Site icon Витебский Курьер

«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»

у абласной бібліятэцы сваю новую кнігу і выставу батыкаў прэзентавала Анастасія Лазебная

Нямала людзей сабралася ўвечары 15 лютага ў Віцебскай абласной бібліятэцы на творчую вечарыну старшыні Віцебскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, журналісткі, паэткі, празаіка, а зараз ужо і мастачкі ў тэхніцы «батык» Стасі Наркевіч (Анастасіі Лазебнай).

Ларыса Рагачова і Стася Наркевіч (Анастасія Лазебная). Фота Сашы Май

Сярод прысутных: мастакі, літаратары, акцёры тэатра «Лялька», былыя калегі з «КІМа» і тэлезавода, дзе Анастасія Пятроўна працавала карэспандэнтам у газетах, выкладчыкі, былыя і сённяшнія студэнты ВДУ імя П.М. Машэрава, дзе Анастасія Лазебная і сёння ўзначальвае газету «Мы і час». Усіх не пералічыць. І кожны хацеў падысці, павітацца, павіншаваць, падарыць кветкі ці нават прысвяціць верш.

Сюрпрызам для многіх стаў выступ вядомага празаіка Франца Сіўко, які прызнаўся, што напісаў чацвёрты за ўсё жыццё верш асабіста для Анастасіі Пятроўны.

Франц Сіўко. Фота Сашы Май

Не мог не зачытаць некалькі радкоў у гонар гераіні вечарыны яе зямляк – паэт Уладзімір Папковіч. Уладзімір Антонавіч зазначыў, што хоць яны з Лазебнай родам з Маладзечаншчыны, але пасябравалі ўжо тут, на Віцебшчыне.

Уладзімір Папковіч. Фота Сашы Май

Цікавыя ўспаміны Уладзіміра Папковіча пра літаратурнае жыццё ў Віцебску ў 70-90-я гады мінулага стагоддзя, можна прачытаць тут і тут.

Вольга Маслюкова. Фота Сашы Май

Колькі добрых слоў у адрас Анастасіі Пятроўны сказалі і іншыя літаратары: паэткі Наталля Салаўёва, Людміла Сіманёнак і Галіна Сінякова, пісьменніца Вольга Маслюкова і іншыя.

Кожны выступоўца зазначаў, што Анастасіі Лазебнай уласцівы такія якасці, як дабрыня, спагада, добразычлівасць, гасціннасць і цудоўнае пачуццё гумару. Гэта выразна бачна і ў літаратурных творах Стасі Наркевіч, і ў яе батыках.

Людзей у зале было шмат. Фота Сашы Май

З цікавасцю прысутныя паглядзелі відэафільм пра Анастасію Пятроўну, зманціраваны Фёдарам Грынеўскім, і паслухалі некалькі цікавостак з яе жыцця, а таксама колькі ўрыўкаў з кніг. А іх у пісьменніцы нямала: кніга прозы «Настальгія», паэтычны зборнік «Ты зразумей мяне такую…», сатырычна-гумарыстычныя апавяданні пад агульнай назвай «Камп’ютарны путанчык», лірычныя мініяцюры «Пырскі» і тры казкі-размалёўкі для дзяцей. Апошнюю з іх – «Неверагодныя здарэнні на неверагоднай планеце» – Анастасія Пятроўна і прэзентавала ў гэты вечар разам з мастачкай Аленай Сянько, якая працавала над малюнкамі для выдання.

Алена Сянько рабіла ілюстрацыі для кнігі Стасі Наркевіч. Фота Сашы Май

Агляд творчасці Стасі Наркевіч зрабіла кандыдат філалагічных навук Таццяна Дубоўская, а музычны нумар падрыхтаваў фальклорны калектыў «Вясёлка» (кіраўнік – Юліяна Сусед-Вілічынская).

Напрыканцы літаратурнай часткі Анастасія Лазебная прапанавала ўсім прысутным задаваць пытанні, а аўтарам лепшых, на яе погляд, уручыла памятныя падарункі – батыкі і падушкі.

Дарэчы, адкрыццё мастацкай выставы Анастасіі Лазебнай, куратарам якой выступіў Міхась Цыбульскі, таксама прайшло надзвычай душэўна. Сяргей Прахожы, дацэнт кафедры інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій ВДУ імя П.М. Машэрава, выканаў некалькі кампазіцый на саксафоне.

Сяргей Прахожы сыграў на саксафоне. Фота Сашы Май

«Нарэшце я магу павітаць калегу, – звярнулася да Анастасіі Лазебнай старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская. – Я заўсёды радуюся таму, калі людзі пачынаюць тварыць, і тварыць не толькі тым, чым працуюць усё жыццё: словамі, думкамі, але і фарбамі. Адразу бачна, што гэтыя батыкі рабіў пазітыўны, шчыры чалавек. Людзі падыходзяць, глядзяць – і ў іх адразу шчасце! Так і атрымліваецца: чым больш складана мы жывём, тым больш нам хочацца аддаць. Гэта і ёсць галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць».

Святлана Баранкоўская віншуе Анастасію Лазебную. Фота Сашы Май

Сапраўды, хол бібліятэкі, упрыгожаны батыкамі Анастасіі Лазебнай, зайграў яркімі колерамі. У гэтым упэўніцца можа кожны, хто ў бліжэйшыя тры тыдні наведае ўстанову.

«Першая персанальная выстава – гэта як голым выйсці перад людзьмі, – зазначыў Міхась Цыбульскі. – Я як ніхто ведаю, як Анастасія Пятроўна хвалявалася і колькі разоў імкнулася «саскочыць». Але, на шчасце, ёй гэта не ўдалося».

Анастасія Лазебная і Міхась Цыбульскі. Фота Сашы Май

А сама мастачка прызналася, што менавіта маляванне дапамагае ёй пісаць творы для дзяцей і што многія прадстаўленыя сёння на выставе батыкі ў хуткім часе могуць стаць элементамі новых казак.

Анастасія Лазебная падаравала бібліятэцы свой батык. Фота Сашы Май

Нагадаем, што не так даўно ў Міхася Цыбульскага таксама праходзіла выстава. А як у Віцебску прэзентавалі літаратурны альманах «Ратуша», укладальнікам якога з’яўляецца Анастасія Пятроўна, глядзіце тут і тут.

Exit mobile version