Крупнік, піва і старка. Што пілі нашы продкі

Культура

у Віцебску прайшла прэзентацыя кнігі «Сакатала бочачка» Алеся Белага

Гісторык і культуролаг Алесь Белы (Кухмістр Верашчака) ведае пра беларускія алкагольныя напоі ўсё і нават крыху больш. У гэтым маглі ўпэўніцца віцябляне, якія прыйшлі ўчора на прэзентацыю кнігі «Сакатала бочачка»  ў арт-пабе «Торвальд» .

Белы,презентация, Сакатала бочачка
Праца над кнігай вялася на працягу 18 гадоў. Фота Сашы Май

Гэта каларытнае месца адпачынку выдатна падышло для размовы на такую цікавую тэму. І спадару Алесю было што расказаць.

Над сваёй кнігай аўтар працаваў 18 год. За гэты час некаторыя нарысы, якія потым увайшлі ў кнігу, друкаваліся ў асобных выданнях. А зараз, дзякуючы краўдфандынгавай платформе «Улей» і фундатарскай дапамозе кампаніі «Бульбаш», былі дапоўненыя і выйшлі асобнай кнігай, аналагаў якой у Беларусі няма.

Белы,презентация, Сакатала бочачка
Алесь Белы (Кухмістр Верашчака). Фота Сашы Май

«Сакатала бочачка» – гэта не толькі цікавая інфармацыя, але і каларытныя ілюстрацыі, рэцэпты некаторых напояў і нават тосты. З кнігі можна даведацца пра алкагольныя напоі, як спрадвечна беларускія, так і запазычаныя з іншых краін, а таксама пра посуд для пітва.

Адкуль такая арыгінальная назва? Яна паходзіць ад старадаўняй народнай беларускай песні, дзе дзяўчыну, якая збіраецца замуж, параўноўваюць з бочкай піва:

«Сакатала бочачка.

У піўніцы стоячы.

– Калі мяне не вып’еце,

Я сама разліюся

Па дварэ расіцаю,

За варота крыніцаю…»

Дарэчы, як расказаў Алесь Белы, у Польшчы з’явілася традыцыя на вяселле дарыць маладым драўляную бочку, на якой пазначана дата шлюбу. І няхай гэтай традыцыі ўсяго некалькі год, але ж карані яе хаваюцца ў глыбіні стагоддзяў.

Белы,презентация, Сакатала бочачка
У час прэзентацыі. Фота Сашы Май

Салідны раздзел кнігі прысвечаны піву. Аўтар заўважае, што гэты напой быў вельмі распаўсюджаны на Беларусі, падаваўся на стол на ўсе святы: вяселле, хрэсьбіны, заручыны. Існаваў нават піўны каляндар.

Гэта сёння можна набыць піва ў любы дзень і ў любой колькасці, а нашы продкі пачыналі гатаваць гэты напой у сакавіку, а заканчвалі напрыканцы кастрычніка – на пачатку лістапада, пры гэтым летам піва амаль што не варылі, таму мы можам казаць толькі пра вясновае і восеньскае піваварства. Дарэчы, адсюль і назва піва, якая раней сустракалася даволі часта, – «марцовае» (сакавіцкае).

Можна прачытаць у кнізе і пра піўны мёд, які, верагодна, быў першым алкагольным напоем нашых продкаў, і пра «Дубняк», што згадваецца ў паэме «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, і пра імпартныя напоі, тое ж шампанскае. Дарэчы, «піянерам» ужывання шампанскага ў ВКЛ быў Пане Каханку Радзівіл. Цікавыя факты пра гэтую гістарычную асобу можна прачытаць тут.

Белы,презентация, Сакатала бочачка
Алесь Белы расказвае пра сваю кнігу. Фота Сашы Май

Ужывала беларуская шляхта і нямецкі пунш, а дробная шляхта, што бачна, напрыклад, з «Пінскай шляхты» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, аддавала перавагу крупніку (напою са спірту, мёду і спецыяў) – наш беларускі адказ пуншу.

Дарэчы, крамбамбуля да Беларусі, з гістарычнага пункту погляду, дачынення не мае. Спрадвечна беларускімі напоямі можна лічыць старку, зуброўку і, канешне, крупнік.

Безумоўна, шкада, што сёння мы згубілі гэтыя традыцыі, і выдатна, што, дзякуючы кнізе «Сакатала бочачка», можна пашырыць свае веды ў гэтай сферы айчыннай культуры і гісторыі.

На жаль, час сустрэчы з аўтарам быў абмежаваным, таму пытанні многім давялося задаваць у асабістым парадку. Затое ў кожнага з прысутных была мажлівасць набыць кнігу і атрымаць аўтограф.

Белы,презентация, Сакатала бочачка
Падчас прэзентацыі можна было атрымаць аўтограф. Фота Сашы Май

Дарэчы, калі вас зацікавіла выданне, замовіць кнігу можна праз інтэрнэт у кнігарні «Галіяфы» і на oz.by.

Прачытаць, як вялася праца над даведнікам «50 музеев Витебска» віцебскага краязнаўцы Міколы Півавара, сродкі на выданне якой таксама збіралі з дапамогай краўдфандынгу, можна тут.

Дарэчы, нагадваем, што нядаўна ў рамках фестывалю «У госці да лепельскага Цмока» адбылася прэзентацыя кнігі «Кулінарная спадчына Лепельшчыны», дзе, у тым ліку, расказваецца і пра мясцовыя напоі. Прачытаць пра гэта можна тут.

Оцените статью
Витебский Курьер
Добавить комментарий