Сёння ў 11.00 у тэатры «Лялька» пройдзе прэм’ера пастаноўкі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Віктара Клімчука «Ох і залатая табакерка».
Людміла Сіманёнак напісала п’есу паводле народнай казкі з той жа назвай.
Тэма казачнай гісторыі — барацьба дабра і зла, пошук лёгкай долі і мара пра «лёгкі хлеб». Жаданне чалавека атрымаць добры вынік нічога не змяніўшы ў жыцці: «каб усё з неба звалілася» — аснова мноства народных казак для дзяцей розных народаў. Ідэя агульная — добры і няшчасны, атрымае цудоўны дар, а злая пачвара, згіне. І вось яно — цудоўнае і шчаслівае жыццё!
Вельмі хацелася б нам усім дарослым, каб па замаху казачнай палкі вырашыліся нашы праблемы, каб знайшлася залатая рыбка, напрыклад, шчупак, альбо пярсцёнак які. І тады загадаў пагібель злога Змея — і ўсе! Шчаслівая будучыня настала.
Але ж, каб ацаніць гэты падарунак, трэба прайсці цяжкі шлях, інакш не будзе асалоды ад дарунка. Такая думка гучыць у самым пачатку казкі. Рыбак — Юрась Франкоў, вуснамі свайго героя Рыбака кажа: «Калі не набядуешся, то і шчасця не пазнаеш».
Вось і тут, злы Змей здзекваецца з простага люду. Ён не плаціць заробку, забараняе збіраць грыбы і лавіць рыбу. Не дае людзям магчымасці жыць дастойна. Вельмі моцны гэты Змей. Знішчыць яго ніхто не асмельваецца. І простыя людзі і знатныя — усе пакутуюць праз сквапнасць і глупства пачвары. Нават кароль не можа нічога зрабіць. Жудасны Цмок зачыніў яго за кратамі і украў яго дачку.
Па сюжэту, Янка — просты юнак, які за дабрыню, працавітасць і блакітныя вочы, атрымаў ад Оха, добрага дзеда з ляснога пня падарунак — залатую табакерку са служкай, выканаўцам жаданняў.
А далей, як у жыцці — «піраміда Маслоў». Спачатку нядрэнна і тлустая капуста ў парцэлянай місцы, а потым — жаданне на прынцэсе ажаніцца з’яўляецца.
Так усё і адбываецца. Капусты наеўся. Каралеўну вызваліў і ажаніўся. Змей, які перашкаджаў жыць — патануў у моры. Але ж каралеўна аказалася каварнай і замест кахання да Янкі прыхваціла залатую табакерку і ўцякла.
На працягу ўсяго дзейства музыкі — апавядальнікі праз гульні і жарт дапамагаюць гледачу высветліць пытанне: ці бывае на свеце лёгкае шчасце? А галоўны персанаж находзіць сапраўдную сілу ва ўласным сэрцы і падтрымцы сяброў.
Дарэчы, канцоўка казкі ў аўтарскім варыянце, не такая трагічная. У пастаноўцы ўсё скончылася не так крыважэрна, як у казцы.
Па ўзросце казка для дзяцей ад 6 гадоў. На прэм’ерным паказе прысутнічалі вучні першага і чацвёртага класаў 38 школы.
Першакласнікі не вельмі акцэнтаваліся на сэнсе, іх болей захапілі лялькі і дзейства.
Хлопчыкаў уразіў Цмок, а дзяўчынак — песні, танцы і строі прынцэсы, але ж, ўсе пільна сачылі за падзеямі
Чацвёракласнікі зразумелі сэнс. Юная глядачка зразумела ідэю казкі і сказала пра тое, што нельга прынцэсам такімі сквапнымі быць.
Я ўбачыла свой сэнс, а яшчэ цудоўную магчымасць абстрагавацца ад беларускай рэчаіснасці на адзін час і дзесяць хвілін.
Вясёлая і жывая пастаноўка нікога не пакінула абыякавым. Спалучэнне музыкі Алены Пеле и харэаграфіі Дзіяны Юрчанка, ажывілі гледачоў. Таленавітая сцэнаграфія, характэрныя лялькі і прыгожыя касцюмы Дзмітрыя Гаралевіча надалі спектаклю нацыянальны каларыт, падкрэсліваючы нацыянальнае паходжанне казкі.
Брава, любімаму тэатру!!!
Ролі выконваюць:
Янка — Дзяніс Кальянаў.
Котка і Рыбіна — Дар’я Зімніцкая.
Охаў, Рыбак — Юрый Франкоў.
Змей, Кароль — Аляксей Макарскі.
Каралеўна, Мыш — Аляксандра Бурдзілоўская.
За фотаздымкі шчыра ўдзячны фатаграфу тэатра «Лялька»