калі свята адно на дваіх, выстава акварэляў і прэзентацыя новай кнігі
Паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч і мастак, аквалерыст Фелікс Гумен – даўнія сябры. Яны знаёмыя ўжо некалькі дзясяткаў гадоў і разам наведваюць мастацкія выставы і розныя культурныя мерапрыемствы ў Віцебску.

А ў гэты раз яны вырашылі правесці адзін на дваіх творчы вечар у абласной бібліятэцы: спачатку ў фае адкрылася выстава акварэляў Фелікса Фёдаравіча «Вековечное», затым у агульнай чытальнай зале прайшла прэзентацыя новай кнігі «Зазімак» Уладзіміра Папковіча.

Цікава, што першай работай, прадстаўленай у экспазіцыі Гумена, стаў партрэт Уладзіміра Антонавіча, зроблены літаральна за некалькі дзён да выставы. А паэт у свой час не раз прысвячаў вершы сябру-мастаку.

Фелікса Фёдаравіча з чарговай выставай віншавалі шматлікія госці: паэт Мар’ян Даргель, супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, сябры, знаёмыя і проста прыхільнікі таленту.

А пасля ўсе прысутныя перайшлі ў агульную чытальную залу, дзе Уладзімір Папковіч прадставіў зборнік выбраных вершаў.


Невялікі агляд творчасці і новай кнігі Уладзіміра Антонавіча зрабіла старшы выкладчык кафедры літаратуры ВДУ імя П.М. Машэрава Ірына Саматой.

А сам паэт расказаў пра свае пераклады, прачытаў вершы з новага зборніка і ўспомніў колькі цікавосткаў з жыцця.


Удалае спалучэнне мастацтва слова і мастацтва пандзля – так ахарактарызавалі вечарыну многія прысутныя.

Як у верасні ў бібліятэцы праходзіла прэзентацыя кнігі Уладзіміра Папковіча «На шалях лёсу», можна даведацца тут. А інтэрв’ю з Феліксам Гуменам можна прачытаць тут.