17 студзеня на “Задзвінні” адбылася беларуская абрадавая гульня “Жаніцьба Цярэшкі”. “Вяселле” адгаманіла пад народную музыку, агрымела танцамі і песнямі.
Цярэшка каху-каху,
Што ў цябе ў мяху-мяху?
Нітачкі-іголачкі
Для дзяўчат пярсцёначкі…
“Жаніцьба Цярэшкі ” – абрадавая гульня-ігрышча каляднага цыкла. Традыцыйна гэта было забавай нежанатай моладзі. Некалі абрад быў прыдуманы, каб моладзь з розных вёсак магла весела перазнаёміцца паміж сабой, а потым і перасватацца.
Але нашай “Цярэшцы” аказаліся “пакорнымі ўсе ўзросты”.
Увесь сэнс гульні ў тым, каб адбылося жартоўнае вяселле, з песнямі і танцамі. Бо “Жаніцьба Цярэшкі” – гэта калядная імітацыя свята вяселля, толькі не сапраўднага, а ў гульнёвай форме. “Цярэшка” адкрываў цыкл абрадавых свят беларусаў, які доўжыўся аж да Вялікага Пасхальнага посту.
Раней “Цярэшку жанілі” ў цесных вясковых хатах або ў карчме, і тых, хто жадаў ажаніцца, было так шмат, што яблыку не было дзе ўпасці. А калі пачыналіся гульні і танцы, хата, як кажуць, хадуном хадзіла. Пазней “Цярэшку жанілі” ўжо ў вясковы клубах.
Як і заўсёды на вяселлі, жаданымі гасцямі былі музыкі.
Усе маглі паспрабаваць свае сілы ў народных танцах, паскакаць “Лявоніху” разам са сваёй парай. Кажучы сучаснай мовай, гэта была “беларуская дыскатэка” ў вясковай хаце. І не кожны мог вытрымаць тэмп беларускай “Ойра-ойра”! Вось вам і нацыянальны фітнэс.
Гульня “Падушачка” таксама спрыяла больш блізкаму знаёмству перад “вяселлем”.
Пайду я Цярэшку жаніць,
Аж мая галоўка баліць,
Аж мае ножачкі млеюць –
Не магу за дзедам бегаць.
Аж мае ручачкі вянуць –
Не магу на дзедзьку глянуць.
Пасля танцаў і спеваў пачалася абрадавая частка “Цярэшкі”.
З удзельнікаў выбралі “бацьку” і “матку”, якія і павінны былі пажаніць маладых. Пасля невялікай апытанкі хлопцаў і дзяўчат (сакрэтнай!), хто з кім жадае сыграць “вяселле”, пачалася гульба.


Хлопцы і дзяўчаты станавіліся насупраць, у аднаго з хлопцаў забіралі якую-небудзь дробную рэч, а адна з дзяўчын хавала яе за спінай.
З трох разоў трэба было здагадацца, у каго з дзяўчат схаваная гэтая рэч. Калі хлопец здагадваўся – трэба было пацалаваць яго, калі не – дзяўчыны білі яго паясамі.
Наступная жартлівая гульня – “баяры”, у час яе кожны знаходзіў сваю пару.
Распачыналася “вяселле”: “бацька” з “маткай” сваталі “дзетак”. Раней “бацькоў” выбіралі з боку старэйшых удзельнікаў абараду, але часам гэта былі і аднагодкі, завадатары ў гульнях. Галоўнай умовай было ведаць прыпеўкі, якія заўсёды спявалі у час гульні.
Калі маладых жанілі, “бацькі” спявалі “Цярэшка-сынулечка…“, а потым і “… наша дачушачка“, “ой роўная парачка…“. Пару падводзілі да стала для каштавання смачнага хлеба і гарэлкі, як і на сапраўдным вяселлі, а потым танцавалі “Лявоніху”.
Заканчвалася гульба няскора: пасля таго, як усіх “пажанілі”, надыходзіў час для танцаў і спеваў. Часам танчылі нават і да раніцы.
Асаблівы каларыт святу ў “Задзвінні” надавала выстава ў зале, дзе жанілі Цярэшку. Тут можна было пабачыць вышываныя рушнікі, гліняны посуд і традыцыйныя лялькі з тканіны, а таксама народныя побытывыя рэчы.
Вельмі спадабалася і тое, што шмат удзельнікаў мерапрыемства прыйшлі ў нацыянальным беларускім строі. А ўваходным квітком для гасцей паслужыла стужка з беларускім арнаментам.

































Як прыемна што знаходзяцца такiя людзi якия памятаюць звычкi нашых продкау. Дзякуй вам вялiкае шаноуныя.. Ад усёй группы :”Беларусь-гэта МЫ”, выражаем вам сардэчную i шчырую падзяку .. Такiя мерапрыемства трэба праводзiць як мага часцей i па усёй нашай Рэспублiкi. У кожным гoрадзе нягледзячы на тое, вялiкi- ён цi малы. З павагай да вас -Уладзiмiр Капаеу.
І аказалася, што такіх людзей у Віцебску нямала! І Вы пабачылі б, як яны танчылі заўзята і ўдзельнічалі з поўнай свядомасцю свайго роднага ў абрадзе. А яшчэ гэта не псеўданацыянальнае, як любяць у нашай краіне, а самае сапраўднае, аўтэнтычнае. Сапраўды, мы адчулі сябе ўнутры гэтай дзеі, а не проста прысутнымі. Такія малойцы і арганізатары, і музыкі, і ўдзельнікі. Будзем агучваць такія мерапрыемствы, прыходзьце паўдзельнічаць. А пра калядны абрад для дзетак можна пачытаць і паглядзець тут https://vkurier.by/?p=13511.