І што рабіць, калі няма натхнення. Як у Віцебску адбылася прэзентацыя «Айчыны» Уладзіміра Арлова
Як нараджаюцца кнігі, які ў іх лёс, што сніцца аўтарам і як само жыццё падказвае сюжэты для новых твораў — пра гэта расказаў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў падчас прэзентацыі сваёй кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» ў Віцебскай абласной бібліятэцы.
Пра кнігу
У кнізе «Айчына» апавядаецца пра гісторыю Беларусі ад часоў з’яўлення на нашых землях першага чалавека і да паўстання 1794 года на чале з Тадэвушам Касцюшкам. Адметная асаблівасць выдання – не толькі высокая якасць друку, але і наяўнасць ілюстрацый, зробленых Паўлам Татарнікавым. Іх у кнізе больш за 200, у тым ліку 65 партрэтаў вядомых гістарычных асобаў. Цікава, што на пяці з іх у якасці «мадэляў» выступілі сучасныя беларускія пісьменнікі і мастакі. Паспрабаваць адшукаць іх «зашыфраваныя» выявы можа кожны чытач.
Пра сюжэты з жыцця
Аднойчы Уладзімір Арлоў ехаў на рэйсавым аўтобусе «Полацк — Мінск». Побач адпачывала кампанія, якая выпівала і гучна разгадвала крыжаванку. На пытанне, як звалі біблейскага героя, які забіў свайго брата, яны гучна абмярковаўвалі варыянт «Кавель». Так у пісьменніка і нарадзілася думка напісаць эсэ «За што Авін забіў Кавеля».
Некалькі год таму кніга Уладзіміра Арлова была перакладзена на англійскую мову. Падчас прэзентацыі выдання ў Швецыі адна з жанчын прапанавала Уладзіміру Аляксеевічу пераначаваць у яе доме, дзе жывуць розныя міфалагічныя істоты. Нашаму земляку патлумачылі, што жанчына не зусім здаровая, таму начаваць у яе пісьменнік усё-такі адмовіўся. Але, дзякуючы гэтаму выпадку, з’явілася аповесць «Дом з дамавікамі».
Пра філасофію жыцця
Уладзімір Арлоў лічыць, што ў кожнай кнігі свой лёс і што ў жыцці не бывае супадзенняў, бо, на думку пісьменніка, «у супадзеннях Бог імкнецца захаваць сваю ананімнасць».
Пра сны
Уладзімір Аляксеевіч адзначыў, што падчас працы над кнігай яму сніліся розныя гістарычныя асобы. Напрыклад, Мікалай Радзівіл Рыжы ў сне прасіў не блытаць яго з братам Радзівілам Чорным, а Бона Сфорца расказвала, што не мае дачынення да атручвання Барбары Радзівіл.
Падрабязней пра гэтых гістарычных асобаў можна прачытаць тут.
Пра аўтограф-сесіі
Першы трохтысячны наклад кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» разышоўся акурат за два тыдні. Пры гэтым аўтары не паспелі правесці ні адной прэзентацыі – толькі аўтограф-сесіі. Рэкорд – 387 падпісаных кніг за пяць гадзін.
Пра імёны дзетак
Уладзімір Арлоў заўважыў, што даволі часта падчас прэзентацый і аўтограф-сесій яго прасілі падпісаць кнігу дзіцяці. Пісьменнік вырашыў запісаць імёны дзетак, якім ён даваў аўтографы. Сярод іх – 18 Стэфаній, Вітаўт, Альгерд, Рагнеда, Уладзя і нават Аксіёма і Парадокс. Менавіта так завуць беларускіх брата і сястру, бацькі нават пашпарты іх паказалі. Як з такімі імёнамі складзецца далейшае жыццё маленькіх беларусаў, можна толькі здагадвацца.
Незвычайныя аўтографы
Аднойчы да пісьменніка падышоў дзядуля, які працягнуў для подпісу кнігу і скамечаны ліст паперы з загадзя падрыхтаваным тэкстам. Ён гучаў так:
«Майму ўнуку Арцёму, каб не забываў свой род, бо прыйдзе дзядзька Арлоў і надае па срацы».
Уладзімір Аляксеевіч здзівіўся, але так і падпісаў кнігу.
Калі няма натхнення
Парада для мастакоў, якія стаміліся, працуючы над кнігай: намалюйце ў ніжнім куце невялічкага сабачку. Не дапамагло? Дамалюйце яму перабінтаваную лапу. Натхненне вернецца.
А напрыканцы прэзентацыі Уладзімір Арлоў адзначыў, што зараз вядзецца праца над другой часткай кнігі «Айчына», у якой будзе расказана гісторыя Беларусі ад часоў Напалеона да 1991 года. Калі абставіны складуцца добра, то выданне можа пабачыць свет ужо праз год, а на вокладцы будзе змешчаны партрэт Эміліі Плятэр.
Пра Эмілію Плятэр – Жанну’Арк віцебскай зямлі можна прачытаць тут.
Перад тым як пачаць раздаваць аўтографы, Уладзімір Арлоў адказаў на пытанні прысутных. Да прыкладу, у пісьменніка пацікавіліся, як ён ставіцца да помнікаў князю Альгерду і Аляксандру Неўскаму, што ўсталяваныя ў нашым горадзе. Уладзімір Аляксеевіч адказаў, што да помніка Альгерду ставіцца станоўча, а помнік Аляксандру Неўскаму пакуль не бачыў, але абавязкова зверне на яго ўвагу.
Дарэчы, як у Віцебску з’явіўся помнік Аляксандру Неўскаму, глядзіце тут.