Для тых, хто лічыць сябе беларусам

свята мовы, бібліятэка, дыктоўка Анонсы

прыходзьце на Свята роднай мовы ў абласную бібліятэку!

Ужо стала добрай традыцыяй у Віцебску ладзіць імпрэзы да Міжнароднага дня роднай мовы. Так, летась у абласной бібліятэцы прайшло Свята роднай мовы, на якім прысутныя маглі не толькі паслухаць вершы і песні на беларускай мове, але і напісаць агульнагарадскую дыктоўку.

Як гэта было, можна ўспомніць тут.

віцеьск, дыктоўка, свята мовы
Падчас дыктоўкі ў 2017 годзе. Фота Сашы Май

Падобнае мерапрыемства пройдзе і сёлета. Літаратурна-музычная імпрэза адбудзецца 21 лютага ў 17.30 у абласной бібліятэцы.

Чакаецца, што ўдзел у мерапрыемстве прымуць віцебскія літаратары. А Юрый Міхайлавіч Бабіч, старшыня абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, зачытае тэкст дыктоўкі, каб усе ахвотныя змаглі ацаніць узровень сваіх ведаў.

«Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца ў многіх краінах свету, але мае асаблівае значэнне для тых, хто лічыць сябе беларусам, – зазначыў Юрый Міхайлавіч. – Незалежна ад таго, на якой мове вы размаўляеце ў паўсядзённым жыцці, лічу, што хаця б раз на год вы можаце падтрымаць нашую ініцыятыву: прыйсці і напісаць дыктоўку на той мове, на якой размаўлялі продкі. І такім чынам вярнуцца да сваіх каранёў і паспрыяць захаванню духоўнай рэліквіі нашага народа».

У бібліятэцы ў гэты дзень чакаюць усіх ахвотных. Узрост удзельнікаў неабмежаваны.

А для тых, хто ўсур’ёз хоча заняцца вывучэннем роднай мовы, нагадваем, што кожную сераду ў 18.30 у арт-пабе «Торвальд» праходзяць бясплатныя курсы «Мова нанова». Уваход вольны. Наколькі там нязмушана, весела і зусім не акадэмічна, можна пабачыць тут.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий