Сёння Успамін Усіх памерлых вернікаў — дзень памяці і малітвы

Беларусь

2 лістапада ў Касцёле адзначаецца ўспамін усіх памерлых вернікаў. «Таямніца чалавечага лёсу найбольш адкрываецца перад абліччам смерці», — сцвярджае ІІ Ватыканскі Сабор (пар. GS 18)

Непазбежнасць смерці турбуе і непакоіць кожнага чалавека, таксама як і пытанне: а што нас чакае «з іншага боку»? Веруючы чалавек, хрысціянін, яднаючы сваю смерць са смерцю Хрыста, бачыць у ёй пераход да Яго і ўваход у вечнае жыццё (пар. ККК1020).Вера ва ўваскрашэнне памерлых і вечнае жыццё патрабуе ад нас з пашанаю пахаваць нашых памерлых і памятаць пра іх у малітве, піша catholic.by.

Таму сярод учынкаў міласэрнасці для цела бліжняга традыцыя Касцёла называе пахаванне памерлых, а сярод учынкаў мілсэрнасці для душы бліжняга — малітву за жывых і памерлых.

Нягледзячы на тое, што традыцыя маліцца за памерлых 2 лістапада — тыпова каталіцкая, гэты дзень з’яўляецца днём памінання памерлых для ўсіх беларусаў. Вядомы яшчэ ў дахрысціянскія часы пад назваю «Дзяды», гэты дзень у першыя гады незалежнасці Беларусі быў нават вольным ад працы, каб людзі маглі наведаць магілы сваіх родных і блізкіх, ушанаваць памяць сваіх продкаў і ўсіх памерлых, асабліва ахвяраў войнаў і савецкіх палітычных рэпрэсій, ціхім удзячным успамінам і малітвай.

У гэты дзень мы ўзгадваем усіх памерлых вернікаў, молячыся за тых, хто ўжо адышоў у вечнасць і знаходзіцца ў стане ачышчэння ў чыстцы.

Каб лепш зразумець сэнс малітвы за памерлых, звернемся да Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

«Кожны чалавек у сваёй несмяротнай душы атрымлівае сваю вечную адплату з моманту сваёй смерці на асабістым судзе, які здзяйсняе Хрыстос — Суддзя жывых і памерлых.

Мы верым, што душы ўсіх, хто памірае ў ласцы Хрыстовай <…> утвараюць Божы народ па той бок смерці, якая будзе канчаткова пераможана ў дзень уваскрашэння, калі гэтыя душы з’яднаюцца са сваімі целамі.

Тыя, хто памірае ў ласцы і прыязнасці Божай, але не да канца ачышчаныя, хоць і ўпэўненыя ў вечным збаўленні, пасля смерці церпяць ачышчэнне, каб дасягнуць святасці, неабходнай для ўваходу ў радасць Божую.

Моцаю „супольнасці святых“ Касцёл даручае памерлых Божай міласэрнасці і ўзносіць за іх малітвы, а асабліва Еўхарыстычную ахвяру»(ККК 1051–1052; 1054–1055).

Далучыцца да гэтых малітваў за памерлых пакліканыя ўсе вернікі асабліва ў дзень 2 лістапада. На працягу ўсяго тыдня з 1 па 8 лістапада — так званай «актавы» — кожны дзень можна атрымаць поўны адпуст для адной душы, якая пакутуе ў чыстцы.

Умовы атрымання адпусту наступныя: ва ўрачыстасць Усіх Святых і ў дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў трэба быць на святой Імшы ў касцёле. Знаходзячыся ў стане асвячальнай ласкі, гэта значыць, паяднаўшыся з Богам і бліжнімі ў сакраманце споведзі і не маючы прывязанасці ні да якога граху, трэба прыняць святую Камунію, наведаць могілкі, а таксама памаліцца «Ойча наш», «Веру ў Бога Айца» і яшчэ адну малітву ў інтэнцыях Святога Айца. У дні актавы пасля 2 лістапада Камунію прымаць неабавязкова: дастаткова проста наведаць могілкі.

Да гэтых лістападаўскіх святаў мы рыхтуемся не толькі духоўна. Не забудземся спачатку прыбраць магілы нашых родных і блізкіх, а таксама магілы побач, за якімі ўжо ніхто не даглядае.

Хрысціянскія могілкі — гэта святое месца. Туды нельга прыносіць і спажываць там ежу, а тым больш алкагольныя напоі і цыгарэты: гэта — грэх!

Нельга таксама класці на магілы грошы, цукеркі, любыя іншыя прадукты. Гэтага мы не робім ніколі, таксама на Вялікдзень і іншыя святы. На могілкі мы прыносім жывыя кветкі, запальваем там свечкі або знічы і молімся за супакой душаў нашых родных і блізкіх памерлых. За памерлых мы звычайна чытаем малітвы «Анёл Панскі», «Вяночак да Божай міласэрнасці», «Вітай, Каралева». У дні актавы ёсць звычай збірацца на могілках разам са святаром і маліцца за ўсіх памерлых, ідучы ў працэсіі з пяццю прыпынкамі.

Варта падкрэсліць, што нашыя малітвы за памерлых неабходныя тым з іх, чые душы не дасягнулі неба і знаходзяцца ў стане ачышчэння. Паколькі вечнасць, у якой прабываюць душы памерлых, пазбаўлена прывычнай нам катэгорыі часу, нашыя малітвы ніколі не бываюць запозненымі або непатрэбнымі. Пры гэтым мы не молімся за святых, таму што яны ўжо дасягнулі шчаслівага прабывання з Богам і не маюць патрэбы ў нашых малітвах, але самі моляцца за нас на нябёсах.

Нашыя малітвы, на жаль, таксама не дапамогуць душам тых, хто на Божым судзе атрымаў вечнае асуджэнне і трапіў у пекла.

«Ідучы за прыкладам Хрыста, Касцёл папярэджвае вернікаў пра „сумную і трагічную рэчаіснасць вечнай смерці“, што называецца таксама „пеклам“. Галоўная пякельная пакута заключаецца ў вечным аддаленні ад Бога, а між тым толькі ў Ім Адным чалавек можа мець жыццё і шчасце, для якіх ён створаны і да якіх імкнецца» (ККК 1056–1057).

Аднак пра ніводнага чалавека, нават самага, на наш погляд, вялікага грэшніка, як Гітлер або Сталін, нельга сказаць, што ён асуджаны на пекла. Таму «Касцёл моліцца, каб ніхто не загінуў <…> Праўда, што ніхто не можа збавіцца сам, але праўда таксама, што Бог „хоча, каб усе людзі былі збаўлены“ (1 Цім 2, 4) і што „ў Бога ўсё магчыма“» (Мц 19, 26).

В Островно под Витебском священник два года сопротивляется установлению таблички «руины бывшего костела» на здании храма.

Где в Витебской области можно найти костел, похожий на замок из волшебной сказки. Деревня Слободка в Браславском районе.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий