Кандрат Крапіва: Я хацеў умяшацца ў жыццё і тое-сеё ў ім паправіць

Культура

вядомыя афарызмы «беларускага Эзопа» 

кандрат крапіва
Кандрат Крапіва. Фота migalayte.ucoz.ru

Яго называлі «Патрыярхам беларускай сатыры», параўноўвалі з Эзопам, Крыловым і Лафантэнам, а яго жыццёвы дэвіз:

Я хацеў умяшацца ў жыццё і тое-сеё ў ім паправіць.

Сёння, 5 сакавіка, спаўняецца 120 год са дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, крытыка, вучонага, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, віцэ-прэзідэнта АН БССР, заслужанага дзеяча навукі Беларусі Кандрата Крапівы (Кандрата Кандратавіча Атраховіча).

Псеўданім «Крапіва» пісьменнік выбраў невыпадкова і растлумачыў гэта ў сваім праграмным вершы:

Я ў мастацкім агародзе

Толькі марная трава.

А якая? Смех, дый годзе:

Я – пякучка-крапіва.

 

Пад гэтым псеўданімам Кандрат Кандратавіч стаў вядомым не толькі на Беларусі, але і за яе межамі. Сярод літаратурнай спадчыны пісьменніка вершы, байкі, фельетоны, п’есы, навуковыя артыкулы і літаратурна-крытычныя матэрыялы.

мемарыяльны знак
Мемарыяльны знак у вёсцы Нізок Мінскай вобласці. Фота orda.of.by

Многія творы Кандрата Крапівы, найперш яго байкі, разабралі на цытаты, а  радкі з іх сталі народнымі афарызмамі. І сёння мы вырашылі нагадаць самыя вядомыя з іх.

1. Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала (з байкі «Сава, асёл ды сонца»).

2. Другі баран – ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя (з байкі «Дыпламаваны баран»).

3. Аднак жа, як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч (з байкі «Заява»).

4. Калі ўжо шанаваць, дык трэ было жывога (з байкі «Вараны»).

5. Бо даўгі яго язык да спакою не прывык (з верша «Плеткары»).

6. Мне часта крыкуны мільгаюць у вачах – да славы прагныя, ды вузкія ў плячах  (з байкі «Саманадзейны конь»).

7. Бывае іншы раз і з нашым братам, што галаву заменьваюць мандатам (з байкі «Мандат»).

8. Парсюк не надта быў ахвочы глядзецца праўдзе ў вочы (з байкі «Ганарысты парсюк»).

9. Бо даведзена ўжо вякамі, што лес не сякуць языкамі (з верша «Лясная казка»).

10. Прэтэнзій у яго – хапіла б на слана, заслуг жа – як у зайца (з байкі «Тата-заяц»).

Дарэчы, з нагоды дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапівы  ў многіх навучальных установах, установах культуры і бібліятэках па ўсёй Беларусі праходзяць разнастайныя мерапрыемствы. Да прыкладу, у Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна трэцяга сакавіка правялі  літаратурна-музычную вечарыну «Права на неўміручасць», прысвечаную ўгодкам народнага пісьменніка.

Оцените статью
Витебский Курьер