«Літаратурная Масла(е)ніца» – бліны, «начыняныя» вершамі

Алена Масла Анонсы

З унікальным праектам Віцебск наведае пісьменніца Алена Масла

Алена Масла
Алена Масла. Фота nn.by

10 сакавіка а 12-й гадзіне ў Беларускім тэатры «Лялька» адбудзецца сустрэча з пісьменніцай-казачніцай Аленай Масла. Алена Сцяпанаўна прыедзе ў Віцебск са сваім унікальным праектам «Літаратурная Масла(е)ніца» .

Алена Масла – пісьменніца, журналіст, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар шэрагу кніг для дзяцей: «Таямніца закінутай хаты» (2005 год), «Вандроўка з божымі кароўкамі» (2007), «Першая прыгажуня» (2010), «Павучок Фэлік падарожнічае» (2013) і інш.

Скончыла факультэт журналістыкі БДУ, працавала ў газеце «Піянер Беларусі», часопісе «Качели», была галоўным рэдактарам газеты «Переходный возраст» і часопіса «Бярозка», загадчыцай рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член рэдкалегіі часопіса «Вясёлка» і дзіцячых часопісаў выдавецтва «Пачатковая школа». З 2014 – аспірантка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ.

У праграме «Літаратурнай Масла(е)ніцы»  – бліны, «начыняныя» вершамі, казкамі , гумарам і спевамі і «падмазаныя» віктарынай з прызамі.

За «літаратурныя» бліны адказваюць: Алена Масла, Стася Наркевіч, Людміла Сіманёнак, Міхась Мірановіч, Кастусь Севярынец. Музычныя бліны «пякуцца» пад гранне Анастасіі Сакаловай і спевы Віўен Сабі, Дар’і Чарняўскай і Анастасіі Сакаловай. «Ля патэльняў увіхаюцца» Людміла Цішуціна і Алена Малалетнікава.

Вядоўца імпрэзы (гаспадыня) – Алена Масла, гаспадар Масла(е)нніцы – Віктар Клімчук, мастацкі кіраўнік тэатра «Лялька».

Алена Сцяпанаўна запрашае на сустрэчу ўсіх ахвотных і абяцае, што такіх бліноў на Масленіцу яшчэ ніхто не каштаваў. Уваход на мерапрыемства вольны.

У каго не атрымоўваецца прыйсці ў Беларускі тэатр «Лялька», могуць 9 сакавіка завітаць у Віцебскую абласную бібліятэку імя У.І. Леніна, дзе а 16 гадзіне адбудзецца творчая сустрэча з казачніцай.

А тыя, хто вельмі хацеў бы нешта запытаць у пісьменніцы, але па аб’ектыўных  прычынах не можа прыйсці ні на адну з сустрэч, могуць напісаць у каментарыях да гэтага артыкула свае пытанні да Алены Масла. Мы абавязкова зададзім іх Алене Сцяпанаўне,  і напішам яе адказы у нашым матэрыяле.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий