Site icon Витебский Курьер

У Беларускім тэатры “Лялька” адбылася незвычайная і чароўная вечарына

“Містэрыя ў Белай панны”, прызначаная да адзнаго з самых містычных дзён у годзе, якім быў 31 кастрычніка, прайшла пад іранічным знакам непазбежнай кармы альбо пакарання.

Аляксандр Маханькоў і Юрась Франкоў у спектаклі “Загубленая душа, або пакаранне грэшніка”

У той час, калі ў Расеі разгарнулася агалцелая кампанія супраць Хэлоўіна як свята, якое падрывае “духоўныя ўстоі”, Беларускі тэатр “Лялька” пайшоў правільным шляхам. У касмапалітычную структуру свята быў ўкладзены змест нацыянальны, і нават мясцовы, краязнаўчы. Гаворка ідзе перш за ўсё пра вобраз Белай панны, яна ж Гаспадыня Замкавай гары, тэма якой робіць значны ўнёсак у фарміраванне культурнай аўры горада.

Белая панна, Гаспадыня Замкавай гары

І тут варта заўважыць, што гэты вобраз князёўны, які цяпер выступае своеасаблівым “геніем месца”, імпліцытна змяшчае ў сабе касмапалітычную падаплёку. Уся справа ў тым, што яе собіла закахацца ў іншаземца, і бацька, стары князь, пракляў яе. Такое вось супрацьстаянне нацыянальнага і касмапалітычнага знайшло ў атмасферы вечарыны сваё прымірэнне.

Тэатр цяней

Акцёры Валерый Зімніцкі і Дар’я Зімніцкая разгарнулі далей пасродкам тэатра ценяў ўсю гісторыю Замкавай гары аж да з’яўлення ўжо ў цяперашні час Беларускага тэатра “Лялька”, якому ў гэтым сезоне спаўняецца 30 год. Адзначым, што на вечарыне адбыўся сапраўдны аншлаг, і гледачы з велікай зацікаўленасцю прымалі ўдзел ва ўсіх частках шырокай праграмы. А пасля тэатра ценяў Гаспадыняй Замкавай гары былі прапанаваны выпрабаванні, якія ўключалі ў сябе старажытныя танцы, гістарычную віктарыну, сустрэчу з духамі, раздзяленне Жывой і Мёртвай вады. Усё праходзіла вельмі захапляльна і містычна.

Рыхтуемся да танцаў…
Старажытныя танцы на вечарыне
Шлях да духаў
Адзін з духаў Белай панны

Так, падчас гістарычнай віктарыны гледачам было зададзена наступнае пытанне: хто з пачынальнікаў славутых традыцый “Лялькі” не быў прыняты ў свой час у камуністычную партыю з фармулёўкай “отсутствует гражданская позиция”? Зразумела, ім аказаўся мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” Віктар Клімчук, чалавек, які на самой справе і ў сваёй грамадзянскай пазіцыі, і ў творчасці, заўсёды выходзіў за межы аднамернасці.

На гістарычнай віктарыне: адно з выпрабаванняў ад Белай панны

Далей наведвальнікам была прадстаўлена гісторыя яшчэ аднаго пакарання, ужо па матывах класіка беларускай літаратуры XIX стагоддзя Яна Баршчэўскага. Гледачы ўбачылі спектакль “Загубленая душа, або пакаранне грэшніка”, у якім была сапраўды выдатна ўзноўленая атмасфера “школьнага тэатра” навучэнцаў Полацкага езуіцкага калегіюма. Гэта быў “тэатр у тэатры”, своеасаблівы погляд на прыроду тэатральнага мастацтва “з боку”, а таксама і на існаванне чалавека ў соцыуме як на адно суцэльнае тэатральнае прадстаўленне.

Шкаляры калегіума — вядомыя артысты Беларускага тэатра «Лялька»

Гісторыя беднага пана Альберта, які не меў дастатковых матэрыяльных сродкаў для заваёвы сэрца сваёй каханай, і таму прадаў душу д’яблу за тое, каб ён надзяліў яго багаццямі, была пададзена з іранічным падтэкстам. У спектаклі выдатна адчуваецца атмасфера загадкавага беларускага барока. Паказальна, што ўспрыманне “жыцця як гульні” распаўсюджвалася і на трансцэндэнтальных персанажаў, анёла і д’ябла, што падкрэслівала абмежаванасць і ўсечанасць чалавечых уяўленняў аб іншых сусветах. Спектакль намякае на тое, што Верхні і Ніжні сусветы маюць недаступную для ўсведамлення звычайнага чалавека сувязь.

Бедны пан Альберт…

У выніку, пан Альберт пасля 20-ці гадоў шчаслівага і багатага жыцця са сваёй вельмі меркантыльнай каханай, якая стала яго жонкай, трапляе ў Пекла. Аднак, агульны настрой спектакля з’яўляецца пазітыўным. Бо праз іранічную дыдактыку даводзіцца думка пра тое, што чалавек у сілах усвядоміць наступствы сваіх жаданняў і ўчынкаў, і павінен валодаць здольнасцю правільна расстаўляць ўласныя жыццёвыя прыярытэты.

У прадчуванні пакарання

А ў антракце спектакля гледачы мелі магчымасць зазірнуць у “паралельныя сусветы” і ўбачыць іншыя разнастайныя магчымасці “пакаранняў”, якія ажыццяўляюцца там за дрэнныя ўчынкі ў нашай рэчаіснасці.

Творчы дух тэатра са саёй Музай

Там былі падвешаныя лялькі, якія недастаткова выкладваліся на сцэне.

Непаслухмяныя лялькі

Таксама можна было убачыць пакаранне гледача, які дрэнна паводзіў сабе ў глядзельнай зале, не выключаў мабільны тэлефон, еў чыпсы.

Трэба было выконваць правілы паводзін…

Некаторыя персанажы, праўда, былі небяспечныя, і да іх не рэкамендавалася падыходзіць блізка.

Небяспечны творчы дух тэатра

У заключэнні вечарыны гледачы маглі ўбачыць вогненае відовішча ад калектыву “AGNI show”, якое па сваім духу і настрою поўнасцю супадала з Хэлоўінам, святам, у якім адбываюцца трансфармацыі і чараўніцтва. Такім чынам, вялiкае містэрыяльнае дзейства тэатра было завершана ачышчальным агнём.

Выступае калектыў “AGNI show”
Ачышчальны агонь
Exit mobile version