Адкрыць ірландскі паб «талакой»? Няма нічога немагчымага!

Общество

«Торвальд» раскрывае сакрэты

Пра тое што ў Віцебску з’явіўся свой ірландскі паб, на сённяшні дзень не даведаўся, напэўна, толькі лянотны. Але адшукаць гэтае незвычайнае месца незаўсёды атрымліваецца з першага разу. І нават нягледзячы на тое, што арт-паб «Торвальд» знаходзіцца ў прыкметнай частцы нашага горада – ён займае ўтульнае месца ў адным са старых дамоў па вуліцы Камсамольскай.

Кожны, хто трапіць сюды, можа прасякнуцца творчай атмасферай арт-паба і цікава правесці час на канцэрце, лекцыі або кінапаказе. Пра тое, як адбылося, што Віцебск крышачку парадніўся з Ірландыяй, мы запыталі ў мэнеджера арт-паба «Торвальд» Уладзіміра Булаўскага.

Уладзімір Булаўскі. Фота Анастасіі Верас
Уладзімір Булаўскі і “Торвальд”. Фота Анастасіі Верас

Уладзімір, адкуль увогуле з’явілася такая ідэя – адкрыць у Віцебску ірландскі паб?

Прыкладна пяць год таму ў Віталя Броўкі разам з дызайнерамі vitebsk4me узнікла ідэя зрабіць дызайн-студыю, якая будзе займацца непасрэдна крэатыўным дызайнам. Гэтае памяшканне было выкуплена прыкладна пяць-шэсць год таму, пасля чаго з пакояў пачалі ствараць нешта такое, што і перарасло ў ірландскі паб.

У 2012 годзе сама ідэя дызайн-студыі адпала, затое ў Віталя, як у аматара ірландскай культуры, рэалізавалася юнацкая мара адкрыць свой паб. Потым так атрымалася, што ў мінулым годзе, калі закрылася арт-база vitebsk4me, мы зразумелі: трэба ствараць новае месца тусоўкі і прыспешылі адкрыццё «Торвальда».

Прыкладна з восені гэта была такая творчая пляцоўка, яна не працавала як паб, а проста была месцам, дзе праводзяць танцы, лекцыі, канцэрты. На пачатку гэтага года «Торвальд» стаў працаваць як ірландскі паб, які рады ўсім. За гэты час тут прайшло безліч канцэртаў, лекый, прэзентацый, таксама курсы Vitebsk social design. А вось недаўна прыязджалі з Яндэкса, чыталі лекцыі. Сустрэчы былі ў самых розных фарматах: ад вяселляў да лекцый. Таму «Торвальд» і называецца арт-паб, а не проста паб – гэта адкрытая пляцоўка.

На пачатку гэтага года «Торвальд» стаў працаваць як ірландскі паб, які рады ўсім. Фота Анастасіі Верас
«Торвальд» чакае ўсіх і заўсёды. Фота Анастасіі Верас

Чаму была абрана такая цікавая назва – «Торвальд»? Торвальд – гэта ж імя святога, так?

Так, Торвальд-вандроўнік – вядомы персанаж ранняга сярэднявечча. Лічыцца, што Торвальд-вандроўнік спрычыніўся да хрышчэння ў Полацкім княстве ў 986 годзе, на два гады раней, чым хрысцілася так званая Кіеўская Русь, гэта ён прынёс хрысціянства ў Полацкае княства. Вось такі цікавы святы, і сама мянушка яго, «вандроўнік», была блізкая нашай прасторы vitebsk4me. Гэта наш спосаб жыцця і спосаб існавання. Потым, праўда, мы даведаліся, што ёсць, напрыклад, украінскі гурт «O.Torvald», і некаторыя ўкараінскія сябры думаюць, што паб названы ў гонар гурта.

«Торвальд» – гэта наш спосаб жыцця і спосаб існавання

Якая была канцэпцыя паба?

