30 кастрычніка ў Віцебску ў абласной бібліятэцы ўспаміналі краязнаўца Алега Куржалава

витебск, куржалов, краевед Авторские статьи

як заставацца Чалавекам пры любых абставінах

Летам 2017 года не стала вядомага віцебскага краязнаўца Алега Куржалава, чалавека, які шмат зрабіў для распрацоўкі сістэмы школьнага краязнаўства на Віцебшчыне і якога і сёння ўсе ўзгадваюць з цеплынёй і павагай.

Проста дзіву даешся: як ён паспеў зрабіць так многа, як хапала сіл аддаваць усяго сябе любімай справе і мужнасці, каб адстойваць сваю пазіцыю і пры любых абставінах заставацца Чалавекам?

витебск, куржалов, краевед
Алег Куржалаў, 2010 год. Фота з архіва Мікалая Півавара.

У кастрычніку гэтага года Алегу Куржалаву споўнілася б 65 гадоў. Каб ушанаваць памяць пра яго, учора ў абласной бібліятэцы сабраліся сябры, сваякі, знаёмыя, калегі. І кожнаму з іх было што сказаць.

30 кастрычніка ў Віцебску ў абласной бібліятэцы ўспаміналі краязнаўца Алега Куржалава
Падчас сустрэчы. Фота Сашы Май

Ледзь не загінуў у дзяцінстве

Цікавую гісторыю паведаміў родны дзядзька Алега Куржалава Мікалай. Ён прыгадаў, як часта сядзеў з маленькім пляменнікам, пакуль яго маці была на працы ў школе.

Аднойчы Алег, як і многія дзеці тады, захварэў на коклюш, і яму трэба было прымаць лекі.

Нявопытны дзядзька пераблытаў мікстуру і даў пляменніку з лыжачкі нашатырны спірт. Давялося выклікаць хуткую дапамогу. На шчасце, тады ўсё абышлося.

30 кастрычніка ў Віцебску ў абласной бібліятэцы ўспаміналі краязнаўца Алега Куржалава
Пасля сустрэчы гледачы падыходзілі да дзядзькі Алега Куржалава. Фота Сашы Май

Алег Куржалаў – ідэаліст і максімаліст

Родны брат краязнаўца – мастак Ігар Куржалаў – прыехаў на сустрэчу з Полацка.

Па словах Ігара Куржалава, яго брат быў максімалістам і ідэалістам, доўга не мог вырашыць, якую прафесію абраць. Паступіў на гістарычны факультэт, бо лічыў, што такім чынам ён прынясе найбольшую карысць людзям.

30 кастрычніка ў Віцебску ў абласной бібліятэцы ўспаміналі краязнаўца Алега Куржалава
Ігар Куржалаў. Фота Сашы Май

Ігар Васільевіч, які займаўся распрацоўкай дызайнерскіх праектаў для шматлікіх музеяў, расказаў, што брат заўсёды яму дапамагаў.

Асабліва цяжка было працаваць над дызайнам музея Караткевіча ў Оршы: усе экспанаты, якія былі, – стос папер і галаўны ўбор пісьменніка.

Але калі ў Оршу прыехаў Алег, то сітуацыя змянілася. Ён знайшоў дом, у якім калісьці жыў Уладзімір Сямёнавіч і які на той момант займала яго пляменніца з мужам.

Алег Васільевіч выпрасіў для музея і стол пісьменніка, і яго асабістыя рэчы, і нават акно, у фортку якога паліў Уладзімір Караткевіч.

Праца на вынік

Пра час, калі Алег Куржалаў працаваў загадчыкам аддзела краязнаўства і беларусазнаўства ў Віцебскім абласным аб’яднанні па арганізацыі пазакласнай работы, расказала Ларыса Бруева.

30 кастрычніка ў Віцебску ў абласной бібліятэцы ўспаміналі краязнаўца Алега Куржалава
Ларыса Бруева. Фота Сашы Май

Ларыса Навумаўна адзначыла, што пры цэнтры на той момант працавала каля 120 чалавек, праходзіла шмат мерапрыемстваў, конкурсаў, канферэнцый.

Да арганізацыі іх у Алега Васільевіча быў свой падыход: ён ніколі не пасылаў на раёны проста палажэнні, а збіраў установачную канферэнцыю, тлумачыў на прыкладах, як трэба рабіць.

У выніку Віцебская вобласць амаль заўсёды займала першыя ці другія месцы на спаборніцтвах, што праводзіла Міністэрства адукацыі, каб праверыць стан краязнаўчай работы ў рэгіёнах.

витебск, куржалов
Алег Куржалаў на прэзентацыі кнігі  Мікалая Півавара Краязнаўцы Віцебшчыны”. 2011 год. Фота з  архіва гістфака ВДУ імя  П.М. Машэрава

Урокі па краязнаўстве ў школах рэгіёна

Амаль дзесяць год метадыстам у краязнаўчым аддзеле адпрацавала Людміла Сіманёнак (сёння – паэтка, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Беларускага тэатра «Лялька»).

30 кастрычніка ў Віцебску ў абласной бібліятэцы ўспаміналі краязнаўца Алега Куржалава
Людміла Сіманёнак. Фота Сашы Май

Людміла расказала, што Алег Куржалаў галоўным сваім прызначэннем лічыў дапамогу краязнаўцам на месцах. Дзякуючы яму сталі распрацоўвацца і выдавацца школьныя дапаможнікі па краязнаўстве ў раёнах Віцебшчыны. 

Сёння не хапае парад Алега Куржалава

Загадчык народнага музея «Гісторыя Заронаўскага краю» Людміла Нікіціна ўспомніла, што, калі яна перарабляла музей, менавіта Алег Васільевіч падказаў правільны кірунак – зрабіць музей рэгіянальным.

І сёння, па прызнанні Людмілы Канстанцінаўны, ёй і іншым краязнаўцам не хапае парад Алега Куржалава.

30 кастрычніка ў Віцебску ў абласной бібліятэцы ўспаміналі краязнаўца Алега Куржалава
Людміла Нікіціна. Фота Сашы Май

З настальгіяй расказвала жанчына і пра семінары для краязнаўцаў, якія арганізоўваў Алег Васільевіч: калі ўсе збіраліся разам і ездзілі па музеях Віцебшчыны, абменьваліся вопытам і напрацоўкамі.

30 кастрычніка ў Віцебску ў абласной бібліятэцы ўспаміналі краязнаўца Алега Куржалава
На магіле Алега Куржалава, кастрычнік 2018 года. Фота з архіва Людмілы Нікіцінай.

Сістэма пазітыўнай канкурэнцыі Алега Куржалава

Краязнаўца Мікалай Півавар адзначыў: дзякуючы Алегу Куржалаву, мы можам ганарыцца, што ў нас на Віцебшчыне ёсць дасканала распрацаваная сістэма школьнага краязнаўства.

Нейкім чынам Алег Васільевіч здолеў аб’яднаць вакол сябе краязнаўцаў з розных раёнаў нашага рэгіёна, стварыўшы сістэму пазітыўнай канкурэнцыі.

Збіраліся разам, абмяркоўвалі, сябравалі, а самае галоўнае – не канкурыравалі паміж сабой, а імкнуліся годна зрабіць сваю справу.

30 кастрычніка ў Віцебску ў абласной бібліятэцы ўспаміналі краязнаўца Алега Куржалава
Мікалай Півавар. Фота Сашы Май

Вось, напрыклад, ведаў я, што плануецца канферэнцыя, і думаў: адзін падрыхтуе гэта, другі зробіць тое, а што я – горшы? Трэба тэрмінова дапрацаваць кнігу. А калі б не такая пазітыўная канкурэнцыя, ляжала б мая кніжка незавершанай яшчэ колькі гадоў, – прызнаўся Мікалай Півавар.

Напрыканцы сустрэчы многія зазначалі, што было б добра, каб, напрыклад, сталі праводзіцца ў Віцебску Куржалаўскія краязнаўчыя чытанні. Гэта было б найлепшым ушанаваннем памяці пра яго.

Яшчэ колькі цікавостак з жыцця Алега Васільевіча можна даведацца тут.

Выратаванне Пакроўскай царквы і стары Віцебск у крамах, але ж хто тады ведаў, што прыйдзе 1994 год.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий