Традыцыйна адкрыццё тэатральнага сезона — святочная падзея. У гэтым годзе дзверы Тэатра «Лялька» гасцінна адчыніліся 19 верасня.
Надвор’е ў гэты дзень было як на заказ. Здавалася быццам не верасень на календары, а лістапад ,але віцяблянам яно не перашкодзіла прыйсці на свята. Заўзятары «Лялькi» добра ведаюць, што любімыя акцёры чакаюць іх і абавязкова адораць цяплом і бадзёрасцю.
Так што 36 лялечны сезон адчыніўся строга па раскладу.
Нядзельны ранак ператварыў Тэатр у казачны замак. Рэжысёр свята Вольга Маханькова запрасіла дзяцей і дарослых на казачны баль да Папялушкі. Вясёлыя гульні, сюрпрызы, танцы і песні разам з казачнымі героямі каляровай віхурай захапілі гасцей тэатра.
А калі дзеці трохі прытамілася, то пачалося галоўнае дзейства — спектакль Віктара Клімчука «Папялушка, або Крышталёвыя чаравічкі» па казцы Шарля Перо.
Здаецца неўтаймаваную энергію маленькіх гарэз не ўдасца спыніць, але ж «Лялька» валодае сакрэтнымі прыёмамі. На адзін — два — тры, маленькія гарэзы ператвараюцца ва ўважлівых і зацікаўленых гледачоў. І нават «гаршэчнікі» ( так ласкава праміж сабой акцёры клічуць гледачоў 3+) шырока расхінутымі вочкамі глядзяць на магічнае дзейства.
Так было і гэтым разам. Віктар Ігнатавіч — галоўны лялечны чарадзей, з любой заморскай гісторыі робіць сваю родную казку. І вось, французская Сіндэрэлла легкім росчыркам аўтаручкі ператвараецца ў беларускую Папялушку.
Памятаеце словы Караля з савецкай «Золушкі» 1947 года: «Ніякія сувязі не дапамогуць зрабіць ножку маленькай, душу вялікай і сэрца справядлівым?» Наконт «душу вялікай» можна і паспрачацца з пастаноўшчыкамі Надзеяй Кашаверавай і Міхаілам Шапірам,бо добрая і разумная пастаноўка надае высакароднасці, а каханне і пяшчота расхінаюць душу. Поўная зала гледачоў спектакля «Папялушка, або Крышталёвыя чаравічкі», адназначна, выйшла з тэатра з прасветленым сэрцам.
Чароўную гісторыю ў пастаноўцы Віктара Клімчука ўвасобілі: Ганна Сцепанец (Ганна, Паж), Наталля Гайдук (Марыянна), Яўген Гусеў (Кароль), Валерый Зімніцкі (Ляснічы), Сяргей Талкач (Прынц), Марыя Кавалёва (Мачаха, Фея), Аляксандр Казлоў (Капрал), Дар’я Зімніцкая (Папялушка).
Пастаноўка скончылася, а свята прадоўжылася цікавосцікамі для працаўнікоў тэатра.
Таемным галасаваннем былі выбраны лепшыя артысты мінулага сезона, якія атрымалі каштоўныя… ( пажаданне, але яно зараз не спрацавала), таму проста прыемныя падарункі.
У намінацыі «Лепшая мужчынская роля» перамог вядучы майстар сцэны Валерый Зімніцкі, роля «Пятрушкі», у аднайменнай настаўніцы. Акцёр вызначыўся ювелірным лялькаваджэннем, і віртуозным уменнем размаўляць праз пішчык (спецыяльная прылада для пісклявага тэмбру).
Узнагароду за «лепшую жаночую ролю» атрымала Аляксандра Бурдзілоўская, што ў спектаклі «Ох, і залатая табакерка» увасобіла і ганарыстую прыгажуню Каралеўну, і няўрымслівую Мыш.
А прафсаюзная арганізацыя тэатра адзначыла адмысловымі ўзнагародамі мастака-дэкаратара Кацярыну Герасімовіч і вядучага майстра сцэны Яўгена Гусева. У прэм’еры новага сезону — спектаклі «Пятрушка» ён выканаў адразу 7 роляў — мужчын, жанчын, жывёл і нячысцікаў.
Пасля нядоўгага адпачынку, калі горад пагрузіўся ў змрочную цемру, сафіты тэатра працягвалі палаць цёплым святлом.
Вядомы штамп, што тэатр пачынаецца з вешалкі ў Ляльцы не працуе. Гэты тэатр пачынаецца з усмешкі адміністратара. А на свята з музыкальных і харэаграфічных выступленняў сяброў тэатра. Гэтым разам перад вечаровым паказам дзеці ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Фэст» зладзілі бальныя танцы.
Апафеозам вечара стала сур’ёзная размова з гледачамі
Віктар Клімчук запрасіў нас да разважанняў пра ганарыстасць і незвычайнасць чалавечай асобы.
Пастаноўка «Спакуса» паводле аповесці Чэхава «Чорны Манах» — гэта іранічнае перапляценне тонкай іроніі і глыбокай трагедыі чалавека, які ў пагоні за ўласнай геніяльнасцю згубіў падмурак рэчаіснасці.
Міхаіл Клімчук у ролі Анрэя Коўрына блукаў у лабірынтах душы намагаючыся знайсці баланс паміж звычайным чалавечым шчасцем і ўзнёсласцю сваёй душы.
Вядома, што Чэхава лічаць знаўцам чалавечай душы . Яго «Чорны Манах» — гэта дыялог з сабой. Ідэя аповесці прыйшла к пісьменніку ў сне.
Артыст пераканаўча стварыў вобраз галоўнага героя. Дарэчы, Коўрын у выкананні Клімчука атрымаў дыплом «За лепшую акцёрскую працу» — на VII Міжнародным фестывалі тэатраў лялек «Белгародская забава».
Кранальнай і тонкай атрымалася ў Марыны Марозавай роля Таццяны Пясоцкай — адзінай каханкі Коўрына.
Вобраз Пясоцкага — чалавека ад зямлі, сапраўднага гаспадара ажыцявіў Юрась Франкоў.
Дух чорнага манаха перадаваў Валерый Зімніцкі. У Сяргея Талкача была невялікая, але вельмі характэрная роля падзёншчыка. Вяла спектакль Яўгенія Аглушэвіч.
Цікава што сярод гледачоў вечаровай пастаноўкі прысутнічалі дзеці. Адзін з іх сядзеў побач са мною.
Хлопчык гадоў дзевяці паўзаросламу ўважліва сачыў за сцэнай. Цікава было даведацца пра яго ўражанні і разуменне гэтай гісторыі. Пра гэта я запыталася ў яго.
Юны глядач разважліва растлумачыў мне, што Коўрыну перашкодзіла быць шчаслівым ганарыстасць. З-за пастаянага самалюбавання, ён губляе блізкіх і прыходзіць да хваробы і смерці.
Словы дзіцяці мяне вельмі ўразілі. Маці хлопчыка растлумачыла, што ён займаецца ў тэатральнай школе. Гэта спрыяе разуменню жыцця.
Мяне ж дзейства навяло на думкі пра звычайнасць і выбітнасць. Здаецца, ў XXI стагоддзі лягчэй быць самім сабой. Сучасны Коўрын не бянтэжыўся б ад таго, што перыядычна сустракаецца з манахам у сваёй галаве. Па сутнасці ў кожнага ёсць нешта вар’яцкае. Здаецца для шчасця важна прыняць сябе такім як есць з манахамі і тараканамі, тады знойдзецца і той адзіны для якога твая асаблівасць стане характэрным шармам. А свет ? Ну што ж — кожнаму да спадобы не прыйдзешся. А яшчэ постмадэрнізм XX стагоддзя вылучыў столькі незвычайных асобаў, што Коўрына з яго Манахам у галаве ніхто б і не заўважыў.
Вось такі час для разважанняў — унікальнасць і рэдкасць у мітуслівым жыцці шчодра нам дорыць таленавіты Тэатр. Разумнаму чалавеку жыццёва неабходна як мага часцей прыходзіць сюды, каб быць годнай асобай, а не «тванню дрыжачай».
Разважанні мае на гэту тэму скончылася пры выхадзе з тэатра. Віцебская рэчаіснасць сустрэла мяне халодным ліўнем, але настрой і жаданне рабіць добрыя рэчы для добрых людзей акрэпла.
За фота шчыра ўдзячна Тэатру «Лялька».
Зараз Тэатр «Лялька» запрашае далучыцца да добрага і вечнага ў кастрычніку.