Утульнае месца для сяброў. Мы не чужыя людзі ў гэтым горадзе, калі браць vitebsk4me, то мы існуем ужо больш за 10 год і ўсе спрабуем актыўна ўплываць на культурнае жыццё горада. Вельмі шмат знаёмых, тусоўка вельмі вялікая, таму, калі нехта робіць цікавы культурны праект, выставу, канцэрт, то, перш за ўсё, гэтым карыстаеццы менавіта гэтае культурнае кола. Паколькі вакол vitebsk4me заўсёды такое кола цікавых людзей ёсць, яны самі і ствараюць гэту атмасферу, запрашаюць сяброў.

Не бывае лішніх людзей, нават тыя, хто наведвае паб упершыню, міма не праходзіць. Чалавек акунаецца ў гэту атмасферу і сам пачынае неяк па-іншаму ўспрымаць.

Мы не чужыя людзі ў гэтым горадзе

Утульнае месца для сяброў. Фота Анастасіі Верас
“Торвальд” – гэта ўтульнае месца для сяброў. Фота Анастасіі Верас

У чым так званая фішка «Торвальда» ў параўнанні з іншымі ірландскімі пабамі? Ці зможаце ўвогуле назваць тры асноўныя фішкі «Торвальда»?

Перад іншымі ірландскімі пабамі ў Віцебску? (смяецца). Хіба што, калі браць Беларусь, гэта, напэўна, адзіны ірландскі паб, дзе большасць персаналу размаўляе па-беларуску.

Увогуле, ірландскія пабы існуюць у Магілёве, Барысаве, у Менску, мабыць, дзесьці яшчэ. Беларусь і Ірландыя, яны падобныя сваёй гісторыяй: моцная культурная імперыя побач, аднолькавая сітуацыя з мовай. Я лічу, што ўсё гэта мае пэўныя агульныя рысы. У Барысаве, я думаю, знаходзіцца самы круты ірландскі паб у Беларусі. Я зразумеў гэта, калі мы з Віталём там былі, ездзілі, глядзелі, раіліся. Там вельмі круты заснавальнік, таксама беларускамоўны, але далей у канцэпцыі паба гэта не адлюстроўваецца. Там таксама праводзяць канцэрты, але такога, каб афіцыянт ці бармэн прапаноўваў нешта па-беларуску, няма. А ў нас па аздабленні, па ўсёй рэкламе, па меню – ва ўсім чуецца беларуская мова і ніякай агэсіі, ніякага там непаразумення з наведвальнікамі паба.

Мне здаецца, што гэта вельмі важная фішка «Торвальда» ў адрозненне ад іншых месцаў Беларусі. Ну і яшчэ ў нас паб вельмі даступны па кошце. Калі гаварыць пра тры асноўныя фішкі, то гэта, напэўна, беларускасць, максімальная адкрытасць, ну і, што датычыцца меню, узгадаю фалафель. Гэта, менавіта, адзіны нармальны фалафель у Віцебску.

Беларускасць, максімальная адкрытасць і фалафель

Размаўляй па-беларуску разам з "Торвальдам". Фота Анастасіі Верас
Размаўляй па-беларуску разам з “Торвальдам”! Фота Анастасіі Верас

Колькі каштавала адкрыццё, калі не сакрэт?

Тут вельмі складана сказаць, таму што гэта не за год было зроблена. Гэта звычайная кватэра, жылы дом XIX стагоддзя. Па сутнасці, пры вялікім жаданні, калі адкрываць падобнае месца ў Віцебску, гэта можна зрабіць шмат танней, калі маеш сяброў. Таму што шмат якія рэчы тут рабіліся менавіта сябрамі, талакой або паводле ўзаемазаліку, звяртаючы на тое, што мы актыўна арганізоўваем канцэрты ў Віцебску. Нехта можа зрабіць, напрыклад, стол, і чалавеку гэтаму можна даць абанемент на ўваход.

Шмат людзей было, напэўна? Хто ў асноўным дапамагаў?

