Хто на «Гулі ў бабулі»?

Анонсы

Айда на сямейнае беларускамоўнае свята ў Заронава!

Афіша з vk.com
Афіша з vk.com

На сямейнае свята «Гулі ў бабулі»  запрашаюць усіх ахвотных курсы беларускай мовы «Мова нанова» і Музей гісторыі Заронаўскага краю.

14 мая з 12 да 16 гадзін у Заронава запланавана правядзенне цікавага мерапрыемства, падчас якога, па словах арганізатараў,  сумаваць не прыйдзецца нікому.

Пачнецца сямейнае свята са спеўнага сходу, які правядзе саліст Белдзяржфілармоніі, кіраўнік гурта «Vuraj» Сяржук Доўгушаў.

Адразу пасля беларускіх спеваў адбудзецца выступ гурта «Re1ikt» – вядомых беларускамоўных рок-выканаўцаў, пераможцаў фестывалю «Бардаўская восень» і лаўрэтаў у некалькіх намінацыях на цырымоніі Experty.by.

Гурт «Re1ikt». Фота vk.com
Гурт «Re1ikt». Фота vk.com

Таксама ўсіх, хто пагодзіцца хаця б на адзін дзень вырвацца з гарадскога тлуму на чыстае паветра і правесці некалькі гадзін у беларускамоўным асяродку, чакаюць мядовы кірмаш і дэгустацыя-продаж сялянскіх страў.

Вы калі-небудзь каштавалі піражкі са шчаўем? Не? Тады вам дарога ў Заронава!

Акрамя таго ў гэты дзень кожны ахвотны зможа адчуць сябе майстрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва падчас майстар-класаў па кераміцы, фларыстыцы і дрэваапрацоўцы, а таксама наведаць музей гісторыі Заронаўскага краю.

Музей гісторыі Заронаўскага краю. Фота Яўгеніі Масквіной
Музей гісторыі Заронаўскага краю. Фота Яўгеніі Масквіной

А завяршыцца святочная праграма беларускімі народнымі гульнямі, якія правядзе актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Раіса Грыбовіч.

Дабрацца да Заронава можна на асабістым аўтамабілі ці з дапамогай прыгараднага транспарту. У 9.45 ад аўтавакзала адпраўляецца аўтобус «Віцебск-Жыгалава 2» (да прыпынку «Заронава» кошт білета – 12 700 беларускіх рублёў), а ў 11.30 мікрааўтобус «Віцебск-Заронава» (прыбывае ў вёску ў 12.05, кошт білета – 16 400 беларускіх рублёў).

Як даехаць да Заронава
Як даехаць да Заронава

Назад у горад можна вярнуцца на маршрутцы ў 15.40 ці на аўтобусе ў 16.23.

Усе пытанні можна вырашыць з Сяржуком Маркавым (вядоўцам курсаў «Мова нанова») па тэлефоне +375 29 514 09 63.

Прыязджайце! Цікава і весела будзе ўсім!

А падрабязны фотарэпартаж са свята чытайце на нашым сайце.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий