе №15, а другая ўжо тады, калі яна пераўтварылася ў Віцебскую гімназію №1. Вядома, яна задумвалася ў свой час як беларуская гімназія, і мы пайшлі сям’ёй на такі крок, што нашу малодшую дачку Марыю Ляўковіч, выдатніцу, падкрэсліваю, пакінулі на другі год у 4-ым класе для таго, каб яна змагла трапіць у Беларускую нацыянальную гімназію, як яна тады гучала. Гэта было ў пачаку 90-х гадоў. На гэты жа крок пайшлі таксама пакойны акцёр коласаўскага тэатра Генадзь Шкуратаў і рэжысёр Валерый Мазынскі. Калі б не – яны б не папалі туды. Нашы дзеці вучыліся ў адным класе, таму што мы жылі ў адным раёне, які абслугоўвала тая школа. І вось мы ўтрох пайшлі на гэты крок.

Гімназія №1 г. Віцебска. Фота: darriuss.livejournal.com
Гімназія №1 г. Віцебска. Фота: darriuss.livejournal.com

Канеше, было поўнае непаразуменне з боку настаўнікаў, аднак мы паверылі ў гэтую ідэю. Нам было вельмі важна ад пачатку прайсці падрыхтоўку ў беларускай нацыянальнай гімназіі. Такія апантаныя былі настаўнікі, такое асяроддзе, такая падтрымка з боку дырэктара Фені Міхайлаўны Хурс… Мы былі зачараваныя і поўныя веры, што пачынаецца адраджэнне.

Але мяняецца сітуацыя, мяняецца дырэктар школы, прыходзіць Валянціна Шырокава, з якой мне прыйшлося не адзін раз весці даволі жорсткія размовы адносна яе пазіцыі ці антыпазіцыі. Як прыйшла Шырокава, многія настаўнікі, якія стаялі ў вытокаў утварэння беларускай гімназіі, адразу з’ехалі. Яны вымушаны былі з’ехаць хто ў Мінск, хто куды… Усё… Больш за тое, мы нават збіраліся цэлай дэлегацыяй на прыём да Аркадзя Русецкага, які быў тады намеснікам старшыні гарвыканкама, са спробамі адстаяць беларускамоўную гімназію. Але, на жаль, гэтага не атрымалася.

Арт-аб'ект Міхася Ляўковіча "Карабас-Барабас" дзейнічае...
Арт-аб’ект Міхася Ляўковіча “Карабас-Барабас” дзейнічае…

Таму назначылі Валянціну Шырокаву не на голым месцы… Тым больш, што Феня Міхайлаўна падрыхтавала ўжо ўсю школу да навучальнага года, і яе раптоўна здымаюць. Палітыка змянілася…

М. Ляўковіч. Сімпозіум. 2007 г.
М. Ляўковіч. Сімпозіум. 2007 г.

Беларус у Маскве

У 1987 годзе я пападаю на курсы павышэння кваліфікацыі, якія ішлі амаль паўгода, у Маскву. І гэта не не два тыдні, як зараз… Асяродак вельмі розны: там былі мастакі і выкладчыкі з усяго Саюза. І малдаване, і таджыкі, і кіргізы, і азербаджанцы, з Семіпалацінска былі, з Далёкага Усходу, з усіх краёў… І мне ў вочы сказаў адзін выкладчык з Бранску: “А ты што, бульбаш?” Гэта ён па акцэнту зразумеў, хоць мы там і размаўлялі па-расейску. Гэта зачапіла…

А потым, як кропля перапоўніла чашу, пытанне аднаго малдаўскага мастака: “А ў вас што, мовы няма сваёй?” І вось з тых часоў я перайшоў цалкам ў побыце, у выкладчыцкай дзейнасці, на беларускую мову. Мне не патрабавалася ніякіх даплат, якія былі тым, хто выкладае па-беларуску, быў такі перыяд, а пасля ўсё адрынулі, мяне нічым не заахвочвалі. Я адчуў, што ў мяне прачнуўся чалавек, у якога нацыянальная адметнасць беларус, і гэта непадзельна звязана з мовай. Ну, канешне, нацыянальная літаратура і тэатр, гэта ўсё разам паўплывала, скажам так, на маё “вяртанне”. Бо я часова вымушаны быў “адсутнічаць”.

М. Ляўковіч. Доўгая дарога да дому. 2004 г.
М. Ляўковіч. Доўгая дарога да дому. 2004 г.

І што хачу сказаць, нам вельмі спадабалася там гаварыць па-беларуску, тым больш, што ў Віцебску мы жылі ўтраіх у пакоі, цэнтр Масквы, побач з Навадзявочым кляштарам, да Крамля пяць хівлін. І мы пачалі паміж сабой так размаўляць. І вось едзем куды-небудзь на эцюды, скажам, у Каломенскае, і размаўляем паміж сабой па-беларуску. І мы бачылі, што нас не разумеюць рускамоўныя!.. Мы тады пераключаліся і перакладалі ім, што мы маем на ўвазе. Вось такім чынам адбылося маё “вяртанне” сюды.

М. Ляўковіч. Водгалас. 2015 г.
М. Ляўковіч. Водгалас. 2015 г.

“Мы рабілі рэвалюцыю…”

Нашы курсы заўсёды выліваліся ў такую форму: паколькі мы былі адукаваныя, то бралі індывідуальны план і рыхтаваліся па ім. Гэта што значыць?.. Вельмі актыўнае наведванне ўсіх выстаў, якія праходзілі там на той момант. А час быў пераломны, сітуацыя разагравалася. Ужо “перабудова”, ужо Міхаіл Гарбачоў, і мы, канешне, уліліся актыўна ў грамадскую дзейнасць у Маскве. Гэта першыя мітынгі ў Лужніках, пад аховай коннай міліцыі, вайскавікоў, нас стаяла там сотня тысяч людзей. Мы слухалі Барыса Ельцына і бачылі яго ўжывую, мы бачылі Андрэя Сахарава, Анатоля Сабчака, Гаўрыіла Папова, прадстаўнікоў войска, якія падымалі праблемы ўтылізацыі пад Архангельскам ядзерных рэактараў з падводных лодак, што былі толькі заглушаны. Вось гэта ўсё у нас таксама выкрысталізоўвала нейкія адносіны да сябе і да становішча спраў.

М. Ляўковіч. Сьцяна храма. 2015 г.
М. Ляўковіч. Сьцяна храма. 2015 г.

Я нават кажу сваім сябрам, як сустракаемся: “Ну, мы ж рабілі рэвалюцыю ў Маскве!..” Мы рабілі яе і, ведаеце, марылі, знаходзячыся ў маскоўскім інтэрнаце аб тым, што і Беларусь стане незалежнай, і войска ў нас сваё будзе, і міліцыя свая будзе, а нехта кажа: “І гузікі не такія будуць, как у іх!” Быў такі рамантычны перыяд.

Скажу, што ніколькі не расчараваны ў тых падзеях, у якіх мы прымалі ўдзел. А мы прымалі сур’ёзна, былі першымі назіральнікамі за выбарамі ў Саветы, калі перамаглі дэмакратычныя сілы. І канешне, акрамя таго, што малявалі, кожны вечар імкнуліся на Арбат, паглядзець і паслухаць, што там творыцца. Таму што Арбат быў пераўтвораны ў такую сваеасаблівую пляцоўку, там стаялі і дэкляравалі вершы ў бок Крамля, разбіралі па костачках камуністычную ідэалогію. І вось наслухаешся, заразішся гэтым, але ж і першыя дубінкі міліцыянтаў мы атрымалі там.

Гэта была падзея ля Грузінскага культурнага цэнтру на Арбаце, і мы ўжо ведалі, што там як раз будуць ўгодкі “сапёрных лапатак” у Тбілісі. Сабраўся натоўп, мы падыходзім, глядзім, і вось тады ў першы раз у вочы я ўбачыў АМАН. Ён тады яшчэ называўся “Спецназ”. Глядзім, з кратамі аўтамабілі ў перавулачку дзе-нідзе, але, тым не менш, ніхто не дапускаў той думкі, што будуць біць нас. Вакол грузінскага цэнтру стаіць ланцуг міліцыянтаў шчыльна адзін да другога. А Валерыя Навадворская рухаецца з мегафонам, з натоўпам, і дэкларуе, што мы асуджаем камуністычную ідэалогію за зверствы, і гэтак далей.

М. Ляўковіч. Вясна за дротам. 1999 г.
М. Ляўковіч. Вясна за дротам. 1999 г.

Падышлі да гэтага цэнтру, і міліцыянты замкнулі кальцо. Атрымалася так, што Вячаслаў Шамшур на адзін бок аказаўся, а я на другі. Я за яго, а міліцыянт і яму, і мне дубінкай па спінах… Я Славіка, значыць, адтуль выцягнуў, і, відаць, загад быў дадзены такі: усіх выпускаць, а туды ў гэтую зону не пускаць. Навадворская адразу аб’яўляе, што нас правакуюць, мы мяняем месца дзеяння і рухаемся на знакамітую Пушкінскую плошчу. Міліцыянтам каманды было не дадзена, людзі ўсе выйшлі адтуль, нікога не засталося, голы пляц, а яны стаяць у ачапленні. Мы пасмяяліся і парушылі далей. Вось такая забаўная гісторыя была, і разам з тым вось так я атрымаў па плячах за свае дэмакратычныя погляды…

Прыемна было адзначыць, памятаю, стаім мы вельмі шчыльна ў Лужніках і размаўляем па-беларуску, да нас звяртаецца жанчынка і кажа: “А я з Воршы. Ай, землячкі нашы…” Вось віхура тых падзей зацягвала людзей ў гэта вір.

М. Ляўковіч. Шлях. 2015 г.
М. Ляўковіч. Шлях. 2015 г.
Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий

  1. Николай Петрушенко

    Насколько мне известно художник родился в Миорском районе. Мой ровесник. Может быть его запоздалое “… прачнуўся чалавек, у якога нацыянальная адметнасць беларус” наложило отпечаток то, что Миорщина 20 лет была под польским влиянием. Когда западную часть Польши вернули в состав БССР, там, на бывших крэсах усходних, открыли более 4000 школ на мове… И почему никто не имеет претензий к пилсудчикам… И не хочет замечать этот важный этап белорусизации. 4000 школ это не четыре бел – чырвона – белых флага на митинге…

    Ответить
  2. Георгий Корженевский автор

    А ещё можно вспомнить политику денационализации со стороны Никиты Сергеевича Хрущёва… ))

    Ответить
  3. Георгий Корженевский автор

    И ещё один важный момент. Да, при Сталине имела место очень продуманная, идеологически выверенная национальная политика. Но всё дело в том, что культуры народов трактовались именно как культуры простонародья для того, чтобы противопоставить их так называемой “буржуазной культуре”. Это имело отношение и к Беларуси. Всё, что было связано с метафизическим или элитарным прошлым белорусской культуры, это касается в том числе и аристократии, или замалчивалось, или беспощадно подавлялось. Те представители национальной интеллигенции, которые не шли в фарватере этой тотальной идеологизации, подвергались репрессиям. Разрешено было лишь воспевание партии и её заслуг на белорусском языке, а также проведение акцента на простонародных фрагментах национальной культуры, при этом в их социализированном, классовом ключе.

    Ответить