Паколькі Торвальд адкрываўся намаганнямі усёй кампаніі vitebsk4me, амаль кожны, хто ёсць у vitebsk4me або датычны, так ці гэтак паўдзельнічаў у стварэнні гэтага месца ў свой час. Тусоўка vitebsk4me амаль уся спрычынілася да ірландскага паба, гэта як дзіцё, якое мы выношвалі доўгія гады. Калі ты пачынаеш у гэтае ўключацца, сам становішся амаль што спецыялістам. Напрыклад, наш бармэн Яўгеній, ён да усяго дызайнер і яшчэ электрык. Вось такі ўніверсальны чалавек. Дызайн распрацоўваў Яўгеній, а дапамагалі віцебскія мастакі – Лера Малотнікава і Паліна Сухава. Так што доўгі час мы разам працавалі ў самых розных ролях і самыя розныя функцыі выконвалі.

Напрыклад, наш бармэн Яўгеній, ён да усяго дызайнер і яшчэ электрык. Фота Анастасіі Верас
Яўгеній – бармэн, дызайнер і электрык. Фота Анастасіі Верас

Якія цяжкасці сустракаліся вам на гэтым шляху, што, мабыць, было самым складаным?

Галоўная цяжкасць – гэта тое, што паб знаходзіцца ў жылым доме. І бывае так, што людзі разыходзяцца позна. Гэта ўсё ж бытавыя моманты, але іх трэба ўлічваць. Зараз мы ўжо пазнаёміліся з усімі суседзямі. Я думаю, што з цягам часу ўсе прызвычаяцца да нас. Тым больш, што Задзвінне – гэта такі раён Віцебска, які найболей перспектыўны ў плане развіцця забаўляльнай структуры горада. Фактычна тут усё на адной восі – Кастрычніцкая вуліца, крыху далей бітлз-клуб «Паддашак», творчая пляцоўка VZAP, ірландскі паб, хостэл таксама адкрыўся нядаўна. Прынцып такі: можна з адной вуліцы, фактычна, не выходзіць і прайсці ўсе колы віцебскага андэграўнда.

Тут усё на адной восі

Зараз мы ўжо пазнаёміліся з усімі суседзямі, я думаю, што з цягам часу ўсе прызвычаяцца да нас. Фота Анастасіі Верас
“Зараз мы ўжо пазнаёміліся з усімі суседзямі, я думаю, што з цягам часу ўсе прызвычаяцца да нас”. Фота Анастасіі Верас

Ну і канешне, трэба ўлічваць заканадаўчыя моманты: міліцыя, санстанцыя. Гэта не тое, што цяжка, але гэта трэба прайсці. Нам было лягчэй, таму што кожны, хто спрычыніўся да адкрыцця «Торвальда», мае некі свой бонус. Напрыклад, Віталь – юрыст і ведае ўсе юрыдычныя рэчы, а Яўгенія, якая дапамагае нам з бухгалтэрыяй, таксама і праводзіць тут лекцыі. Ну а пра Яўгена дызайнера-электрыка я ўжо гаварыў.

Гістарычнае такое месца атрымалася, раён вельмі атмасферны.

Так, гэта ж вельмі важна – зрабіць атмасферу. І навошта яе прыдумываць, калі яна ўжо ёсць? Гэтыя дамы сярэдзіны XIX стагоддзя і, калі людзі спускаюцца ў наш падвал, яны атрымліваюць такое адчуванне, нібы ты сядзіш не ў Віцебску, а недзе ў закутках Дубліна. Ну а калі ўзяць яшчэ тры-чатыры ірландскія піва Murрhy’s, то дакладна прасякнешся атмасферай і перанясешся ў Ірландыю (смяецца).

Гэта ж вельмі важна – зрабіць атмасферу

Гэтыя дамы сярэдзіны XIX стагоддзя і, калі людзі спускаюцца ў наш падвал, яны атрымліваюць такое адчуванне, нібы ты сядзіш не ў Віцебску, а недзе ў закутках Дубліна. Фота Анастасіі Верас
Атмасфера старога дома нагадвае закуткі Дубліна. Фота Анастасіі Верас

З чаго ж набываеце энэргію? Падзяліцеся крыніцай натхнення.

Менавіта з любові да Віцебска. Патрыятызм – гэта тое, што ў нас трэба развіваць, канешне.

Зараз, калі паб ужо актыўна працуе, каго плануеце запрашаць бліжэйшым часам?

Плануем серыю акустычных выступаў летам: «Crazy Band», «Разбітае сэрца пацана». У хуткім часе мы таксама будзем рабіць турнір па Mortal Combat, Beer-pong, гэта ў нас зараз традыцыйная такая рэч. Таксама мы заўсёды прызначаемся да нейкіх актыўнасцей, якія вакол «Торвальда» адбываюцца.

Мы заўсёды прызначаемся да нейкіх актыўнасцей, якія вакол «Торвальда» адбываюцца. Фота Анастасіі Верас
«Торвальд» – прыемнае месца для размоў паміж сябрамі . Фота Анастасіі Верас

А спартыўныя падзеі, што датычыцца чэмпіянату Еўропы, напрыклад?

Чэмпіянат Еўропы зараз заканчваецца, пачнуцца алімпіяды, будуць трансляцыі турніраў. Іншая рэч, што нам не хочацца пераўтварацца ў спорт-бар. Вось па аўторках мы паказваем кіно. На час Чэмпіянату Еўропы мы яго прыпынілі, але зараз будзем праводзіць зноў. Кожны аўторак можна прысці ў восем гадзін, абсалютна бясплатна.

Іншая рэч, што нам не хочацца пераўтварацца ў спорт-бар. Фота Анастасіі Верас
Абсалютна бесплатны футбол. Фота Анастасіі Верас

А што наконт такой сітуацыі: нейкі малады гурт жадае выступіць у «Торвальдзе»? Што рабіць у гэтым выпадку?

Ды ўсё проста: ёсць кантакты, мы заўсёды разглядаем магчымасці, калі гэта праходзіць нейкі культурнінсцкі цэнз. Напрыклад, у нас ужо выступаў малады гурт «Цень», віцебскія школьнікі. Вось у іх першая пляцоўка такая была. Гэта вельмі проста: дасылаеце нам паведамленне. Усе ініцыятывы, якія нам пішуць, усе прапановы мы разглядаем. Калі гэта цікава пабу, калі, так бы мовіць, упісваецца ў фармат, то калі ласка. Наяўна, што мы не будзем рабіць тут акустычны канцэрт Дзімы Калдуна, хаця, канешне, калі ён будзе ў касцюме лепрыкона і будзе спяваць ірландскія песні, то, можа быць, што-небудзь і атрымаецца.

Калі гэта цікава пабу, калі, так бы мовіць, упісваецца ў фармат, то калі ласка. Фота Анастасіі Верас
“Калі гэта цікава пабу, калі, так бы мовіць, упісваецца ў фармат, то калі ласка”. Фота Анастасіі Верас

«Торвальд» – даволі паспяховы праект у нашым горадзе. А што параіце таму, хто пажадае адкрыць у Віцебку сваё месца, Можа, не арт-паб, а нешта сваё, арыгінальнае?

Перш за ўсё, калі сур’ёзна падыходзіць да справы, трэба памятаць, што гэта заўсёды бізнэс-праект. А бізнэс трэба весці сур’ёзна: вызначыць патрэбы аўдыторыі, максімальна абзавесціся кантактамі, хадзіць у максімальную колькасць розных устаноў – дзесьці нехта параіць, дзесьці можна нешта падгледзець. Канешне, патрэбна выбраць месца. І ніколі не думаць, што вось ты ведаеш, як трэба. У гэтым плане мы, каманда «Торвальда», заўсёды раім адзін адному: як, дзе, што падабаецца, што не падабаецца, што можна нешта новае зрабіць. Тут ужо ёсць свая аўдыторыя і, дзякуючы агульнасці працы, можна далей развівацца.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий